Чаму многія жыхары Грузіі, якая імкнецца ў ЕС, галасавалі за «Грузінскую мару»?

Па выніках парламенцкіх выбараў Грузія расколатая. ЦВК краіны папярэдне аддаў перамогу кіроўнай партыі «Грузінская мара», але апазіцыя адмаўляецца прызнаваць гэтыя вынікі і анансуе акцыі пратэсту. Зрэшты, нават апытанні апазіцыйных тэлеканалаў паказалі, што за «Грузінскую мару» прагаласавалі мінімум 40% выбаршчыкаў. Чаму праз амаль 20 гадоў руху насустрач Еўропе і Захаду Грузія зноў апынулася на палітычным раздарожжы, расказвае Бі-бі-сі.

28.10.2024 / 00:32

Фота: Giorgi Arjevanidze/Getty Images

Гульня на супярэчнасцях

150 дэпутатаў парламента Грузіі сёлета ўпершыню абіраліся не па змяшанай, як раней, а па цалкам прапарцыйнай сістэме.

Стварэнне выбарчых блокаў на гэтых выбарах забаронена — гэта гуляла на руку «Грузінскай мары», якая кіруе вось ужо 12 гадоў. У апазіцыйных партый была магчымасць дамовіцца і выступіць адзіным спісам, але з-за цэлай чарады рознагалоссяў па пытаннях унутранай палітыкі зрабіць гэтага яны не змаглі.

У выніку на выбары пайшлі аж тры розныя апазіцыйныя альянсы і яшчэ адна партыя, якія выступаюць за больш хуткую інтэграцыю з Еўропай і Захадам. Яны спадзяваліся, што сумарна змогуць набраць больш, чым кіроўная партыя. А затым — сфармаваць кааліцыйную большасць у парламенце.

Але «Грузінская мара» ўмела выкарыстала недахоп адзінства апазіцыі, спрабуючы дыскрэдытаваць апанентаў аднаго за другім у сваіх выступах.

«Галоўнай надзеяй і выратаваннем апазіцыі на гэтых выбарах магла б стаць моладзь Грузіі. Моладзь у абсалютнай сваёй большасці падтрымлівае еўрапейскі курс Грузіі, але яна не абавязкова асацыюе сябе з нейкай канкрэтнай партыяй. І ў гэтым крылася праблема», — тлумачыць Георгій Бадрыдзэ.

Больш за 20 гадоў ён прапрацаваў дыпламатам, даслужыўшыся да рангу пасла. А цяпер працуе аналітыкам у аналітычным цэнтры Georgian Foundation for Strategic and International Studies.

«Калі апазіцыя адмовілася аб'ядноўвацца пад адзіным нумарам, яна фактычна адмовілася зрабіць гэтыя выбары рэферэндумам за ці супраць еўрапейскай будучыні краіны. І так яны страцілі частку галасоў — асабліва таго сегмента грузінскага грамадства, які не хацеў бы сябе афіліяваць з нейкай адной канкрэтнай партыяй», — дадае Бадрыдзэ.

Апазіцыйныя партыі таксама не змаглі выразна сфармуляваць бачанне палітыкі Грузіі ў пытаннях, якія не тычацца ўступлення ў Еўрасаюз, адзначае эксперт па міжнародных і стратэгічных пытаннях Вано Мачаварыяні.

З ягоных слоў, тады як кіроўная партыя спекулявала тэмамі міру ў Грузіі і вайны ва Украіне, апазіцыя не прадставіла сваю «формулу міру» і бачанне стасункаў з Расіяй і Захадам.

«Наратыў міру і вайны вельмі добра спрацаваў. Гэта быў галоўны пасыл і козыр «Грузінскай мары», — гаворыць палітолаг Гія Нодзія. — «Калі не мы, то будзе вайна» — гэта падзейнічала на многіх людзей. Нават нягледзячы на тое, што з рацыянальнага пункту гледжання гэта не было пераканаўча, але працавала на інстынктыўным узроўні — усе баяцца вайны».

Пераканаўчая перамога ці спрытная махінацыя?

Паводле папярэдніх даных ЦВК, «Грузінская мара» атрымлівае каля 54% галасоў (на момант публікацыі апрацавана 99,3% бюлетэняў).

Апазіцыя лічыць, што гэтыя лічбы сталі наступствам махінацый. У партыі «За Грузію» заявілі пра сістэмныя парушэнні, якія непасрэдна паўплывалі на вынікі выбараў.

