Сям'ю з Баранавіч судзяць за «здраду дзяржаве». Муж — з авіябазы, жонка — з завода, дзе рамантуюць самалёты
Уладзіслаў Кашчэеў працаваў на 61-й знішчальнай авіябазе, яго жонка Таццяна — на 558-м авіяцыйным рэмонтным заводзе. Дома іх чакае сын-школьнік.
25.10.2024 / 10:23
Уладзіслаў і Таццяна Кашчэевы. Фота са старонкі Таццяны ў Аднакласніках
Уладзіславу Кашчэеву 49 гадоў. Падобна, што паходзіць ён з сям'і вайскоўцаў, бо скончыў школу Паўднёвай групы войскаў. Такія стваралі для дзяцей савецкіх вайскоўцаў, якія служылі ў Венгрыі.
Уладзіслаў таксама вайсковец, працаваў у 61-й знішчальнай авіябазе, піша Вясна са спасылкай на BELPOL. У пачатку вайны тэрыторыі базы выкарыстоўвалі расійскія вайскоўцы.
Таццяне Кашчэевай 44 гады. Родам яна з Баранавічаў. Працавала на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе. Гэта прадпрыемства абслугоўвае і рамантуе авіяцыйную тэхніку, у тым ліку і пашкоджаную падчас вайны ва Украіне. Завод, як і яго дырэктар — пад санкцыямі ЕС і ЗША.
У Кашчэевых двое дзяцей: дачка, якой нядаўна споўнілася 18, і сын, які цяпер у сярэдняй школе. Мяркуючы па іх сацыяльных сетках, разам яны шмат падарожнічалі па Беларусі і замежжы.
Уладзімір і Таццяна Кашчэевы. Фота з Аднакласнікаў Таццяны
Падобна, што іх затрымалі мінулай восенню — менавіта тады яны перасталі быць актыўнымі ў сацсетак.
Суд над Уладзімірам і Таццянай пачаўся 24 кастрычніка ў Брэсцкім гарадскім судзе. Іх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 і ч. 2 арт. 356 КК). Сужэнцам пагражае да дваццаці пяці гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачанняў, як у большасці такіх спраў цяпер, невядомая, таму што нават адвакату забаронена расказваць пра гэта.
Судзіць пару Дзмітрый Карасінскі, колішні суддзя Столінскага раёна. Ён асудзіў ілюстратарку Наталлю Левую на шэсць гадоў калоніі, а таксама пасмяротна судзіў Аляксандра Кулініча, які памёр у калоніі.
Стаў вядомы прысуд за данаты менеджару фармацэўтычных кампаніяў Сяргею Шэлегу. Ён уражвае
Курсанту МУС пагражае да 25 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве» і «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне»