«У СІЗА мы з мамай прыдумалі ўмоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў
«Уявіце ў такой сітуацыі маладога чалавека, які тры гады не бачыў дзяўчат, і тут увесь вагон поўны гэтых прыгожых стройных дзевак». Гамяльчук Дзмітрый Канеўскі — сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай. Яму прысудзілі тры гады калоніі за каментар, маці дагэтуль за кратамі. Ніжэй — яго аповед пра разарваную сям'ю, затрыманне маці і выпрабаванне турмой.
«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Дзмітрыю — паўдзельнічаць можна тут. Або, калі жадаеце дапамагчы хлопцу нейкім іншым чынам, можаце напісаць яму ў інстаграм.
«Выдатна памятаю галадоўку маці, бо я адзін з тых людзей, які ім тады падвозіў ваду ў бутэльках»
Дзмітрый вырас у шматдзетнай сям’і, у збудаваным бацькамі доме, што месціцца ў гомельскім прыватным сектары. У Канеўскага яшчэ тры браты — два старэйшыя і адзін малодшы.
Пасля школы хлопец, у адрозненне ад шматлікіх аднагодкаў, вельмі хацеў у армію, але ж задача аказалася не надта простая:
«Мяне так бацька выхаваў — маўляў, любы мужык мусіць прайсці гэтую школу жыцця, хаця б лёгкім чынам. Тры прызывы запар мяне адбракоўвалі, хаця ў мяне першая група годнасці, усё было выдатна са здароўем. Але мне казалі — то набралі поўны штат, то скамплектавалі ўсе часткі, маўляў, людзі не трэба.
Мы з мамай трохі пакумекалі на гэтую тэму і вельмі пакрыўдзіліся на ваенкама. Але ў выніку прарваўся і адслужыў у ПДВ, чым вельмі задаволены, бо гэта мне дало файную фізічную нагрузку, я і з парашутам скакаў».
Пасля заканчэння школы Дзмітрый адвучыўся на электрагазазваршчыка, але папрацаваў ім не больш за паўгода — вельмі не спадабалася. Далей заняўся мяккай мэбляй, працаваў на прадпрыемствах у Беларусі і Польшчы.
У тыя гады яго маці Таццяна Канеўская, педагог-арганізатарка ў школе народна-мастацкіх промыслаў, прыйшла ў грамадзянскі актывізм. Дзмітрый апісвае яе як вельмі актыўнага ў працы чалавека.
У сям’і Таццяна таксама была арганізатаркай — ладзіла сямейныя сустрэчы.
«Яна ўсім званіла і ўгаворвала, напрыклад, разам паехаць на пару тыдняў у лес ці на рыбалку. Ці была магчымасць адмовіцца? Не (смяецца). Часцей за ўсё яна ставіла перад фактам, не залежала ад таго, маеш ты планы ці не. Усім гэта падабалася — файна, калі ёсць такая мама, якая ўсіх падымае.
У 2016-м пасадзілі за краты майго старэйшага брата Сашу, яго асудзілі па [наркатычным] артыкуле 328 — [мы лічым] па факце, за тое, чаго ён не рабіў. Яму далі восем гадоў (пасля апеляцыі тэрмін скарацілі да 5 гадоў. — НН). Мама пачала шукаць спосабы перагледзець справу і неяк паменшыць тэрмін, даведалася, што існуе арганізацыя «Матчын рух». Але ёй не спадабалася, як там дзейнічалі, і разам з некаторымі іншымі людзьмі яна занялася рухам «Маці 328».
Тады ўдалося паўплываць на сітуацыю: знізілі ніжнія межы пакаранняў па 2-й і 3-й частках артыкула 328. Таксама ў 2019-м годзе па амністыі на волю выйшла шмат абвінавачаных па гэтым артыкуле.
Дзмітрый расказвае пра галадоўку сваёй маці — лічыць, што гэты крок шмат у чым паспрыяў такім вынікам:
«Выдатна памятаю галадоўку, бо я адзін з тых людзей, які ім тады падвозіў ваду ў бутэльках. Галадалі ў некалькіх гарадах, мая мама з некаторымі іншымі жанчынамі галадала ў Калінкавічах, і мы ўпотай праз кусты насілі ім ваду. Бацька тады моцна перажываў, ды і цяпер ён так перажывае, што не перадаць. Ды і мы з братамі тады вельмі хваляваліся.
