Пуціну эксклюзіўна паказалі прататып валюты БРІКС, «якая абрыне даляр». Мы адшукалі арыгінал банкноты, ёсць дзіўнасці са сцягам Беларусі 

На саміце БРІКС у Казані Уладзіміру Пуціну ўручылі прататып новай адзінай валюты арганізацыі, якая ў будучыні нібыта павінна стаць «альтэрнатывай даляру». «Наша Ніва» знайшла арыгінал гэтай купюры, і да яе дызайну шмат пытанняў.

24.10.2024 / 09:58

Уладзімір Пуцін трымае ў руках эксклюзіўны прататып адзінай валюты БРІКС, якая ў будучыні нібыта павінна абрынуць і замяніць даляр. Фота: brics-russia2024.ru, armregistr.ru. Калаж: «Наша Ніва»

Трохі кантэксту: яшчэ да саміту Пуцін станоўча выказваўся пра магчымасць стварэння агульнай валюты БРІКС і новай сістэмы міжнародных разлікаў, альтэрнатыўнай SWIFT, «дзеля эфектыўнай барацьбы з далярам і лепшага пазбягання фінансавых абмежаванняў з боку Захаду».

А ўчора на саміце Пуцін адзначыў, што Расія «вымушана шукаць альтэрнатыву даляру, бо сам Захад абмяжоўвае яго выкарыстанне для Масквы».

Прататып купюры БРІКС у руках Пуціна. Той яе разглядае, абмяркоўвае з чыноўнікамі і паказвае індыйскаму прэм'еру Нарэндру Модзі (выява ў цэнтры). Фоты: brics-russia2024.ru

Каментуючы падзею, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што паказаная купюра «сімвалізуе агульную працу, якая вядзецца ў рамках БРІКС», але пры гэтым дадаў, што банкнота не спадабалася старшыні Цэнтрабанка Расіі Эльвіры Набіулінай.

Набліжаныя да крамлёўскага пула журналісты падзяліліся нібыта дакладнымі выявамі банкноты. 

Адразу кідаецца ў вочы, што на адным з бакоў купюры (другая выява) чамусьці адлюстраваны дзяржаўны сцяг Беларусі і сцягі некаторых іншых краін, якія афіцыйна не з'яўляюцца членамі БРІКС, а толькі кандыдатамі на ўступленне.

Апроч дзіўнага дызайну банкноты, можна заўважыць, што з усіх сцягоў толькі беларускі, бангладэшскі і афганскі адлюстраваныя няправільна.

Зваротны бок купюры БРІКС (намінал 100)

Пярэдні бок банкноты таксама не адстае ад зваротнага па ўзроўні выканання. На сцягі асноўных членаў БРІКС непрапарцыйна нагрувасцілі архітэктурныя будынкі і элементы.

У цэнтральным коле, які ствараюць сабой сцягі, напісаныя назвы ўсіх пералічаных краін, акрамя Кітая, бо, як становіцца бачна, іерогліфы проста не ўлезлі туды з-за высокага цмока.

Пярэдні бок купюры БРІКС (намінал 100)

Але банкнота, якую трымае Пуцін, зусім не супадае з тымі фота, якія паказвае набліжаны на крамлёўскага пула тэлеграм-канал. На павялічаным здымку бачна, што Пуцін трымае купюру наміналам 50 умоўных адзінак (а не 100, як на фота з канала), а выява са сцягамі ў цэнтры банкноты мае яшчэ больш дзіўную форму.

Павялічаны здымак банкноты БРІКС наміналам 50 умоўных адзінак, якую трымае Пуцін на саміце ў Казані

Банкноту ў 100 умоўных адзінак прэзентавалі яшчэ ў верасні 2023 года. Надрукавала яе «Кіржацкая друкарня». На сайце прадпрыемства пішацца, што ўсяго такіх банкнот было створана тысяча і што ўпершыню адна з іх была прадэманстраваная расійскім паслом у Паўднёва-афрыканскай рэспубліцы (ПАР) на мінулым саміце БРІКС, на які Пуцін вырашыў не ехаць з-за рызыкі быць арыштаваным па ордары Міжнароднага крымінальнага суду за злачынствы ва Украіне.

Таксама згадваецца імя галоўнага дызайнера купюры (у тэксце яго называюць «прафесійным банкнотнікам», і «патомным мастаком») і даецца тлумачэнне ягонага мастацкага падыходу па стварэнні малюнкаў і выяваў на банкноце. Суправаджаецца гэта класічнай расійскай прапагандай шматпалярнага свету.

Скрыншоты афіцыйнага сайту ААТ «Кіржацкая друкарня», якая стварыла эскіз купюры БРІКС наміналам у 100 умоўных адзінак

«Аўтар дызайну купюры — Юрый Ермакоў — патомны мастак Дзяржзнака. Юрый Віктаравіч у свой час прымаў удзел у распрацоўцы больш чым 10 валют для розных краін, таму працу па стварэнні працоўнага эскізу купюры для аб'яднання краін БРІКС я даручыў выключна яму, бо ён прафесійны «банкнотнік». Ідэю і канцэпцыю ён уручную ператварыў у малюнак, даў нам эскіз, а астатняе зрабілі паліграфісты.

