Ці зможа ўтрымацца Літва? У ЗША спрагназавалі ход ваенных дзеянняў у першыя 10 дзён пасля ўварвання Расіі ў Еўропу

Паводле сцэнара, Расія ў 2027 годзе атакуе краіны Балтыі з некалькіх флангаў, у тым ліку з Беларусі і Калінінграда. Асноўны ўдар прымуць нямецкія сілы ў рэгіёне. Якія прагнозы наконт выніку канфлікту?

19.10.2024 / 21:29

Фота з мерапрыемства па сімуляцыі «найгоршага сцэнара» расійскага ўварвання ў Еўропу. Мадэляванне ладзілася Цэнтрам ваенных дзеянняў новага пакалення ЗША (Center on New Generation Warfare). Фота: Bild

Ваенная гульня, якая апісвае «найгоршы сцэнар» магчымага нападу Расіі на ўсходні фланг НАТА ў 2027 годзе, была арганізаваная Цэнтрам ваенных дзеянняў новага пакалення ЗША (Center on New Generation Warfare). У гэтай камп’ютарнай ваеннай «гульні» аналізавалася рэакцыя НАТА на гіпатэтычнае наступленне Расіі, каб лепш зразумець магчымасці альянсу і выпрацаваць стратэгіі абароны краін Балтыі, піша выданне Bild.

Па сцэнары ваеннай гульні Расія спачатку ўрываецца ў Латвію і захоплівае яе за некалькі дзён, а потым на чацвёрты дзень з яе тэрыторыі нападае на Літву — адначасова з поўначы з Латвіі, з усходу — з Беларусі і з захаду, з Калінінграда, спрабуючы захапіць Вільню і адрэзаць Літву ад Польшчы шляхам захопу Сувалкскага калідора.

У найгоршым сцэнары НАТА прымае рашэнне пра актывізацыю 5-га артыкула аб калектыўнай абароне толькі на 10-ы дзень расійскага ўварвання. Да гэтага моманту арміям краін Балтыі істотную дапамогу можа аказаць толькі дыслакаваны ў Літве кантынгент узброеных сіл Германіі, перадае Bild.

На гэты момант каля 800 нямецкіх салдат служаць у Літве ў складзе «баявой групы eFP» НАТА. Яны аснашчаныя значнай колькасцю транспартных сродкаў і сістэм узбраення, уключаючы некалькі танкаў Leopard 2. Да канца 2027 года колькасць нямецкага кантынгенту павінна павялічыцца да цэлай брыгады (4800 салдат і 200 грамадзянскіх супрацоўнікаў) і 44 танкаў Leopard 2.

Паводле сцэнара, нямецкі танкавы батальён да канца чацвёртага дня вайны дыслакуецца ў цэнтральнай Літве ў якасці рэзерву.

На пяты дзень баявых дзеянняў 44 нямецкія танкі Leopard 2 разам з пяхотай робяць кідок на поўнач краіны, хутка выходзяць за межы Літвы і на сёмы дзень вайны заходзяць у фланг асноўным расійскім сілам, якія наступаюць з Латвіі.

«З 7-га па 10-ы дзень вайны нямецкія сілы разбіваюць колькасна перавышаючую расійскую армію і ненадоўга спыняюць яе наступленне з Латвіі. Па сканчэнні дзясятага дня агульныя страты літоўскай арміі ў змадэляванай вайне склалі б 17 танкаў, 145 бронемашын і 3650 салдат. Страты Расіі, паводле сімуляцыі, аказаліся б значна вышэйшымі: 411 танкаў, 1019 бронемашын і 11420 адзінак жывой сілы.

Тым не менш, Літва была б спустошаная і часткова акупаваная Расіяй», — паведамляе амерыканскі Цэнтр ваенных дзеянняў новага пакалення.

Арганізатары сімуляцыі падкрэсліваюць, што падобнага развіцця падзей можна было б пазбегнуць, калі б Захад рэагаваў хутчэй, абаронны бюджэт кожнага чальца НАТА быў б павялічаны да 4% ВУП, а ў краінах Балтыі было б разгорнута больш сіл альянсу.

Сітуацыя ў Літве падчас гіпатэтычнага расійскага ўварвання з некалькіх франтоў на чацвёрты дзень сімуляцыі (жоўтым пазначаны нямецкі танкавы батальён). Фота: Bild

Сітуацыя ў Літве падчас гіпатэтычнага расійскага ўварвання з некалькіх франтоў на сёмы дзень сімуляцыі (жоўтым пазначаны нямецкі танкавы батальён). Фота: Bild

Сітуацыя ў Літве падчас гіпатэтычнага расійскага ўварвання з некалькіх франтоў на дзясяты дзень сімуляцыі (жоўтым пазначаны нямецкі танкавы батальён). Фота: Bild

«Перад вайной Харыс заявіла Зяленскаму, што на Кіеў пойдуць 40 тысяч расійскіх салдат з Беларусі»

Старшыня Генштаба Вялікабрытаніі заявіў, што ёсць толькі тры гады, каб падрыхтавацца да вайны з альянсам дыктатур

НАТА чакае нападу Расіі праз Беларусь ужо ў пачатку 2025 — Bild

Nashaniva.com