Гэта было вельмі страшна, і наступствы галадоўкі былі сур’ёзныя. Мама лягла ў бальніцу, і ёй выразалі жоўцевы пухір. А ўсё праз тое, што з галадоўкі трэба выходзіць паступова, і мама рана вырашыла, што яна ўжо выйшла. Купляе марожанае, з’ядае яго і ўвечары трапляе ў бальніцу».
«За ўвесь час, пакуль сядзеў, адправіў былой 178 лістоў, не атрымаў ні аднаго адказу»
У 2018-м Дзмітрый чарговы раз прыехаў дахаты з працы ў Польшчы, зайшоў у краму. Там ён сустрэў дзяўчыну, з якой быў знаёмы з 16 гадоў і некалі сустракаўся. Расказвае, што былыя пачуцці вярнуліся, яны з дзяўчынай пачалі жыць разам, і ў верасні 2019-га на свет з’явіўся яго сын Максім.
Праз нейкі час, яшчэ да выбараў 2020-га, каханыя разышліся, але засталіся сябрамі і камунікавалі ледзь не штодзень. Усё скончылася, калі хлопец трапіў за краты:
«За ўвесь час, пакуль сядзеў, адправіў ёй 178 лістоў, не атрымаў ні аднаго адказу. Мой брат ездзіў да яе дахаты, але не знайшоў яе. Калі я выйшаў, усё ж адшукаў яе. Сказаў, што даслаў ёй 178 лістоў, яна магла б адказаць хоць на адзін, даслаць хаця б адно фота майго сына. А яна мне кажа, што, калі мяне пасадзілі, да яе прыехалі са Следчага камітэта і сказалі: «Калі хочаш паехаць за ім, можаш з ім камунікаваць. А калі не, то трэба зрабіць так, каб ты знікла».
Але вернемся ў час да выбараў. Дзмітрый расказвае, як аднойчы ён са сваёй былой каханай сустрэў дзяўчыну-падлетка, якая сядзела ля гомельскага вакзала і плакала. Яна паскардзілася новым знаёмым, што дома ў яе складаная сітуацыя, сваркі з бацькамі — маўляў, таму і плача.
«Мая былая доўга працавала з дзецьмі, так што ведае, як з імі камунікаваць. Яны з той дзяўчынкай абмяняліся нумарамі тэлефонаў і часам сазвоньваліся. Неяк гэтая дзяўчынка пазваніла, але на званок адказаў я, і яна папрасіла мяне дапамагчы — маўляў, трэба перасунуць пару шафаў і ложак у яе дома. Сказала, што там будзе і яе мама. Прыязджаю, раблю што трэба, мы разыходзімся.
Праз некалькі дзён да мяне прыходзяць са Следчага камітэта, пытаюцца, ці я ведаю гэтую дзяўчынку. Аказалася, што яны на мяне напісалі заяву з абвінавачваннямі ў «іншых дзеяннях сэксуальнага характару са свядома непаўналетняй». Думаю: як гэта так?» — успамінае Канеўскі.
Дзмітрый расказвае, што супраць яго былі толькі словы дзяўчынкі і яе мамы, ніякіх доказаў яго віны не было. Дзяўчынка казала, што злачынства адбывалася дома ў Дзмітрыя, але не змагла апісаць інтэр’ер, колер мэблі. У выніку справу закрылі праз адсутнасць доказаў.
Канеўскі кажа, што пазней даведаўся, што тую заяву на яго пісалі не добраахвотна: ён разглядае гэта як частку ціску на яго маці-актывістку — маўляў, гісторыя пра яго прыезд да дзяўчынкі неяк трапіла да сілавікоў, і яны вырашылі яе выкарыстаць. Мужчына лічыць, што ў той час яго тэлефон праслухоўвалі. Таксама ён бачыў, як штодзень у ягоны акаўнт у электроннай пошце заходзіў нехта невядомы: Дзмітрый закрываў новыя сеансы карыстання, якія распачынаў гэты чалавек, а на наступны дзень яны з’яўляліся зноў.
Таццяну Канеўскую затрымалі 6 жніўня 2020-га.
«Яе пратрымалі трое сутак пад вартай, прайшоў суд. Паколькі мае непаўналетняе дзіця, ёй не далі новыя суткі. Яна выходзіць з будынка суда (гэта было 10 жніўня. — НН) і кажа мне з братамі, што вернецца туды, каб забраць рэчы. Мама заходзіць у будынак — і ўсё, яе няма гадзіну, другую. Мы ідзём туды, там ніхто нічога не кажа.
