Вучоныя б'юць трывогу — антыбіётыкі перастаюць дзейнічаць
Адкрыццё пеніцыліну ў мінулым стагоддзі прывяло да рэзкага росту працягласці жыцця. Але цяпер чалавецтва рызыкуе прайграць барацьбу з бактэрыямі.
21.10.2024 / 16:58
Фота: AndreasReh / Getty Images
На самую вялікую за апошнія дзесяцігоддзі медыцынскую пагрозу звяртае ўвагу нямецкае выданне Bild. Яно цытуе словы прэзідэнта Таварыства інфекцыйнай тэрапіі імя Паўля Эрліха, Матыяса Плетца, які заявіў: «Мы знаходзімся на мяжы страты дасягненняў сучаснай медыцыны і вяртаемся ў эпоху да адкрыцця пеніцыліну».
Нядаўняе даследаванне вучоных Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сіэтле (ЗША) паказала, што да 2050 года ад інфекцый, выкліканых устойлівымі да антыбіётыкаў мікробамі, могуць памерці больш за 39 млн чалавек па ўсім свеце.
Як тлумачаць спецыялісты, асноўных прычын некалькі.
Па-першае, гэта празмернае прызначэнне антыбіётыкаў, асабліва ў амбулаторнай практыцы.
Напрыклад, амаль пры ўсіх інфекцыях дыхальных шляхоў, якія, як правіла, выклікаюцца вірусамі, супраць якіх антыбіётыкі неэфектыўныя. Асабліва часта залішнюю колькасць лекаў атрымліваюць дзеці з прастудай. Таксама антыбіётыкі занадта лёгка прызначаюць пры інфекцыях мочавыводзячых шляхоў, такіх як цыстыт, хоць у большасці выпадкаў гэта не патрабуецца.
Другім фактарам з'яўляецца рост колькасці міжнародных паездак пасля пандэміі, што спрыяе пераносу мноства рэзістэнтных бактэрый.
Асабліва высокія ўзроўні ўстойлівасці назіраюцца ў такіх краінах, як Грэцыя, Партугалія, Турцыя, а таксама Індыя і іншыя краіны Азіі.
Пагаршае крызіс недахоп антыбіётыкаў. З 2017 года было адобрана ўсяго 12 новых прэпаратаў.
Як патлумачылі выданню спецыялісты, якія займаюцца даследаваннямі і распрацоўкай антыбіётыкаў у Германіі, шлях ад адкрыцця новага рэчыва да яго прымянення доўгі і дарагі. Да стадыі камерцыйнага выкарыстання даходзіць толькі адно з прыкладна 5000 рэчываў. Увесь працэс распрацоўкі займае ад 8 да 15 гадоў, а кошт складае ад 100 мільёнаў да 2 мільярдаў еўра.
З-за таго, што даходы ад інвестыцый у антыбіётыкі значна ніжэйшыя, чым ад іншых медыкаментаў, прамысловасць усё часцей адмаўляецца ад праграм іх даследаванняў і распрацоўкі.
Вучоныя адзначаюць, што цяпер у Еўропе не вырабляецца ніводнага новага прэпарата, усё паступае з Індыі ці Кітая. Каб цалкам не страціць пазіцый ў гэтай галіне, патрэбна палітычная воля і сур'ёзныя інвестыцыі ў даследаванні і вытворчасць.
Патэнцыял у гэтым напрамку ў нямецкіх вучоных ёсць. Толькі ў лабараторыях Лейбніц-Інстытута DSMZ (Нямецкая калекцыя мікраарганізмаў і клетачных культур) у Браўншвайгу выявілі за апошні час больш за 30 новых штамаў стрэптаміцэтаў — групы бактэрый, якія здольныя выпрацоўваць антыбіётыкі. Гэтыя новыя штамы могуць стаць крыніцай новых антыбіётыкаў, што асабліва важна ў святле росту ўстойлівасці бактэрый да існуючых лекаў.
Як адзначаюць у сваім даследаванні амерыканскія вучоныя, каб іх сумны прагноз не стаў рэальнасцю, неабходна тэрмінова распрацаваць новыя стратэгіі для зніжэння рызыкі цяжкіх інфекцый. Яны павінны ўключаць стварэнне вакцын, распрацоўку новых лекаў, паляпшэнне сістэмы аховы здароўя, пашырэнне доступу да ўжо існуючых антыбіётыкаў, а таксама рэкамендацыі па іх найбольш эфектыўным выкарыстанні.
Антыбіётыкі дапамагаюць абысціся без аперацыі па выдаленні апендыцыту — вучоныя
Звышмагутны антыбіётык дапаможа адолець супербактэрыі
Вучоныя стварылі нанаматэрыял, які забівае больш за 99% бактэрый