Грамадства137137

«Не бачу сябе ў Беларусі. Ненармальна жыць у мінулым». Былы супрацоўнік Symbal.by агаломшыў прызнаннем

«Не слухаю беларускую музыку, не чытаю беларускія кнігі, не гляджу беларускі ютуб. Больш за тое, не бачу сябе ў Беларусі», — былы супрацоўнік Symbal.by Герман Вярцінскі, зрабіў у сацсетках рэзанансную заяву. Ён распавёў «Нашай Ніве», чаму вырашыў адмовіцца (часова ці не) ад беларушчыны. І паразважаў, як, на яго думку, на такія заявы адрэагаваў бы Павел Белавус.

Герман Вярцінскі. Фота з асабістага архіва героя

Прыводзім яго маналог.

— Я пачаў цікавіцца беларушчынай у 2012 годзе, калі мне было 15. Прыйшоў да гэтага самастойна — пабачыў ва «Укантакце» суполкі пра беларускую гісторыю, потым пачаў слухаць «Ляпісаў»… Так і ўцягнуўся, пачаў цікавіцца гісторыяй, больш чытаць нашых пісьменнікаў. Прыйшоў я да гэтага самастойна, не праз бацькоў ці настаўнікаў.

Ці было гэта папулярна? Мэйнстрымна? Абсалютна не. Сярод аднакласнікаў цяжка было знайсці шмат людзей такіх жа поглядаў, у падлеткаў зусім іншыя цікавасці былі.

Тады ж пачаў цікавіцца палітыкай. Памятаю, як у запісу пераглядаў дэбаты 2010 года, сімпатызаваў Някляеву і Статкевічу. Потым я пачаў хадзіць на курсы «Мова Нанова», удзельнічаў у Днях вышыванкі, розных імпрэзах ад «Арт Сядзібы», пачаў слухаць беларускую музыку — NRM, «Крама», «Палац», «Нейра Дзюбель», Nizkiz, «Рэха» ды яшчэ дзясяткі іншых гуртоў.

Памятаю, як мне сябры казалі: «Герман, паслухай ты міжнародную музыку, у свеце столькі класных гуртоў». А мне было крута слухаць сваіх, максімум, што мог дадаць — «Океан Ельзі» і «Воплі Відоплясова».

У 2014-м я пабываў у Кіеве на апошнім канцэрце «Ляпіса Трубяцкога» ў класічным складзе. Стадыён Лабаноўскага, 30 тысяч людзей, незабыўныя эмоцыі… Тады ж у Кіеве набыў сабе вышыванку, бо ў Беларусі цяжка было знайсці.

Я ездзіў за мяжу паслухаць беларускія гурты, якія не маглі выступаць у Беларусі. На матчы футбольнай зборнай ездзіў, каб падтрымаць нашых гульцоў, заўсёды браў з сабой бчб-сцяг. Нават калі ездзіў у ЗША па праграме Work and Travel, распавядаў там пра Беларусь, паказваў нацыянальныя сімвалы, даваў амерыканцам паслухаць беларускія песні. Для мяне важна было замежнікам распавесці пра Беларусь, бо тады пра нас мала хто ведаў.

Герман Вярцінскі. Фота з асабістага архіва героя

З 2019 па 2021 год працаваў у Symbal.by, гэта былі класныя часы, цудоўныя людзі, мы шмат зрабілі для папулярызацыі беларушчыны сярод людзей. Паша Белавус заслугоўвае шмат павагі за ўсё, што ён зрабіў для Беларусі.

Не магу сказаць, што гэта была праца маёй мары — гэта было б вельмі гучна. Да гэтага я працаваў крэдытным аналітыкам малога і сярэдняга бізнэсу — і быў даволі паспяховым. Але ў нейкі момант мне стала цікава паглядзець, як працуе бізнэс. Паколькі мне была вельмі блізка тэма беларушчыны, я напісаў Пашы Белавусу. І гэта быў сапраўды вельмі класны і карысны досвед.

У 2021-м я пераехаў у Кіеў, там працягваў наведваць беларускія імпрэзы, канцэрты, яшчэ больш палюбіў Украіну. Для мяне яна стала другім домам. Гэта быў прыклад, якой бы я хацеў бачыць Беларусь, асабліва ў плане развіцця культуры, нацыянальнай ідэнтычнасці. Я пачаў слухаць шмат украінскай музыкі, украінцы — вельмі таленавітыя творцы. 

Узімку 2022-га я паехаў у Лісабон на зімоўку на 2-3 месяцы. Узяў з сабой адзін маленькі заплечнік, а ўсе рэчы пакінуў у Кіеве. Ну вось так мая зімоўка ўжо і расцягнулася на некалькі гадоў. І цяпер я разумею, што планую застацца ў Партугаліі і не разглядаю вяртанне ў Беларусь ці Украіну. 

І дагэтуль я працягваў займацца рознымі праектамі, звязанымі з Беларуссю, але яшчэ ў мінулым годзе зразумеў, што ў мяне не гараць вочы, я ўжо не цікаўлюся гэтай тэмай, як і раней. Мой галоўны прынцып апошнім часам — рабі шчыра. А няшчыра не рабі. Таму я і вырашыў сысці з усіх праектаў і рабіць тое, што мяне будзе натхняць і дзе я змагу натхняць і даваць энергію іншым. 

