Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі
Тэлеграм-канал «Белорусскій сіловік» узнік у сакавіку 2022 года, калі расіяне штурмавалі Кіеў. Дзякуючы калабарацыям з такімі ж расійскімі Z-каналамі і распальванню ваеннай істэрыі, ён узляцеў да 352 тысяч падпісчыкаў. «Наша Ніва» пайшла па слядах, пакінутых яго стваральнікам у інтэрнэце.
22.10.2024 / 20:52
Эфектыўнасць даказваецца колькасцю падпісчыкаў, паказаў і рэпостаў. І не заўсёды заказчыкі сочаць за тым, каму гэтыя паказы. Так каналы беларускага тэлебачання, у самой Беларусі непапулярныя, дрэйфавалі ў ютубе ў кірунку «рускамірнай» аўдыторыі. Доля праглядаў з Беларусі ў некаторых з іх менш за дзясятую частку, да беларусаў яны не даходзяць, але абсалютныя лічбы замілоўваюць іх кіраўніцтва.
Прыкладна тое самае адбылося ў тэлеграм-сегменце. «Белорусскій сіловік» адзін з самых радыкальных і, за кошт той самай Z-аўдыторыі, самых вялікіх.
«Сіловік» і падобныя да яго каналы выконваюць і яшчэ адну функцыю, якая можа мець цяжкія палітычныя і маральныя наступствы для нашай дзяржавы, а можа быць і ўсяго чалавецтва: як і іншыя падобныя каналы, ён паслядоўна працуе на радыкалізацыю сілавікоў, на сціранне адрозненняў у іх светапоглядзе ад расіян. Галоўная ідэя простая: Расія павінна заваяваць свет, для гэтага найперш Украіна мае быць захопленая, і няважна, колькі крыві давядзецца дзеля гэтага праліць. У гэтай карціне свету няма месца не толькі кампрамісам, дэмакратыі, дыялогу, але і гуманізму і законнасці як такім. Іх аўтары — носьбіты гэтай тыпова фашысцкай, таталітарнай, хай даруе чытач гэтае зацёртае слова, ідэалогіі. Культ сілы, культ улады, зброі і крыві — і нічога больш. Беларусі са сваімі асобнымі інтарэсамі ў гэтай карціне свету проста няма месца.
Менавіта таму нас цікавіла, хто ж робіць гэты канал.
Наш вывад: ён вырас у кабінеце ГУБАЗіКа.
«Аб'яднаны саюз рэвалюцыі»
Канал з ID, якое цяпер мае «Беларускі сілавік» (-1396864349), быў створаны ў лістападзе 2020 года. І называўся ён «Аб'яднаны саюз рэвалюцыі» (@shpsr2). Так, канал аб'ядноўваў вакол сябе сетку каналаў, якія заклікалі да самых рашучых дзеянняў ды збіралі пад гэта грошы.
Публікацыя з канала «Аб'яднаны саюз рэвалюцыі», які мае той жа ідэнтыфікатар, што і «Беларускі сілавік»
Канал быў створаны адразу пасля затрымання адміністратара першапачатковага канала «Аб'яднаны саюз рэвалюцыі» (меў юзернейм @shpsr1) ды канала «Легіён», якое адбылося 23 лістапада. Праўда, пражыў новаствораны канал нядоўга, усяго 3 дні, і зноўку быў захоплены ГУБАЗам.
Трэцяя копія канала «Аб'яднанага саюза рэвалюцыі», створаная 26 лістапада 2020 года, працуе і дагэтуль і выглядае праектам рэальнага чалавека. Мае 100 падпісчыкаў.
Заява ў канале АСР, які быў створаны ў дзень выдалення канала @shpsr2
У той момант з'яўлялася шмат мутных каналаў, якія заклікалі да радыкальных дзеянняў, самыя вядомыя з якіх — АГСБ, «Легіён», Кіроўцы 97. У каналах звычайна збіраліся грошы «на патрэбы рэвалюцыі» (якія знікалі адразу пасля затрымання адміністратараў) і публікаваліся відэа з радыкальных акцый у розных кутках Беларусі, за якія некаторыя каналы абяцалі грошы. Адміністратары піярылі сябе рознымі метадамі, некаторыя нават куплялі сабе падпісчыкаў-ботаў для «саліднасці».
Некаторыя з такіх каналаў стваралі лукашэнкаўскія спецслужбы — для дыскрэдытацыі пратэстаў радыкальнымі ідэямі і для выяўлення носьбітаў такіх ідэй. Але не ўсе. Часам іх стваралі і самі радыкальна настроеныя беларусы.
І ў першым, і ў другім выпадках сканчалася аднолькава нявесела для датычных: у каналы ўкараняліся спецслужбісты ды затрымлівалі тых, каго маглі здэананімізаваць сярод адміністратараў, і тых, хто быў актыўны ў чатах. «Рэвалюцыйныя» грошы, падобна, забіралі сабе сілавікі, калі маглі да іх дацягнуцца. Значную частку такіх каналаў зачысцілі з верасня да снежня 2020 года.
Лога «Аб'яднанага саюза рэвалюцыі». Скрыншот з tgstat
Аснову актыву каналаў такога кшталту складалі не надта абазнаныя ў бяспецы, але злыя на дзеянні лукашыстаў людзі, многія з іх прайшлі збіццё і здзекі ў РУУСах, аўтазаках і на Акрэсціна. Многія з іх пасля атрымалі вялізарныя тэрміны зняволення, як, напрыклад, удзельнікі справы АГСБ.
«Пратэсны электарат»
Праз два тыдні пасля затрымання адміністратара, 7 снежня, канал перайменаваўся ў «Пратэсны электарат». Акурат тады спецслужбы пачалі выкарыстоўваць захопленыя тэлеграм-каналы пад патрэбы прапаганды.
Спачатку «Электарат» быў нечым кшталту зліўнога бачка ГУБАЗіКа — туды выкладалі асабістыя паведамленні і фота людзей, рэпрэсаваных рэжымам Лукашэнкі, а таксама іх асабістыя звесткі. Выкладаліся і асабістыя звесткі праціўнікаў рэжыму за мяжой.
Падпісчыкаў туды, падобна, спачатку накруцілі — з пары соцень іх колькасць за пару дзён вырасла больш чым да 10 000 чалавек, а пасля арганічна падала да калянулявога значэння. У выніку канал здзьмуўся за пару месяцаў да 1500 падпісчыкаў.
Статыстыка канала «Пратэсны электарат» — рэзкі ўзлёт да 10 тысяч з падзеннем да пары тысяч праз два месяцы. Скрыншот з сервіса tgstat.com
Канал зусім перастаў абнаўляцца 27 лютага 2022 года. А 14 сакавіка 2022-га з яго выдалілі ўсе публікацыі.
«Белорусскій сіловік»
Канал перайменаваўся ў «Белорусскій сіловік» акурат 14 сакавіка, пасля таго, як Telegram у другі раз заблакаваў сетку каналаў ГУБАЗіКа. У першай публікацыі ёсць прамая спасылка на ГУБАЗіК, а таксама пажаданне Дураву стаць самому «в покаятельное видео у дверей».
Першая публікацыя канала «Белорусскій сіловік»
Спачатку канал быў даволі тыповы для ГУБАЗаўскай сеткі: проста рэпосціў навіны з дзяржаўных медыя ды псеўдаінсайды ад ГУБАЗіКа. Але паступова, пад сярэдзіну 2023-га, аўтары намацалі залатую жылу. У атмасферы імперыялістычнай істэрыі ў Расіі Z-прапаганда ўперамежку з матэрыяламі ад беларускіх мюлераў давала найлепшы прырост праглядаў.
Статыстыка канала «Белорусскій сіловік». Скрыншот з сэрвісу tgstat.com
Цяпер гэта лічбава найбуйнейшы канал беларускай прапаганды. Канал прэс-службы Лукашэнкі мае 224 тысяч падпісчыкаў, а «Жоўтыя злівы» — 51 тысячу супраць 352 тысячаў у «Сіловіка». Але выглядае так, што абсалютная большасць падпісчыкаў «Белорусскага сілавіка» — не беларусы.
Дамоклаў меч
Імаверна, «Белорусскій сіловік» ад самага пачатку вёў супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко. Мы вырашылі пайсці пакрокава, аналізуючы тое, што пра сябе пісаў аўтар канала. Але напрыканцы знайшлі самы просты доказ.
Артур Гайко. Скрыншот з відэа АНТ
Пра сябе аўтар «Белорусского сіловіка» ўвесь час піша, што мае досвед працы аператыўнікам. І гэта адпавядае партрэту Гайко, бо пачынаў ён у інспекцыі па справах непаўналетніх, але неўзабаве перайшоў у аддзел крымінальнага вышуку Першамайскага РАУС Віцебска. Пасля служыў аператыўнікам ГУБАЗіКа.
