Палітуцекача выклікалі ў польскую пракуратуру па запыце Беларусі. Што адбываецца?

Беларус Дзмітрый Плескачоў жыве ў Польшчы чатыры гады, і днямі ён наведваў польскую пракуратуру. Мужчыну выклікалі туды па запыце Беларусі наконт экстрадыцыі, пры тым што абвінавачваюць яго па палітычных артыкулах. Чаму так адбылося?

25.10.2024 / 15:11

Каля пракуратуры ў Познані, 24 кастрычніка 2024 года. Справа налева: Марына Касінерава, Дзмітрый Плескачоў і Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях. Фота: dissidentby 

Акрамя ліста ад пракуратуры, Дзмітрый атрымаў паведамленне ад беларускага МУС з прапановай звярнуцца ў «камісію па вяртанні». Там названыя восем артыкулаў, у якіх абвінавачваюць мужчыну. Гэта распальванне варажнечы (арт.130 ч.1), масавыя беспарадкі (арт. 293 ч. 3), арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх (арт. 342 ч. 1), заклікі да санкцый (арт. 361), стварэнне экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 ч. 1), паклёп на Лукашэнку (арт. 367 ч. 1 і ч. 2), знявага Лукашэнкі (арт. 368), знявага прадстаўніка ўлады (арт. 369).

Кейс Плескачова пракаментавала «Нашай Ніве» праваабаронца Марына Касінерава, каардынатарка ініцыятывы dissidentby, якая займаецца гэтай сітуацыяй. Паводле яе словаў, гэтая гісторыя — першы публічны выпадак, калі да Польшчы звярнуліся з запытам экстрадзіраваць па палітычных справах беларусаў са статусам міжнароднай аховы:

«Дзмітрый мае статус дадатковай аховы і падаў усе неабходныя дакументы на этапе атрымання статусу. І калі польская дзяржава яго надае, значыць яна пацвярджае яго пераслед у Беларусі і небяспеку яго знаходжання там. 

Таму пытанне ўжо да Польшчы, як яны могуць і як будуць рабіць свае механізмы больш эфектыўнымі пры праверцы такіх запытаў з боку такіх дзяржаваў як Беларусь, якія могуць выкарыстоўваць гэтыя інструменты міжнароднай супрацы ў межах палітычнага ціску. Супраца [паміж дзяржавамі] на гэтым узроўні дазваляе выяўляць наркатрафік, гандаль людзьмі і іншыя злачынствы, але кожная краіна, у тым ліку Польшча, мусіць знайсці шлях, каб фільтраваць такія запыты».

Марына тлумачыць, што нават у Польшчы, дзе жыве багата беларускіх палітуцекачоў, не дасканала ведаюць, што адбываецца ў Беларусі.

Таму польская бюракратыя можа непаваротліва рэагаваць на спробы беларускай дзяржавы пераследваць беларусаў нават за межамі краіны і праз гэта ладзіць фармальныя праверкі запыту.

Праваабаронца кажа, што такія фармальнасці ў дачыненні да беларусаў, якія зазналі палітычны пераслед, могуць выглядаць даволі жорстка:

«У такіх гісторыях шмат непрыемных момантаў, адзін з якіх, напрыклад, манера працы мясцовых сілавікоў. Людзі наўпрост ідуць па месцы жыхарства чалавека, не ў форме, апытваюць суседзяў і г.д. Гэта, натуральна, можа стаць трыгерам для чалавека, які перажыў траўматычны досвед пераследу ў сваёй краіне.

Таму мы [праваабаронцы] і спрабуем рэагаваць на такія выпадкі як мага больш аператыўна, збіраючы неабходныя дакументы, шукаючы юрыстаў і звяртаючыся да незалежных СМІ».

У пракуратуры Дзмітрый даведаўся, што ў ягонай справе 23 эпізоды. Прыкладна праз тры тыдні пройдзе суд, які вырашыць, ці рэагаваць на запыт беларускіх уладаў аб экстрадыцыі.

«У СІЗА мы з мамай прыдумалі ўмоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў

«Чудзянцоў прагне вырашыць пытанне з Nexta»

Афіцэр-пагранічнік, які прайшоў праз турму, расказвае пра жыццё «да» і «пасля» дый не шкадуе слоў пагарды для амапаўцаў

Вера Белацаркоўская