Тады няхай працуюць самі. Набіраем Савецкі аддзел міліцыі, кажам, што хацелі б напісаць заяву [аб знікненні чалавека]. Не кажам прозвішча, а дзяжурны ўжо адказвае, што не трэба ніякай заявы, наша мама ў іх».
Канеўская на той час была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Дзмітрый успамінае, што пасля затрымання маці яму давялося пераехаць да бацькі, бо той вельмі цяжка перажываў затрыманне жонкі. Жыццё вельмі змянілася:
«Малодшаму брату, Жорыку, давялося вельмі хутка пасталець — калі маму пасадзілі, яму было 11 гадоў. У бацькі шмат чаго змянілася, ды і проста бачна, як кожны вечар ён сядзіць перад тэлевізарам і заўважна сумуе».
4 мая 2021-га Таццяну асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі.
«Пісаў усё, што хацеў бы зрабіць з сілавікамі, і калі б не мае браты, хутчэй за ўсё і зрабіў бы»
Каб расказаць пра ўласнае затрыманне, Дзмітрый тлумачыць свой псіхалагічны стан перад ім:
«У мяне пасадзілі маму, таксама ў мяне тады былі спрэчкі наконт сына, з кім ён будзе і як яго забіраць. Я дапамагаў бацьку, займаўся адвакатамі, была проста тона перадачак — знаходзіўся ў напружаным стане. А потым яшчэ мне сказалі, што мой найлепшы сябар трапіў пад зачыстку сілавікоў.
Да мяне дайшла гэтая інфармацыя, і ў мяне вельмі моцна здалі нервы. Напісаў каментар у тэлеграме пра ўсё, што думаю наконт гэтых злачынцаў. Пісаў усё, што хацеў бы зрабіць з імі на той час, і калі б не мае браты, хутчэй за ўсё і зрабіў бы».
Дзмітрый тлумачыць, што гаворка ішла пра яго саслужыўца і найлепшага сябра. Пасля службы ў арміі ён пайшоў працаваць у міліцыю сапёрам. У пачатку 2020-га мужчына папярэдзіў Дзмітрыя, што ў краіне чакаюцца страшныя падзеі, звольніўся з РУУС і пераехаў з самой Ліды ў прыгарад.
Канеўскі пакінуў каментар пра сілавікоў у снежні 2020-га, праз месяц у яго бацькоўскім доме з’явіліся губазікаўцы. За дзень перад гэтым Дзмітрый напісаў малодшаму брату, што хоча забраць у яго картку, на якую часам скідваў для брата грошы. На наступны дзень прыехалі сілавікі — маўляў, каб удакладніць, ці не карыстаецца карткай непаўналетні.
Тады, 16 студзеня 2021-га, яму выпісалі папярэджанне ў ГУБАЗе і адпусцілі. А 27 студзеня да мужчыны прыехаў следчы, нібыта каб Дзмітрый падпісаў паперы аб закрыцці справы. У выніку яго адвезлі ў Следчы камітэт, дзе ўжо чакалі канваіры.
«Сцены былі абадраныя, а ў вуглу ляжала змерзлая куча фекалій»
У гомельскім СІЗА Дзмітрый правёў каля васьмі месяцаў. Той час ён згадвае з жахам:
«Думаў: тое, што я пабачыў у сваёй першай камеры, бывае толькі ў кіно. Гэта была каранцінная камера на 12 чалавек, я там быў адзін. Вокны там былі, але ў іх не было шкла, снег ляжаў проста на адной з нар. Стаяў жудасны холад. Злева ў камеры быў туалет, сцены былі абадраныя, плітка пабітая, а ў вуглу ляжала змерзлая куча фекалій. Да сцяны прымёрз прусак.
Мы з мамай сядзелі на адным паверсе і ў адным крыле СІЗА, так што маглі з ёй перакрыквацца праз калідор, і канваіры не разумелі, што адбываецца. У нас на дворыках для шпацыраў быў такі ўмоўны знак: «Уруру, трэці рэгіён». І яна мне на гэта адказвала: «Прывет, сыночак».
