Лазерная зброя цяпер на БТРах. Адзін стрэл — мінус адзін дрон

Армія ЗША правяла паспяховыя выпрабаванні высокадакладнай лазернай супрацьдронавай зброі на платформе бронетранспарцёра Stryker. Машыны гэтай мадэлі актыўна выкарыстоўваюцца ў вайне ва Украіне.

17.10.2024 / 19:43

Амерыканскі бронетранспарцёр Stryker, мадыфікаваны новай лазернай супрацьдронавай сістэмай C-UAS. Фота: Leonardo DRS / BlueHalo

Амерыканскія ваенна-прамысловыя кампаніі Leonardo DRS і BlueHalo за восем месяцаў стварылі шматузроўневы супрацьдронавы комплекс C-UAS. У яго склад уваходзяць кіраваны баявы модуль з аўтаматычнай гарматай XM914 і высокадакладныя ракеты APKWS II.

Некінетычная частка сістэмы прадстаўленая эксперыментальнай лазернай гарматай Locust. Яна мае высокую дакладнасць і ўзмоцненую ўдарную магутнасць у 26 кВт. Адна гармата Locust каштуе 10 мільёнаў даляраў (33 мільёны беларускіх рублёў), але кошт аднаго яе стрэлу, які гарантавана знішчае і пашкоджвае беспілотнікі розных памераў і тыпаў, складае ўсяго 3 даляры, перадае выданне Interesting Engineering.

Уся сістэма C-UAS разам з гарматай Locust здольная адсочваць і паражаць любыя БПЛА вагой да 600 кілаграм з дапамогай радара, а таксама падаўляць малыя квадракоптары дзякуючы сродкам радыёэлектроннай барацьбы.

Падчас дэманстрацыі ў мінулым месяцы на палігоне ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка адзін БТР Stryker, мадыфікаваны комплексам C-UAS, паспяхова знішчыў усе беспілотнікі, адначасова ведучы бой з цэлямі на зямлі, адзначае кампанія-распрацоўшчык Leonardo DRS.

Машына, нягледзячы на мадыфікацыю, не страціла здольнасць перавозіць дэсант да 9 чалавек.

Міністр абароны Брытаніі не выключае перадачы Кіеву лазернай зброі

У Аўстраліі прадставілі самую моцную ў свеце партатыўную лазерную зброю супраць дронаў

Дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў бачаць па начах незразумелыя зялёныя прамяні. Што гэта такое?

Nashaniva.com