У Расіі назіраюцца праблемы з маслам
Вытворцы спыняюць пастаўкі, а ў магазінах расце колькасць крадзяжоў масла. Прычына — у скачку цэнаў.
25.10.2024 / 16:37
Фота: Synergee / Getty Images
У апошнія тыдні з розных рэгіёнаў Расіі прыходзіць інфармацыя пра рост цэнаў і дэфіцыт масла. Пастаўшчыкі, прытым як буйныя вытворцы, так і больш дробныя, скарачаюць вытворчасць і адгрузкі яго ў гандлёвыя сеткі.
Галоўная прычына — імклівы рост цэнаў на сыравіну. Як пішуць «Известия», у першым паўгоддзі рост цэнаў на малако склаў 39%, а за 8 месяцаў гэтага года — 46% у параўнанні з мінулым годам.
У выніку аптовыя закупачныя цэны на гэты від прадукцыі выраслі за дзевяць месяцаў амаль на 31%. Але гандлёвыя сеткі вымушаныя трымаць цэны ніжэйшымі за рыначныя. Так, за дзевяць месяцаў цэны на масла ў магазінах выраслі на 18%. Пры гэтым рост толькі за два апошнія месяцы склаў прыкладна 8%. За верасень у гадавым выражэнні тэмпы росту цаны масла больш чым у два разы апярэдзілі рост цэн на малочную прадукцыю ў цэлым.
Калі рост цэн на масла, як сацыяльна значны тавар першай неабходнасці, працягнецца і за 60 дзён перавысіць 10%, то гэта можа стаць прычынай для ўмяшальніцтва дзяржавы ў рэгуляванне цэн.
Такія абмежаванні не дазваляюць ні рэтэйлерам, ні вытворцам атрымаць прыбытак. Апошнія пераходзяць на вытворчасць больш даходнай прадукцыі, такой як сыр, і ў той жа час тлумачаць спыненне паставак дэфіцытам сыравіны.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расіі тлумачаць рост попыту на масла ростам даходаў насельніцтва і заяўляюць, што расійскі рынак у поўным аб'ёме забяспечаны гэтым відам прадукцыі. Яго выпуск нават на 1,6% перавышае мінулагодні паказчык.
Вытворцы ў сваю чаргу папярэджваюць, што ў зоне рызыкі таксама іншы самы нерэнтабельны для іх тавар — малако ў пакетах. Яно таксама можа ў хуткім часе знікнуць з паліц.
На фоне росту цэн, як паведамляюць рэгіянальныя выданні, павялічылася колькасць крадзяжоў масла з магазінаў. Яго пачалі выдаваць асабіста ў рукі на касе ці запакоўваць у пластыкавыя кантэйнеры.
Віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Патрушаў на нарадзе з удзелам перапрацоўшчыкаў і вытворцаў малочнай прадукцыі даў шэраг даручэнняў для стабілізацыі цэн на масла на расійскім рынку. Ён заявіў, што ўрад працягне кантраляваць сітуацыю з цэнамі на яго.
Каб стабілізаваць цэны, улады маюць намер павялічыць імпарт гэтага прадукту з шэрагу краін, у тым ліку з Беларусі.
Сітуацыя з маслам нагадвае сітуацыю з яйкамі, якая была ў Расіі ў канцы мінулага года. Тады за два месяцы яйкі выраслі ў цане на 30% і назіраўся іх дэфіцыт. Тады сітуацыю стабілізавалі пастаўкі з Азербайджана.
Пуцін просіць яйкі. Колькі яны каштуюць у Беларусі і суседніх краінах
Што ў беларускай эканоміцы добра, а што можа выбухнуць? Адказвае эканаміст
Юрый Чыж пайшоў у малочны бізнэс у Расіі. Як атрымліваецца?
Дзесяць прычын, з якіх варта есці масла
Віцэ-прэм'ер Снапкоў: розніца цэн у Беларусі і Расіі выклікае нервовасць