Гродна стаіць на вушах пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім». Але на гэтым не скончылася

Самы папулярны гродзенскі інфармацыйны партал s13 перастаў абнаўляцца з 23 кастрычніка. Пазней стала вядома, што яго прызналі «экстрэмісцкім», а ўласніка і галоўнага рэдактара партала Сяргея Чабоцьку затрымалі. Масавыя адпіскі пачаліся і ў іншых медыя. Гараджане кажуць, што даўно не бачылі ў Гродне такога кіпішу. «Наша Ніва» даведалася болей, што адбываецца.

28.10.2024 / 17:51

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Michal Fludra/NurPhoto via Getty Images

Што сабой уяўляў s13.ru?

Інфармацыйны партал s13.ru не адзін год быў самым папулярным сярод гарадзенцаў. Яго называлі мясцовым Tut.by. 

Уласнага кантэнту на гарадскім сайце было не шмат. З большага ён працаваў як навінавы агрэгатар.

Стваральнік і галоўны рэдактар партала — гарадзенец Сяргей Чабоцька.

Сяргей Чабоцька. Фота: яго старонка ў фэйсбуку

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Сяргея затрымалі 23 кастрычніка. З таго ж дня сайт перастаў абнаўляцца, а 25 кастрычніка галоўрэду прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Падставай для гэтага нібыта сталі здымкі ў архіўных артыкулах, на якіх быў нанесены лагатып іншага СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем».

Увесь горад на вушах

З 25 кастрычніка s13.ru прызналі «экстрэмісцкім».

Навіна нарабіла шмат шуму ў горадзе. Людзі кажуць, што апошнія тры дні гэта самая важная падзея ў Гродне, якую абмяркоўваюць нашмат актыўней, чым прызначэнне даты прэзідэнцкіх выбараў 2025 года.

Цягам выходных многія гараджане, нягледзячы на рызыку, выказваліся ў сацсетках, што ў шоку ад такіх навін. Можна было не ўдакладняць, пра што гаворка, — у горадзе ўсе адразу разумелі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Заклік адпісацца ад s13 у любых сацсетках і месенджарах распаўсюджвалі ў тым ліку ў працоўных чатах на буйных дзяржаўных прадпрыемствах.

Парады выдаліць лайкі і каментары людзі рассылалі таксама паміж сабой. Некаторыя суразмоўцы прызнаюцца, што нават знаёмыя міліцыянты званілі ім і нагадвалі, каб тыя адпісаліся і перадалі іншым. 

Па інфармацыі Hrodna.life, папярэджваць пра забарону партала s13.ru пачалі яшчэ да з'яўлення публічнай інфармацыі аб прызнанні яго «экстрэмісцкім». У чатах школ і гімназій пагражалі пастаноўкай сямей на ўлік — калі бацькоў прыцягнуць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Гараджане кажуць, што даўно не бачылі ў Гродне такога кіпішу.

Адпісваюцца дзясяткі тысяч чалавек

За некалькі дзён ад акаўнта s13 у інстаграме адпісаліся больш за 40 тысяч чалавек.

Калі да мінулага тыдня там налічвалася каля 95 тысяч падпісчыкаў, то ў панядзелак засталося менш за 55 тысяч. Як паказваюць даныя сэрвісу trendhero, каля 70% аўдыторыі акаўнта складалі жыхары Гродна.

Дынаміка адпісак ад акаўнта s13.ru у інстаграм. Даныя сэрвісу trendhero.

У тэлеграме за тры дні ад s13 адпісалася каля 7 тысяч карыстальнікаў. Яшчэ ў чацвер іх было 15 600, а ў панядзелак засталося менш за 9 тысяч.

Адкуль такая дзіўная назва і чаму ў сайта расійскі дамен?

Партал пачынаўся як блог, які нагадваў рэсурс fishki.net.

«У далёкім 2005 годзе я выпадкова выйграў у інтэрнэце дамен і хосцінг на год. Я не ўяўляў, што гэта і навошта мне гэта патрэбна, але вырашыў зарэгістраваць дамен на імя, якое было звязанае з маім нікам», — расказваў раней у інтэрв'ю Сяргей Чабоцька.

Літаральна праз два тыдні пасля запуску s13 на сайце з'явіўся каментар з парадай прысвяціць яго навінам Гродна, а не рабіць сайтам, на якім посцяць тое, што можна знайсці на іншых рэсурсах.

Стваральнік прыслухаўся да парады і ў кароткія тэрміны перафармаваў сайт.

Таму не варта шукаць нейкіх схаваных сэнсаў як у самой назве сайта, так і ў дамене ru.

Масавыя адпіскі закранулі не толькі s13.ru

Трывожнасці гарадзенцам дадае тое, што ў некаторых рассылках, апроч s13.ru, згадваліся і іншыя парталы — аўтамабільны autogrodno.by і навінавы newgrodno.by. Пісалася, што нібыта іх таксама прызналі «экстрэмісцкімі», хоць гэта не так.

Праз чуткі сацсеткі выданняў пачалі імкліва губляць аўдыторыю.

Так, напрыклад, інстаграм-акаўнт autogrodno.by за гэтыя дні згубіў каля 13 тысяч падпісчыкаў. Калі да мінулай пятніцы ў іх было больш за 92 тысячы падпісчыкаў, то ў панядзелак засталося 79. Адпіскі працягваюцца.

Дынаміка адпісак ад акаўнта autogrodno.by у інстаграм. Даныя сэрвісу trendhero.

Партал newgrodno.by за выходныя згубіў прыблізна па 1000 падпісчыкаў у інстаграм і тэлеграм.

Дынаміка адпісак ад тэлеграм-канала newgrodno.by. Даволі масавыя падпіскі пачаліся менавіта з 25 кастрычніка. Фота: скрыншот з сайта tgstat.com

Самі выданні ніяк не каментуюць сітуацыю. Іх сайты і сацсеткі абнаўляюцца.

Сілавікі пагражаюць Чабоцьку

Блізкі да гродзенскіх сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў допіс, прысвечаны s13 і яго галоўрэду Сяргею Чабоцьку.

Партал вінавацяць у тым, што, будучы самым папулярным у Гродне рэсурсам, у 2020 годзе ён актыўна публікаваў матэрыялы праціўнікаў рэжыму, а ўладам і «патрыётам» нібыта адмаўляў у размяшчэнні навін.

«S13 па факце ператварыўся ў навінавы агрэгатар прыхільнікаў пераменаў, і пра гэта ведаюць усе», — пішуць у канале, блізкім да гродзенскіх сілавікоў.

Апроч гэтага, сайт вінавацяць у тым, што яго загалоўкі былі не ў дзяржаўным ключы.

«Менавіта праз загаловак на s13 часта змянялі стаўленне чытачоў да матэрыялаў дзяржаўных мас-медыя», — сцвярджаюць сілавікі.

Расправу над сайтам у канале называюць «непрыемным сюрпрызам для ўсіх гродзенскіх хістальнікаў».

«Да сённяшняга дня ў іх руках была важкая інфармацыйная пляцоўка, якая, як паказаў 2020 год, гатовая была забяспечыць папулярнасць любой ідэі «змагароў». Цяпер яе няма», — заканчваюць свой допіс сілавікі.

«Пад роспіс даводзяць, што гэта абавязкова». Дзяржаўных сцягоў на беларускіх шматпавярховіках стане больш

Nashaniva.com