Патрэбна дапамога краязнаўцу Алесю Юркойцю. Пасля зняволення яго не пакінулі ў спакоі

Фонд салідарнасці Bysol адкрыў збор сродкаў у падтрымку сям'і грамадскага дзеяча, актывіста і краязнаўцы Алеся Юркойця, які ў 2021 годзе выйшаў з турмы пасля працяглага зняволення, а нядаўна быў вымушаны эміграваць за мяжу, бо органы не пакінулі яго ў спакоі.

26.10.2024 / 23:05

Гэтая гісторыя не зусім пра пратэсты 2020 года, а пра тыя падзеі, якія праходзілі да яго: прадузятасць беларускага суда, палітычна матываваныя рэпрэсіі і ўсёдазволенасць уладаў пасля выбараў.

Алесь Юркойць доўгі час быў рухавіком грамадскага і культурнага жыцця ў сваім рэгіёне — ён жыў у Варнянах на Астравеччыне. Стварыўшы краязнаўчае таварыства «Вільняр», Алесь усталёўваў памятныя камяні і шыльды беларускім паэтам, адкрыў музей, арганізоўваў фестывалі і творчыя мерапрыемствы, чытаў лекцыі і ладзіў краязнаўчыя вандроўкі. Менавіта дзякуючы ініцыятыве Алеся быў усталяваны помнік да юбілею паўстання Кастуся Каліноўскага ў 2013 годзе.

Увесну 2015 была затрыманая група ашмянскіх мытнікаў паводле абвінавачвання ў хабарніцтве. Алесь Юркойць, які служыў на мытні разам з імі, быў арыштаваны таксама. Алесь не прызнаваў сваёй датычнасці да дзейнасці былых калег, казаў у судзе пра катаванні ў турме КДБ і неаднаразова заяўляў пра адсутнасць фактаў ці доказаў адносна ўласна яго ў судовых справах. Тым не менш, у 2017 ён быў асуджаны на 7 гадоў зняволення. Гэты судовы працэс быў апісаны ў кнізе «Тантамарэскі» публіцыста Сяргея Дубаўца. 

Пасля вызвалення ў 2021 годзе ціск на Алеся Юркойця не спыніўся. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі працягвалі допыты, ладзілі ператрусы і пагражалі новым арыштам:

«Пасля вызвалення з турмы супрацоўнікі КДБ і міліцыі працягнулі рэпрэсіўны прэсінг (спачатку паўгадовы прэвентыўны нагляд, затым штомесячныя прафілактычныя выклікі, пастаяннае наведванне месца жыхарства, пагрозы). Сёлета зноўку зрабілі ператрус у хаце, забралі ў кайданках і здзекаваліся, як над скацінай, пасадзіўшы ў адмысловае металічнае крэсла. Ноччу знялі кайданкі і адпусцілі пешкі дамоў».

Каб пазбегнуць далейшых здзекаў, Алесь разам з жонкай і трыма дочкамі быў вымушаны з’ехаць у Польшчу.

«Першым з'ехаў я, а на мінулым тыдні прыехала ўся сям'я: жонка і трое дзяцей. Абцяжарвае сітуацыю тое, што малодшая дачка мае групу інваліднасці і жонка не зможа паўнавартасна працаваць. Будзем удзячныя за любую дапамогу!», — кажа Алесь Юркойць.

Сума збору — €3700

Падтрымаць Алеся Юркойця і ягоную сям'ю можна тут.

Шчырая гутарка з Алесем Юркойцем пасля 6 гадоў зняволення: пра беларускую мову ў СІЗА, «справу мытнікаў» і смерць маці

Краязнаўца з Астраўца Алесь Юркойць выйшаў на волю пасля шасці гадоў турмы

«Тантамарэскі»: пра што новая кніга Сяргея Дубаўца?

Блогер Лапшын месяц правёў у адной камеры з Юркойцем: «Алесь — адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцці»

Nashaniva.com