Назіральная місія «Мой голас», у якой аб'ядналіся 30 няўрадавых арганізацый, зафіксавала больш за 200 парушэнняў — у тым ліку ўкіды бюлетэняў, напады і збіцці назіральнікаў, а таксама выдварэнне акрэдытаваных на выбары журналістаў.

Абсалютная большасць выбарчых участкаў у Грузіі забяспечаныя электроннай сістэмай падліку галасоў.

Назіральнікі з Transparency International Georgia адзначаюць, што, з аднаго боку, аўтаматызацыя апрацоўкі бюлетэняў ускладняе падтасоўкі на ўчастках, але з другога — прыводзіць да таго, што часцей выкарыстоўваюцца больш невідавочныя метады ўплыву на вынік выбараў.

Ганаровы старшыня «Грузінскай мары», шэры кардынал грузінскай палітыкі Бідзіна Іванішвілі нават у дзень галасавання пераконваў выбаршчыкаў, што знешнія сілы хочуць «уцягнуць Грузію ў баявыя дзеянні». Фота: AP Photo / Kostya Manenkov

«Мы ўсё яшчэ вельмі бедная краіна, таму многія людзі фінансава ўразлівыя. Напрыклад, уключэнне ў схему сацыяльнага забеспячэння можа быць чымсьці вельмі важным для чалавека. Ці, калі ў чалавека ёсць невялікі бізнэс, яму, можа быць, патрэбная нейкая канкрэтная дапамога ад урада. І раптам яму адказваюць: «Так, мы тут, мы можам зрабіць гэта для вас». Ці, напрыклад, чалавека пазбавілі правоў кіроўцы праз кіраванне ў нецвярозым стане. І тут яму вяртаюць правы ў абмен на птушачку ў бюлетэні на выбарах», — растлумачыў Бі-бі-сі намеснік дырэктара Transparency International Georgia Георгій Аніяні.

Прадстаўніца партыі «За Грузію» Нація Мезўрышвілі сярод парушэнняў назвала канфіскацыю пасведчанняў асобы ў апазіцыйна настроеных грамадзян для таго, каб з іх дакументам прагаласавалі іншыя. Паводле яе слоў, у партыі ёсць доказы такіх парушэнняў.

У Transparency International Georgia тлумачаць сутнасць падобнай схемы — «арэнды дакументаў»: «Напярэдадні выбараў людзей просяць аддаць на суткі свае пасведчанні асобы ў абмен на грашовую ўзнагароду. У некаторых выпадках па гэтых пасведчаннях потым галасуюць іншыя людзі, у іншых — проста фіксуецца няяўка».

У чым прычына папулярнасці «Грузінскай мары»?

Адразу пасля заканчэння галасавання ў суботу некалькі грузінскіх СМІ апублікавалі вынікі экзітполаў, праведзеных па іх замове.

Звязаны з грузінскімі ўладамі тэлеканал Imedi даў кіроўнай партыі 56,1% галасоў — гэта блізка да даных, якія ў выніку агучыў ЦВК.

А вось два апазіцыйныя каналы — Mtavari і Formula — атрымалі іншыя вынікі: іх апытанні давалі «Мары» 40-42%. На падставе гэтых двух экзітполаў апазіцыя была ўпэўненая, што сумесна яна выйграла выбары.

Але нават 40% галасоў — гэта нямала. Чаму ж «Грузінская мара», якую нярэдка абвінавачваюць у абслугоўванні інтарэсаў Расіі, мае такую падтрымку ў краіне, дзе амаль 80% насельніцтва падтрымлівае ўступленне ў Еўрасаюз?

З аднаго боку, кіроўная партыя ўмела выкарыстоўвае кансерватыўныя настроі часткі грамадства.

Напрыклад, яна гаворыць пра абарону насельніцтва ад «прапаганды і папулярызацыі ЛГБТ» — гэты пасыл імпануе многім выбаршчыкам. Паводле даных праекта «Сусветны агляд каштоўнасцяў» (World Values Survey), па ўзроўні талерантнасці Грузія заняла 82 месца сярод 88 даследаваных у перыяд з 2017 па 2022 год краін: больш за 90% апытаных заявілі, што не апраўдваюць гомасэксуальнасць.

«Грузінская мара» таксама ўмела выкарыстоўвае тэму вайны ў сваіх выступах.

