«Часам вы бачыце ў небе нейкія аб'екты». Прапаганда спрабуе апраўдацца, чаму нічога не піша пра «шахеды»

У Гомелі ў рамках «Марафона адзінства» перад гараджанамі выступалі ў тым ліку прапагандысты. Супрацоўнік пула Ігар Тур завёў размову пра беспілотнікі, якія апошнім часам залятаюць у Беларусь.

20.10.2024 / 17:28

Ігар Тур. Фота: Tochka.by

«Часам вы бачыце ў небе нейкія аб'екты. А потым адкрываеце дзяржСМІ і нічога пра гэтую тэму не бачыце», — цытуе Тура Tochka.by.

Далей прапагандыст паўтарыў тэзісы Лукашэнкі: што ёсць дамоўленасць публічна не паведамляць, што менавіта з беспілотнікаў залятае і з якога боку мяжы.

«Вельмі шмат працэсаў праходзіць ўтоена і закрыта — для таго, каб нам было лепш», — супакоўваў людзей супрацоўнік пула.

Нагадаем, гэтай ноччу ў Беларусь заляталі тры «шахеды». Адзін быў збіты над Ельскім раёнам, паведамляў «Беларускі Гаюн». У пачатку кастрычніка расійскі дрон узарваўся ў Калінкавічах. Жанчыну, з дома якой гэта падзенне было знята на відэа, затрымалі.

Лукашэнка патлумачыў, чаму ў Беларусі маўчаць, што праз яе туды-сюды лётаюць расійскія шахеды

Nashaniva.com