Прэзідэнт Сербіі ўпершыню з 2022 года пагаварыў з Пуціным

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч сёння пагаварыў з Уладзімірам Пуціным. Падставай для размовы стала 80-годдзе з Дня вызвалення Бялграда.

20.10.2024 / 18:54

Аляксандр Вучыч (злева) з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Архіўнае фота: Mikhail Klimentyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Пра гэта Вучыч расказаў у сябе ў інстаграме. 

«Я толькі што скончыў размову з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным. Амаль два з паловай года мы не размаўлялі. У нас была добрая, адкрытая, доўгая і змястоўная размова», — сказаў Вучыч у відэа.

Паводле слоў Вучыча, яны абмяняліся з Пуціным думкамі па ўсіх важных двухбаковых пытаннях, у тым ліку эканамічных. Так, напрыклад, Вучыч падзякаваў Пуціну, што ён гэтай зімой забяспечыць Сербію дастатковай колькасцю газу.

Прэс-служба Крамля таксама пракаментавала размову. Паводле паведамлення Крамля, прэзідэнты абмеркавалі сітуацыю вакол Украіны, а Пуцін даў ацэнку ходу «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

«З абодвух бакоў выказана задавальненне ўзроўнем двухбаковых адносін, якія грунтуюцца на духоўнай, культурнай і гістарычнай супольнасці, адзінстве ацэнак мінулага і сучаснасці», — гаворыцца ў паведамленні Крамля.

Апошняя тэлефонная размова Вучыча з Пуціным была 29 мая 2022 года. Сустракаліся яны ў лістападзе 2021 года. 

Сербскі прэзідэнт падчас матча са Швейцарыяй разгарнуў аб'яднаны сцяг Сербіі і Расіі

Прэзідэнт Сербіі прарочыць Украіне карэйскі сцэнарый

Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Сербіі Вучычам

Сярод краін, якія падтрымліваюць Украіну зброяй, ёсць і Сербія. Але не напрамую

Nashaniva.com