Маск пайшоў з козыраў: кожны дзень да выбараў будзе разыгрываць мільён даляраў

Ілан Маск паабяцаў разыгрываць па адным мільёне даляраў кожны дзень да прэзідэнцкіх выбараў сярод выбаршчыкаў у Пенсільваніі, якія падпішуць яго петыцыю ў абарону першай і другой паправак да Канстытуцыі ЗША. Пра гэта ён заявіў на перадвыбарным мерапрыемстве ў штаце Пенсільванія ў падтрымку рэспубліканца Дональда Трампа. 

20.10.2024 / 14:50

Выява: elonmusk / Х

Петыцыя апублікавана на сайце заснаванага Маскам камітэта America PAC, які займаецца падтрымкай Трампа.

У ёй выбаршчыкам прапануецца падтрымаць першую і другую папраўкі да амерыканскай Канстытуцыі — у падтрымку пунктаў, якія тычацца свабоды слова і права на нашэнне зброі. 

«Адна з праблем, з якой мы сутыкаемся, палягае ў тым, як нам данесці да людзей інфармацыю аб гэтай петыцыі? Бо традыцыйныя СМІ не жадаюць паведамляць пра гэта. Вы ведаеце, не ўсе падпісаны на [мяне ў сацсетцы] X. І я падумаў, як нам данесці да людзей інфармацыю аб гэтым? Думаю, гэтая навіна выкліча сапраўдны ажыятаж», — сказаў Маск.

Пасля гэтага мільярдэр абраў з залы аднаго з гледачоў і ўручыў яму чэк на мільён даляраў, паведамляе The Hill. 

The Hill адзначае, што раней Маск паабяцаў выдзяляць выбаршчыкам у «вагальных» штатах па 47 даляраў за падпісанне петыцыі. Для жыхароў Пенсільваніі ён павялічыў гэтую суму да 100 даляраў.

Паводле The New York Times, федэральны закон кваліфікуе як злачынства плату за ўдзел у галасаванні ці рэгістрацыю для ўдзелу ў галасаванні. Аднак плаціць выбаршчыкам за падпісанне петыцыі не лічыцца парушэннем закону ў ЗША. Акрамя таго, тыя, хто падпіша петыцыю, могуць стаць мэтай America PAC для агітацыі за Трампа.

Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 5 лістапада. Пенсільванія — адзін з найважнейшых штатаў для Дональда Трампа і яго саперніцы ад Дэмакратычнай партыі Камалы Харыс у прэзідэнцкай гонцы, піша «Медуза». 

Nashaniva.com