Былая жонка беларускага футбаліста паскардзілася, што траціць на жыццё ў Лісабоне 9 тысяч еўра — і гэтага не хапае
Здаецца, Ксенія Калеснік не знайшла падтрымкі ў падпісчыкаў.
06.11.2024 / 08:00
Ксенія Калеснік. Фота з яе інстаграма
Раней псіхолаг і коўч Ксенія Калеснік мела прозвішча Бахар — яна была ў шлюбе з футбалістам зборнай Беларусі Іванам Бахарам.
Праз нейкі час Бахары развяліся, цяпер у Ксеніі новыя адносіны. Яна жыве з партнёрам у Партугаліі. Дзяўчына паскардзілася ў сацсетках на тое, што ў Партугаліі даход вырас у 3-4 разы, але дазволіць сабе сям’я можа менш, чым у Мінску. Зрэшты, падтрымкі яна не знайшла.
Ксенія расказала, што ў кастрычніку яны моцна абмяжоўвалі свае выдаткі, але ўсё адно патрацілі 8700 еўра. Блогерка падрабязна распісала бюджэт. Больш за ўсё пайшло на арэнду кватэры і розныя рэчы ў дом (2500 еўра), а таксама на падаткі (2200 еўра).
За прадукты агулам аддалі 810 еўра, 760 еўра склалі выдаткі на бізнэс. Рэстараны, шопінг, сфера б’юці, а таксама падарункі сумарна пацягнулі на 1200 еўра. «Менталачка» (як піша Ксенія) абышлася ў 345 еўра, спорт — у 340. Выдаткі на транспарт і электрамашыну склалі каля 200 еўра. Прыкладна столькі ж патрацілі на забавы і розныя платныя падпіскі.
Ксенія Калеснік. Фота з яе інстаграма
У каментарах Ксенія ўдакладніла, што яе саму здзівіла сума, якая пайшла на прадукты:
«Харчуемся добра, але не шыкуем. Алергія на малочку, таму замяняем усё веган-прадуктамі (яны даражэйшыя), заўсёды бяру безглютэнавую ежу, зеляніну і ягады. Але па адчуваннях зашмат усё роўна».
Яна таксама растлумачыла, чаму вырашыла дадаць падаткі ў спіс выдаткаў:
«Мы працуем дыстанцыйна і на сябе, можам жыць у любым месцы свету і наш даход не памяняецца (калі не ўлічваць санкцыйныя зоны). Таму тое, у якім падатковым рэжыме жывём, моцна ўплывае на агульную суму выдаткаў. Напрыклад, жывучы ў Грузіі, мы б плацілі 1%, і ў нас бюджэт на сябе быў бы на 2000 еўра большы. Адчувальна, праўда? Для тых, у каго даход у краіне пражывання, падаткі могуць і няправільна лічыць, а ў нашым выпадку вельмі лагічна».
Даволі чакана, што ў каментарыях з’явіліся людзі, перакананыя ў тым, што такі лад жыцця ніяк не трапляе ў катэгорыю «моцна сябе абмяжоўваем».
Ксеніі парады не спадабаліся:
«У допісе пра выдаткі я не пыталася, як мне яшчэ абмежаваць сябе, а падзялілася адчуваннямі. Жывучы ў Мінску, на сям'ю ішло 2-3 тысячы даляраў, і я адчувала сябе вельмі камфортна (але мы жылі ў сваім жыллі). І тут глядзіце, у чым затык: у нас цяпер даход «вырас у 3-4 разы», а адчуванне, што шмат жаданняў сваіх я не магу рэалізаваць, ёсць. І гэта выклікае дысананс. Псіхіка такая кшталту: «Я зарабляю моцна больш, але дазволіць не магу зноў?!» Адсюль і злосць на цэны ў Еўропе».
Беларуска расказала, як бюджэтна за тры тыдні наведаць сем еўрапейскіх краін і два моры