«Ахвотныя ўцягнуць краіну ў вайну, унутраныя і знешнія ворагі чакаюць хоць найменшага шанцу неяк падмяніць нацыянальны ўрад агентурай, што непасрэдна азначае бомбы ў Грузіі і разбурэнне краіны», — пераконваў выбаршчыкаў кіраўнік партыі Бідзіна Іванішвілі.

На фоне крызісу ў адносінах з Захадам некаторай частцы насельніцтва здаецца важным захаваць мір з Расіяй, якая непасрэдна мяжуе з Грузіяй.

«Вядома, не ўсе абавязаныя быць экспертамі ў геапалітыцы. І калі табе ўвесь час кажуць, што ёсць велізарная рызыка вайны з суседам, то многія проста вераць гэтаму і баяцца, гэта зразумела», — адзначае аналітык Бадрыдзэ. Ён дадае, што палітыкі «Грузінскай мары» прадбачліва не раскрываюць дэталяў небяспек, якія нібыта навіслі над краінай.

Яны апісваюць пагрозы ў гранічна агульных рысах, што, з аднаго боку, гуляе на глыбінных страхах, а з другога — ускладняе задачу абвяржэння агучаных версій.

Яшчэ адзін важны аспект — «Грузінская мара» працягвае пазіцыянаваць сябе як сіла, якая прывядзе Грузію ў Еўрасаюз, захаваўшы пры гэтым баланс у адносінах з Масквой.

«Менавіта гэты ўрад павядзе Грузію па шляху еўрапейскай інтэграцыі. У 2030 годзе Грузія будзе краінай, выдатна падрыхтаванай да ўступлення ў Еўрасаюз. Менавіта ў нашых руках магчымасць зрабіць гэтую краіну лепшай, палепшыць эканоміку, павысіць сацыяльны ўзровень нашых грамадзян да еўрапейскіх стандартаў. Вось што мы можам зрабіць. І мы ўжо гэта рабілі цягам многіх гадоў» — сказала Бі-бі-сі прадстаўніца «Грузінскай мары» Мака Бачарышвілі.

Прадстаўнікі апазіцыі і некаторыя аналітыкі ставяцца да гэтых слоў скептычна, адзначаючы, што менавіта кіроўная партыя справакавала сёлета самы глыбокі крызіс у адносінах Грузіі і Захаду за апошнія 20 гадоў, прыняўшы, нягледзячы на маштабныя пратэсты, закон «аб празрыстасці замежнага ўплыву» (закон аб замежных агентах). Пасля гэтага працэс уступлення краіны ў ЕС быў прыпынены, а ЗША — стратэгічны партнёр Тбілісі — пачалі перагляд двухбаковых адносін.

Дзясяткі прадстаўнікоў кіроўнай партыі і чыноўнікаў апынуліся пад візавымі абмежаваннямі ЗША «за падрыў дэмакратыі Грузіі», а некалькі грамадзян Грузіі, тым ліку і два высокапастаўленыя супрацоўнікі МУС, — пад санкцыямі.

Ці зможа апазіцыя павярнуць сітуацыю ў свой бок?

«Я думаю апазіцыя была ў эйфарыі пасля абвяшчэння экзітполаў, потым, пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў, перайшла ў дэпрэсію, і пакуль знаходзіцца ў разгубленасці», — кажа палітолаг Гія Нодзія.

Адразу пасля абвяшчэння першых афіцыйных звестак яны ўзялі паўзу, каб абмеркаваць час і стратэгію правядзення пратэстаў. Гэтая затрымка можа згуляць на карысць «Грузінскай мары».

З ім згодны і былы дыпламат Бадрыдзэ:

«У 2003 годзе, калі тагачасны ўрад паспрабаваў скрасці выбары, у пратэстаў былі вельмі аўтарытэтныя і энергічныя лідары. Гэтым разам нейкага аднаго канкрэтнага і яркага лідара ў апазіцыі няма. Я не ведаю, наколькі наша грамадства здолее самаарганізавацца, наколькі цяперашняя апазіцыя зможа стаць рухавіком гэтых пратэстаў».

Гіа Нодыя падсумоўвае: «Пратэсты будуць, але маштабных пратэстаў, якія прывядуць да нейкіх адчувальных палітычных вынікаў, я не чакаю».

«Грузінская мара» перамагла на выбарах у Грузіі, апазіцыя заявіла пра масавыя фальсіфікацыі

У Тбілісі прайшла маштабная акцыя ў падтрымку еўраінтэграцыі

«Беларусь і Грузія ўжо страцілі незалежнасць» — Валерый Залужны

Nashaniva.com