БЕЛ Ł РУС

Гісторыя

Археолагі знайшлі фрагмент тунікі, якая належала Аляксандру Македонскаму

29.10.2024 / 18:45

Nashaniva.com

Тканіна была знойдзена ў каралеўскай грабніцы ўзростам каля 2400 гадоў, разам з парэшткамі мужчыны, пахаванага ў залатым вянку.

Аляксандр Македонскі на фрагменце старажытнарымскай мазаікі з Пампей. Фота: Wikimedia Commons

Фрагмент баваўнянай тканіны, афарбаванай у пурпурны колер, археолагі выявілі ў грабніцы з залатым упрыгожаннем, дзе знаходзіліся парэшткі мужчыны. Побач з ёй знаходзіліся яшчэ дзве грабніцы. Усе пахаванні былі адкрытыя яшчэ ў 1970-х гадах непадалёк ад грэчаскага горада Вергіна.

Як паведамляе сайт Interesting Ingineering, дзякуючы паглыбленаму аналізу матэрыялу тунікі, грабніц і гістарычных звестак, даследчыкі толькі цяпер змаглі звязаць гэтую знаходку з Аляксандрам Македонскім. Вынікі апублікаваныя ў часопісе The Journal of Field Archaeology.

Даследчыкі адзначылі, што матэрыял, з якога вырабленая туніка, паходзіць з Персіі, гэтак жа, як і хунціт — мінерал, якім апрацавана тканіна для надання ёй характэрнага бляску. Гэта сведчыць пра тое, што туніка была створана ўжо пасля заваявання Аляксандрам Македонскім Персіі.

Для надання пурпурнага колеру быў выкарыстаны тырскі пурпур — рэдкі і дарагі фарбавальнік, даступны толькі вышэйшай знаці, які атрымлівалі з марскіх малюскаў. У старажытнасці пурпур асацыяваўся з раскошай і ўладай.

Сама туніка, верагодна, была сарпісам — традыцыйным адзеннем персідскіх цароў з белай паласой па цэнтры. Пасля перамогі над персідскім царом Дарыем III Аляксандр, відаць, прыняў гэты стыль. На фрызе грабніцы таксама захавалася сцэна палявання, дзе, на думку вучоных, намаляваны сам Аляксандр у пурпурнай туніцы з дзвюма белымі палосамі.

Сярод знойдзеных артэфактаў — залатая дыядэма, скіпетр і вянок з дубовага лісця, якія згадваюцца ў гістарычных апісаннях царскіх рэгалій Аляксандра. Вучоныя мяркуюць, што каралеўскую туніку і скіпетр, верагодна, атрымаў у спадчыну блізкі член сям'і — зводны брат Аляксандра, Філіп III Арыдэй, які пасля яго смерці стаў царом Македоніі.

Верагодна, ён і прывёз гэтыя рэчы ў Грэцыю. Менавіта ён, як лічаць вучоныя, пахаваны ў царскай грабніцы разам са сваёй жонкай Эдэяй Эўрыдыкай.

Чытайце таксама:

У Грэцыі адкрываецца палац Аляксандра Македонскага. Яго рэстаўравалі 16 гадоў

Навукоўцы высветлілі прычыну смерці Аляксандра Македонскага

Бацька Аляксандра Македонскага быў гігантам

Ізраільскія археолагі знайшлі пурпуровую фарбу часоў цара Давіда

Каментары да артыкула