Праваслаўны прыход у Слоніме пакараюць за незаконна перамаляваны храм XVII стагоддзя
Новы ярка-зялёны колер Свята-Троіцкай царквы, у які яе памалявалі ў жніўні гэтага года, не спадабаўся нават чыноўнікам. З залатымі цыбулінамі, відаць, таксама давядзецца развітацца.
22.10.2024 / 17:49
Троіцкая царква ў Слоніме пафарбаваная ў ярка-зялёны колер. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Адказ Слонімскага райвыканкама наконт законнасці работ на помніку архітэктуры апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына».
Чыноўнікі паведамляюць, што супраць прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы ў Слоніме распачаты разгляд адміністрацый справы за парушэнне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Перамалёўка Троіцкай царквы ў ярка-зялёны колер у жніўні 2024 года. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Нагадаем, што ўлетку Свята-Троіцкая царква, пабудаваная як касцёл пры кляштары бернардзінцаў у сярэдзіне XVII стагоддзя, нечакана была перамаляваная ў ярка-зялёны колер, якога, як адзначаюць спецыялісты, гістарычна не магло быць на помніку рэнесансу праз адсутнасць устойлівых пігментаў.
Гісторыя незаконных перабудоў гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці цягнецца ўжо амаль дзесяцігоддзе. У 2015 годзе святар самавольна зняў купалы, пастаўленыя за некалькі гадоў таму па праекце рэстаўратараў, і замяніў іх на велізарныя цыбуліны з залацістага нітрыду тытану. Тады прыход ужо быў прыцягнуты да адказнасці за парушэнні закону.
Замена купала царквы на велізарную цыбуліну. 2015 год. Фота: Gs.by
Але цыбуліны дагэтуль застаюцца на храме, скажаючы яго аўтэнтычны выгляд. Як адзначаецца ў адказе райвыканкама, яшчэ ў 2020 годзе навуковым кіраўніком на аб'екце была вызначана Наталля Голасава з праектнага філіяла «Белрэстаўрацыі», якая мусіла правесці навукова-даследчыя работы і ўзгадніць замену купалоў з Міністэрствам культуры. Але работа была прыпынена з-за адсутнасці ў прыходзе фінансавых сродкаў.
Пасля выяўленага цяпер чарговага парушэння на помніку архітэктуры работы па распрацоўцы і ўзгадненні навукова абгрунтаваных купалаў будуць працягнуты, запэўніваюць чыноўнікі. Ёсць шанец, што ў хуткім часе рэнесансны храм перастане быць адным з найгоршых прыкладаў царкоўнай антырэстаўрацыі ў краіне.
У Слоніме рэнесансны храм XVII стагоддзя пафарбавалі ў ярка-зялёны колер
У Жыровіцкім манастыры разабралі іканастас, з якога раней выкінулі беларускія абразы
Вакол царквы-крэпасці ў Мураванцы спілавалі ўсе старыя дрэвы — сумныя ФОТЫ