Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе

Эксперты прадставілі базавы сцэнар.

31.10.2024 / 09:08

Пра тое, што чакае беларускую эканоміку ў 2025 годзе, піша ў аглядзе старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык.

Знешнія ўмовы наўрад ці будуць спрыяць росту экспарту.

«Тут ключавое значэнне адыграе чаканае запаволенне расійскай эканомікі ва ўмовах значнага ўзмацнення строгасці грашова-крэдытных умоў, абмежавання льготных іпатэчных праграм і планаванага расійскімі ўладамі паслаблення бюджэтнага стымулу», — тлумачыць Харытончык.

Беларуская прамысловасць працуе ўжо на мяжы сваёй загрузкі, а інвестыцый недастаткова, каб пашырыць вытворчасць.

Імпарт жа ў 2025 годзе, хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца павышаным.

Перад выбарамі ўлады стымулююць спажывецкі попыт — у першую чаргу за кошт павышэння заробкаў і сацыяльных выплат. Рэальныя выдаткі кансалідаванага бюджэту выраслі больш чым на 10% у 2023 годзе, яшчэ прыкладна на 8% у першай палове 2024 года.

Базавы сцэнарый для беларускай эканомікі на наступны год (калі не будзе моцных шокаў) такі.

Эканоміку чакае павольнае «астыванне». Прырост ВУП запаволіцца — з 4-4,5% у 2024 годзе да 1-2% у 2025-м.

Будзе таксама дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў дыяпазоне 0-2% ВУП і ўмераны ціск на беларускі рубель — ён можа аслабнуць на 4-6% да карзіны валют за наступны год.

Рызыкі для базавага сцэнара вялікія, і адхіленні ад яго вельмі верагодныя, заўважае эканаміст. Але хоць беларускія ўлады і вяртаюцца да старых практык, яны навучыліся рэагаваць на крызіс. Напрыклад, гнуткі курс рубля дазваляе пазбегнуць яго рэзкага скачка, як было ў 2011 і 2015 гадах. Акрамя таго, плаваючы курс выконвае функцыю паглынальніка шокаў — ён змякчае негатыўныя наступствы для рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва.

«Заявы некаторых спікераў аб хуткай гіперінфляцыі ў Беларусі, дэвальвацыі беларускага рубля, як у 2011 годзе, у цяперашні час з'яўляюцца спекуляцыямі з адсутнай доказнай базай», — лічыць Харытончык.

Ён піша, што каб такі крызіс здарыўся, неабходна, каб у сусветнай ці расійскай эканоміцы адбыўся абвал, супастаўны з сусветным фінансавым крызісам, а рэакцыя беларускіх уладаў была максімальна контрэфектыўнай.

Недахоп работнікаў у Беларусі выклікаў нечаканы пабочны эфект

«Пераліванне крыві» змяняе рынак працы ў Беларусі. Нізкакваліфікаваных работнікаў дэфіцыт, высокакваліфікаваныя вяртаюцца

Nashaniva.com