Як выявіць анкалогію ў дзіцяці і чаму дактары не рэкамендуюць адпачываць зімой у гарачых краінах

Пра тое, на што трэба звярнуць увагу бацькам, расказала намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Марына Барысевіч.

01.11.2024 / 07:00

3D-візуалізаваны малюнак ракавых клетак пры вельмі вялікім павелічэнні. Фота: Getty Images

Як заўважыць анкалогію ў дзяцей

Анколаг Марына Барысевіч у інтэрв'ю БТ звяртае ўвагу на тое, што пры развіцці раку крыві (лейкоз ці лейкемія) у першую чаргу адбываюцца змены ў сістэме вытворчасці клетак крыві. У агульным аналізе крыві дактары ўбачаць зніжэнне паказчыка ўзроўню гемаглабіну, колькасці лейкацытаў і трамбацытаў.

Пры анеміі, якая развіваецца вельмі хутка, дзіця будзе бледнае, вялае, без апетыту.

Калі колькасць трамбацытаў, якія ўплываюць на нармальную згусальнасць крыві, зніжаецца, то можа з'явіцца так званы «гемарагічны сып» у выглядзе вялікай колькасці дробных кропачак (гемарагіяў), лакалізаваных у пэўным участку цела, асабліва там, дзе ёсць павышае трэнне, на згінальных участках.

Пры зніжанай колькасці трамбацытаў нават пры лёгкім удары ў дзіцяці адразу з'яўляецца сіняк. Трывогу павінна выклікаць, калі на працягу кароткага перыяду часу без відавочных на тое прычын сінякоў стала істотна больш.

Каб выявіць востры лейкоз, дастаткова здаць кроў з пальца на агульны аналіз крыві.

Наколькі ўплывае генетыка?

Анколаг спасылаецца на вынікі высокатэхналагічных малекулярна-генетычных метадаў, якія былі недаступныя яшчэ 20-25 гадоў таму.

«Калі дарослыя анколагі гавораць і пра знешняе ўздзеянне асяроддзя, лад жыцця, то дзіцячыя спецыялісты схіляюцца менавіта да генетычнай асновы развіцця злаякасных новаўтварэнняў. Ёсць выпадкі, калі дзіця можа нарадзіцца ўжо са злаякаснай пухлінай».

Марына Барысевіч заўважае, што ёсць сітуацыі, калі дактары з дапамогаю УГД ва ўлонні маці выяўляюць пухліну ў немаўляці і адразу пасля нараджэння перадаюць яго спецыялістам РНПЦ «Маці і дзіця». А пазней, калі дзіця выхадзілі, анколагі робяць яму аперацыю.

Які працэнт паспяховасці лячэння

Спецыяліст адзначае, што на сёння дактары гавораць пра 80% выжывання ў цэлым па ўсіх злаякасных захворваннях у дзяцей. Па некаторых захворваннях гэты паказчык перавышае 90%.

Такія вынікі дасягнуты дзякуючы развіццю навуковых даследаванняў, спалучэнню навукі і практыкі, міжнародным кантактам.

Пры гэтым колькасць дзіцячай анкалогіі ў Беларусі нізкая — каля 16-17 выпадкаў на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва. У год гэта каля 300-350 выпадкаў. Але ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя да росту гэтых захворванняў у межах 1-1,5%.

Прафілактыка раку

Некаторым сем'ям дактары паведамляюць аб схільнасці да анкалагічных захворванняў і даюць рэкамендацыі. Напрыклад, зменшыць уздзеянне ўльтрафіялетавага апраменьвання.

Па словах Барысевіч, дактары не раяць рэзкую змену клімату, напрыклад, паездкі зімою на адпачынак у гарачае лета. Для таго, каб дзіця адаптавалася да змены ўмоў надвор'я, трэба месяц. Пасля вяртання дахаты столькі ж часу неабходна на адаптацыю да роднага клімату. Мала хто з бацькоў можа дазволіць такі доўгі адпачынак.

Што датычыцца знаходжання на сонцы, то спецыяліст заўважае: «Знаходжанне ў гадзіны пікавай сонечнай актыўнасці на пляжы пад адкрытым сонцам не карысна нікому».

Беларускія анколагі рыхтуюцца да рэзкага росту раку тоўстай кішкі

Гарманальная кантрацэпцыя і рызыка развіцця раку: якую сувязь паказалі новыя даследаванні

Ужыванне алкаголю спрыяе развіццю некаторых відаў раку

Чаму так шмат маладых хварэе на рак?

Nashaniva.com