На пярэднім баку банкноты паказаны дзяржаўныя сцягі і найбольш вядомыя сімвалы Бразіліі, Расіі, Індыі, Кітая і Паўднёвай Афрыкі. На адваротным баку размешчаны сцягі і назвы іншых краін, якія падалі заяўкі на ўступленне ў БРІКС (Афганістан на момант 2023 года не падаваў заявы. — «НН»), што сімвалізуе ідэю раўнапраўя краін-удзельніц БРІКС.

Усе выявы на купюры створаны ўручную, без выкарыстання праграмнага забеспячэння. Малюнкі з'яўляюцца чарнавымі і могуць быць зменены па прапановах краін-удзельніц БРІКС, калі банкнота будзе ўведзена ў зварот», — пісаў у 2023-м на сайце друкарні яе ўладальнік Яўген Фёдараў.

Сімвалічная купюра БРІКС была выпушчана накладам у тысячу асобнікаў, а іх выраб каштаваў каля паўмільёна рублёў (17 тысяч беларускіх рублёў).

Яўген Фёдараў, кіраўнік ААТ «Кіржацкая друкарня» (злева), і Юрый Ермакоў (у цэнтры) — аўтар дызайну прататыпа банкноты БРІКС наміналам 100 умоўных адзінак. Фота: ААТ «Кіржацкая друкарня»

Тую ж сувенірную банкноту ў 50 умоўных адзінак, якую ўручылі Пуціну на саміце ў Казані, мы адшукалі ў каталогу на сайце асноўнага партнёра друкарні — Навукова-тэхнічнага цэнтра АРМ-Рэгістр — уладальнікам якога таксама з'яўляецца Яўген Фёдараў.

Адна такая банкнота каштуе 500 расійскіх рублёў (17 беларускіх рублёў) і даступная па перадзаказе.

Скрыншот афіцыйнага сайта навукова-тэхнічнага цэнтра АРМ-Рэгістр, у каталогу якога можна знайсці эскіз купюры БРІКС наміналам 50 умоўных адзінак

Пярэдні бок 50-кі амаль не адрозніваецца ад 100-кі (з тымі ж дызайнерскімі «фішкамі»), чаго нельга сказаць пра зваротны бок купюры, дзе сцягі адлюстраваныя ў яшчэ больш дзіўнай форме, быццам крутаверць ці варонка, якая засмоктвае ў сябе ўсе краіны-удзельніцы БРІКС.

Паводле апісання да выяваў, гэтая фігура «ўяўляе сабой шматпрамянёвую зорку, накладзеную на паліхромныя выявы сцягоў краін-удзельніц і кандыдатаў у члены БРІКС, ствараючы сімвалічную карціну, якая нагадвае галактыку, якая разлятаецца, што падкрэслівае ідэю раўнапраўнага ўдзелу краін у фармаванні шматпалярнага свету».

Пярэдні бок купюры БРІКС (намінал 50)

Зваротны бок купюры БРІКС (намінал 50). У адрозненне ад 100-кі, тут былі таксама дададзеныя сцягі асноўных членаў арганізацыі, уключаючы Расію і Кітай

Промах са сцягам Бангладэш на купюры наміналам 50 быў выпраўлены, а Афганістан увогуле прыбралі (хоць на момант верасня 2024 ён ужо падаў заяўку на статус кандыдата на ўступленне).

Аднак сітуацыя са сцягам Беларусі стала нават горшай. Улічваючы тое, што ўсе сцягі глядзяць у цэнтр, то ў беларускага сцяга зялёны колер апынаецца ўверсе, а чырвоны — унізе (арнамент пры гэтым застаецца на правільным месцы). Такім чынам сцяг Беларусі і сцяг ПАР, асноўнага члена БРІКС (сцяг рэспублікі намаляваны дагары нагамі ў адносінах да цэнтра купюры), з'яўляюцца адзінымі няправільна адлюстраванымі сярод усіх астатніх.

@nashaniva Што агульнага ў 70-гадовых Лукашэнкі і Эрдагана? #лукашенко #белорусы #минсксейчас #беларусьновости #брикс ♬ The Thing Is - Ty Simon

На саміце ў Казані Пуцін выступіў за яшчэ большае пашырэнне складу краін БРІКС і заявіў, што чальцамі арганізацыі нібыта хочуць стаць звыш 30 краін. Улічваючы тое, што на прататыпе купюры БРІКС для Пуціна ўжо адлюстравана краін 25, ці хопіць месца для астатніх на будучых банкнотах?

На прыёме ў Кадырава Пуцін зноў насіў навушнікі дагары нагамі. Чаму ён так робіць?

Аказваецца, Беларусь не давала тэрыторыі для нападу на Украіну. Лукашэнка сцвярджае, што гэта было нешта іншае

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Марк Рыхтэр