Скрыншот з канала «Белорусскій сіловік»
У некалькіх публікацыях аўтар канала піша пра Віцебск і тое, што гэты горад яму блізкі. Гайко акурат з Віцебска.
Скрыншот з канала «Белорусскій сіловік»
У якасці рэкламнага кантакта ў сярэдзіне 2023 года ў «Беларускім сілавіку» быў указаны акаўнт @belarusian_reklama. Праз расійскія боты аналізу магчыма даведацца яго тэлефонны нумар.
Належыць ён жанчыне, якая мела праблемы з законам. Акаўнт відавочна быў захоплены сілавікамі — раней ён меў зусім іншае імя карыстальніка. Гэта нагадвае метады працы ГУБАЗіКа, які перыядычна захоплівае акаўнты актывістаў, пра што мы пісалі тут.
Але галоўны доказ — імя карыстальніка аўтара канала. Гайко ў якасці кантактнага акаўнта вырашыў указаць адзін са сваіх асабістых. Паглядзіце на гісторыю змянення імёнаў акаўнта:
Гісторыя імёнаў адміністратара «Белорусского сіловіка»
Чалавек, які сутыкаўся з Гайко ў перыяд, калі ён быў засланы ў «Чорную кнігу Беларусі», расказаў нам, што «Дамоклаў Меч» — гэта адзін з асноўных нікнэймаў Артура Гайко. Менавіта гэты акаўнт мог быць тым самым адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі». Пацвярджае гэта і расследаванне «Медыязоны».
Only One — яшчэ адзін з ягоных псеўданімаў, якія ён выкарыстоўвае і дагэтуль, пра што мы раней пісалі тут.
Выраз «Дамоклаў меч» часта выкарыстоўваўся ў канале «Пратэсны электарат». Бот канала «Пратэсны электарат» таксама называўся «Дамоклаў меч». А канал адным з першых раскрыў асабістыя звесткі людзей, датычных да «Чорнай кнігі Беларусі». З гэтага можна зрабіць выснову, што і да мінулага канала быў датычны Гайко.
Адна з першых публікацыяў канала «Пратэсны электарат», дзе ўзгадваецца «дамоклаў меч»
Заўважце таксама характэрную, пазнавальную стылістыку — не вельмі пісьменная руская мова, але з прэтэнзіямі на яркасць: «покаятельное видео» там, дзе пра Дурава, «с чистого лица» замест «з чыстага аркуша» тут.
Хутчэй за ўсё, Артур Гайко вядзе канал не адзін. Верагодна, яму дапамагаюць людзі з аддзела, які ён узначальвае. Мы ўжо пісалі пра яго меркаванага намесніка Івана Васілевіча, замяшанага ў катаваннях затрыманых.
Хто такі Артур Гайко?
Артур Гайко другі справа, побач з Ігарам Турам, на праўладным форуме блогераў у верасні 2024 года. Фота: БелТА
29-гадовы супрацоўнік ГУБАЗіКа стаў вядомы тым, што ўкараніўся ў «Чорную кнігу Беларусі» (праект выкладаў імёны і адрасы сілавікоў, чыноўнікаў і прапагандыстаў, замяшаных у рэпрэсіях) і дзевяць месяцаў быў яе адміністратарам.
Гэта было самае гучнае ўкараненне беларускага ГУБАЗіКа ў эмігранцкі асяродак. Поспех быў ацэнены — Гайко ўзнагародзілі, а пад яго асабіста стварылі ў ГУБАЗіК цэлы аддзел, які ён узначаліў.
У выніку той аперацыі шмат праціўнікаў дыктатуры, удзельнікаў руху за свабодныя выбары апынуліся за кратамі.
У бытавым плане ў Гайко ўсё звычайна — мае жонку і дзіця, жыў, па апошніх звестках, у мінскім спальным мікрараёне Малінаўка. У 2019 годзе ездзіў адпачываць ва Украіну. Цяпер жа «Белорусскій сіловік» радуецца кожны раз, калі расійская ракета ці дрон падае на ўкраінскі дом.
Калі вам важная праца, якую робяць журналісты «Нашай Нівы», падтрымайце нас данатам праз «Патрэон».
{POLL#1250}
ГУБАЗіК збіраецца маніторыць акцыі на Дзень Волі ў Беларусі і за мяжой. Адказны — сумнавядомы Гайко
Губазікавец дзевяць месяцаў быў у камандзе Чорнай кнігі Беларусі. І ўрэшце ўзначаліў яе