Канеўскі ўспамінае СІЗА ў Баранавічах, куды ён трапіў на тыдзень перад калоніяй — ён называе той стары будынак жудасным месцам, падобным да «вязніцы ў замку». Этапавалі хлопца ў адзіночнай камеры, дадатковы здзек — не выпускалі ў туалет і проста праходзілі міма з кіпнем, калі Дзмітрый хацеў зрабіць гарбаты.
Калонію №22 Канеўскі апісвае як месца, дзе ў яго шмат на што адкрыліся вочы. Зона, кажа мужчына, яго толькі раззлавала, а не супакоіла:
«Зразумеў, што злыя ў калоніі — гэта супрацоўнікі, а не вязні. У гэтай калоніі доўгі час жылі котка і кот, у іх з’явіліся кацяняты, і адзін з супрацоўнікаў вырашыў проста спаліць тых кацянят у качагарцы. Пра гэта даведаўся адзін вязень і паспеў выратаваць дваіх кацянят, абпаліў сабе рукі, калі іх даставаў. Ён іх пастаянна хаваў, насіў ім са сталовай катлеты, але вылечыў іх».
У калоніі Дзмітрый навучыўся шыццю і нават мае разрад як швачка. Гэты досвед ён называе цікавым, асабліва з улікам таго, што сам займаецца мяккай мэбляй. Так што калі ў будучым ён зладзіць у Польшчы майстэрню па рамонце мэблі, асобна шукаць швачку будзе непатрэбна.
Сваё вызваленне Канеўскі згадвае як глыток чыстага паветра. Доўгі час перад выхадам ён знаходзіўся ў ПКТ, і калі выйшаў на волю, прайшоўся па лесе да чыгуначнай станцыі Даманава. Зайшоў у краму, набыў вады і выдыхнуў:
«Было вельмі страшна, пужаўся людзей. Калі ехаў з Брэста ў Гомель, здарылася смешная сітуацыя. Саджуся ў амаль пусты вагон, і ў Пінску вагон амаль цалкам забіваецца — ехала нейкая жаночая каманда па валейболе. І проста ўявіце ў такой сітуацыі маладога чалавека, які тры гады не бачыў дзяўчат, і тут увесь вагон поўны гэтых прыгожых стройных дзевак. Я адвярнуўся ў акно, пачырванеў і маўчу, яны мне нейкія пытанні задаюць, а я нічога не магу ім адказаць.
Хацеў зрабіць родным сюрпрыз і сказаў ім, што вызваляюся 16 кастрычніка [2023 года], а сам вызваліўся 14-га. Ранкам 15-га я ўжо быў у Гомелі, прыехаў дахаты, разбудзілі бацьку. Было проста шчасце-радасць».
Пасля вызвалення Канеўскі мусіў не толькі адзначацца ў РУУС некалькі разоў на тыдзень, але і ўдзельнічаць разам з іншымі экс-вязнямі ў грамадскіх працах, напрыклад, прыбіраць лісце. Калі б ён не падтрымаў гэтае ноу-хау мясцовых сілавікоў, атрымаў бы пратакол за «парушэнне».
Такіх пратаколаў у хлопца набралася амаль два дзясяткі, і праз гэта яму пагражала крымінальная адказнасць. Каб пазбегнуць новага пераследу, у верасні 2024-га Дзмітрый выехаў з Беларусі.
Цяпер ён жыве ў польскім горадзе Каліш, дзе некалі працаваў на фабрыцы мэблі. Але жадае ад жыцця большага:
«Не хачу спыняцца на гэтай фабрыцы, бо на ёй можна гадоў за дзесяць моцна папсаваць здароўе, гэта вельмі цяжкая праца. У мяне ёсць дакладная мэта — жадаю сустрэць старасць у кавярні-марожанае у марсэльскім порце. Што для гэтага трэба? Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць».
Маці Дзмітрыя, Таццяна Канеўская, дагэтуль застаецца за кратамі. Хлопец дзеліцца тым, што сказаў бы ёй цяпер, калі б мог:
«Ёсць словы, якія я ёй пісаў у лісце, і цяпер, калі б пабачыў, напэўна паўтарыў бы. Мама! Ты, канешне, вельмі моцная і смелая жанчына, але ведай, што адна ты не справішся з усім. Таму ў любой сітуацыі і ў любым выпадку я заўжды буду каля цябе, як і кожны з маіх братоў».
«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Дзмітрыю — паўдзельнічаць можна тут.
Дзякуем за дапамогу з пошукам суразмоўцы ініцыятыве «Вольныя», якая дапамагае былым палітвязням.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары