«У тых, хто быў у Мінску ў 2020-м, зусім іншае меркаванне». Сястра Калеснікавай адказала Пазняку
Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк некалькі разоў рэзка выказваўся пра Марыю Калеснікаву, якая цяпер за кратамі. Палітык называў яе «палітычным нішто».
27.10.2024 / 10:56
Таццяна Хоміч і Зянон Пазняк. Фота: «Наша Ніва», скрыншот відэа TOK_talk / YouTube
У новым выпуску ТОКу сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітзняволеных, сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч заўважыла, што хацела б, каб на каментары ў бок палітвязняў яны самі маглі адказаць.
«Не тое, каб такіх каментарыяў не было, але я не лічу гэта правільным, увогуле, каб такое гучала. Але ён [Пазняк] хіба можа сабе дазволіць», — сказала Таццяна і дадала:
«Мне здаецца, што для тых, хто быў у Беларусі ў 2020-м, яны дакладна разумеюць, што гэта не так. І мне часам здаецца, што неяк за гады ў людзей трохі быццам бы мяняецца памяць, [адбываецца] перапісванне гісторыі.
Я думаю, што тыя, хто быў у Мінску, прычым не толькі ў жніўні, верасні, лістападзе, на пратэстах, але і тыя, хто быў у ліпені, калі пачыналася трыа [Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай], хто быў у чэрвені, прыходзіў на зборы подпісаў ці сам удзельнічаў, у іх зусім іншае меркаванне аб тым, што адбывалася.
І з гэтага пункту гледжання часам бачу ў дыяспарах сярод людзей, якія жывуць вельмі даўно за мяжою, вось гэтае трохі неразуменне сітуацыі, што было ў 2020-м, з чаго ўсё пачыналася насамрэч».
Глядзіце цалкам:
Пазняк: Калеснікава — поўнае палітычнае нішто