Заходнія чыноўнікі адказалі, што будзе з Беларуссю ў выпадку заключэння міру паміж Украінай і Расіяй

Журналіст выдання «Люстэрка» быў на сустрэчы міністраў абароны НАТА ў Брусэлі, куды прыехаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з «планам перамогі», і ў кулуарах форуму распытаў некаторых высокапастаўленых заходніх ваенных чыноўнікаў, ці стаіць у іх пры абмеркаванні перспектыў расійска-ўкраінскага замірэння на парадку дня Беларусь.

19.10.2024 / 15:59

Сустрэча міністраў абароны краін НАТА. Брусэль, Бельгія, 17 кастрычніка 2024 года. Фота: прэс-служба НАТА

Супрацоўніца амерыканскага Мінабароны імавернасць падпісання мірнай дамовы назвала «гіпатэтычным сцэнарам, які мае патрэбу ў прапрацоўцы». Асноўны фокус увагі Злучаных Штатаў, па яе словах, у гэты момант засяроджаны на падтрымцы Украіны.

«Цяпер наша ўвага засяроджаная на тым, каб пераканацца, што Украіна можа быць паспяховай як на полі бою, так і за сталом перамоваў, калі справа дойдзе да гэтага», — дадала чыноўніца.

Яна не стала канкрэтызаваць верагодныя сцэнары развіцця адносін ЗША з Беларуссю ў выпадку заканчэння канфлікту ва Украіне.

«Я не магу прадказаць будучыню, — сказала яна. — Проста цяпер гэта не тое, на чым мы сканцэнтраваныя. Мы сканцэнтраваныя на Украіне. Калі наступіць трывалы мір і вайна завершыцца, то настане момант, калі развіццё адносін з Беларуссю будзе тым, над чым нам давядзецца працаваць. Але на гэты момант мы пра гэта не думаем».

Высокапастаўлены чыноўнік НАТА ў размове з «Люстэркам» таксама падкрэсліў, што ў Альянсе лічаць нізкай верагоднасць заключэння міру паміж Расіяй і Украінай у найбліжэйшы час. Лукашэнку ён параіў задумацца пра наступствы падтрымкі Пуціна:

«Мы ведаем, што Беларусь наўрад ці будзе непасрэдна ўдзельнічаць у гэтым канфлікце, але Лукашэнка працягне казаць тое, што яму трэба, і рабіць тое, што патрабуецца для захавання падтрымкі Масквы. Аднак Лукашэнка павінен разумець увесь цяжар санкцый і іншых захадаў, якія саюзнікі ўжываюць да Расіі, і ўсведамляць, што ўсё гэта будзе аднолькава ўжытае да Беларусі, калі яна наважыцца ўдзельнічаць у канфлікце і накіраваць свае войскі для правядзення наступальных аперацый».

Зяленскі азнаёміў еўрапейскіх лідараў з «Планам перамогі»

Прэзідэнт Літвы назваў галоўную праблему плана Зяленскага

Рутэ: Украіна будзе сябрам НАТА

Зяленскі павёз у Брусэль «план перамогі»

Nashaniva.com