Вось я і вырашыў падзяліцца ў сторыс сваім рашэннем і часткай жыцця для сваіх сяброў. Атрымаў дзясяткі паведамленняў падтрымкі.

Потым мне даслалі пост, што мяне ўжо нехта ў твітары абмяркоўвае. Пісалі, што галоўная мэта — «патусавацца і пахайпіцца», што для мяне «беларушчына — забаўка на перыяд пубертату».

Ну вось праз такіх людзей я і не хачу заставацца ў гэтым варушняку.

Калі пачынаюць разважаць, хто сапраўдны беларус, а хто не. Не размаўляеш па-беларуску — не беларус? Не цікавішся гісторыяй і не чытаеш кнігі — не беларус? Не любіш дранікі — не беларус? Ну тады мы зноў застанемся ў беларускамоўным гета для абраных і ўсё жыццё правядзем у эміграцыі, але будзем біць сябе ў грудзі «затое я сапраўдны беларус!».

Герман Вярцінскі. Фота symbal.by

Хто такі беларус? Той, хто мае беларускі пашпарт? Ці той, хто сябе лічыць беларусам? Для мяне беларусы — гэта прыхільнікі і Лукашэнкі, і Ціханоўскай, і хто зусім не цікавіцца палітыкай ці нават культурай. Яны ўсе беларусы, і з імі ўсімі трэба размаўляць і працаваць. Не выключаць іх з беларусаў, а наадварот — падцягваць да беларушчыны, распавядаць, што гэта крута і класна.

Я цяпер ніяк не спажываю беларускамоўны ды нават проста беларускі кантэнт. Мне гэтага хапіла ў маім жыцці. Я не хачу мерацца, хто бОльшы беларус і хто больш прачытаў кніжак ці паслухаў музыкі.

Упэўнены, хапае людзей, якія зрабілі для Беларусі нашмат больш, чым я. Але калі б кожны, зрабіў столькі, колькі я, мы б цяпер размаўлялі на іншыя тэмы. Маё сумленне перад сабой чыстае, а што падумаюць іншыя людзі — мне ўсё роўна.

Мне цяпер прыемней паслухаць Pink Floyd ці, напрыклад, джаз, а вось беларуская музыка не выклікае ніякіх эмоцый. Пры гэтым я ўвесь мінулы год на валанцёрскіх умовах дапамагаў тэлеграм-каналу «КЛІК», дзе мы распавядалі пра малавядомых беларускіх музыкаў. Раю падпісацца, каб сачыць за беларускай музыкай.

Паставіць на паўзу беларушчыну не было рашэннем аднаго дня. Гэта быў доўгі працэс. Яшчэ ў 2022 годзе я быў упэўнены, што вярнуся ў Беларусь. Але пасля пачатку вайны, а асабліва калі стала зразумела, што гэта надоўга, адчуў, што мяне ўсё гэта менш цікавіць. Вырашыў даць сабе паўгода, а потым зрабіць чэкін і зразумець, што адчуваю. У мінулым годзе вырашыў, што апошні раз даю сабе паўгода, каб напрыканцы прыняць рашэнне. І вось 1 сакавіка я зразумеў, што стаўлю кропку — можа і коску, але пакуль дакладна стоп.

Калі б я жыў у Кіеве ці Варшаве, можа б, я разважаў па-іншаму. Але я жыву ў Лісабоне, у мяне цяпер іншае кола камунікацыі, іншыя інтарэсы. Сюды прыязджалі NaviBand, РСП, Вольскі, Ляпіс. Я быў толькі на адным канцэрце, дый тое, проста каб сустрэцца са знаёмымі, бо тут беларусы не так часта збіраюцца вялікімі кампаніямі.

У сваім жыцці я наведаў больш за сотню канцэртаў беларускіх гуртоў, мне хапіла. Я паглядзеў тысячы відэа на ютубе, я ўжо нічога новага там не даведаюся. Але няхай глядзяць іншыя, прыходзяць да беларушчыны — гэта крута.

Шмат хто пачаў цікавіцца толькі ў 2020-м. Некаторыя змагары (я нармальна стаўлюся да гэтага слова) абураліся імі. «Вось, неафіты, дзе вы былі раней, пакуль мы тут змагаліся?». Дык гэта нармальна, што ў кожнага свой шлях. І трэба падтрымліваць, а не адштурхоўваць такіх людзей.

Мне падабаецца фраза аднаго знаёмага, які сказаў: «Я ўжо не вярнуся ў Беларусь жыць, але хочацца дапамагчы зрабіць аўтамабіль пад назвай «Новая Беларусь», каб ён мог паехаць і без мяне».

Скажу шчыра, мне не падабаецца, што адбываецца ў дэмакратычных сілах. Прыкладна год таму паўжартам (а можа, і не) адзін дэпутат Каардынацыйнай рады забараніў мне ўезд у Новую Беларусь. Бо я сказаў, што людзям унутры краіны ўсё роўна на гэтых дэпутатаў.

Ну дык вось, мне такая Новая Беларусь і не патрэбна. Якая не надта адрозніваецца ад дзеючай улады — толькі іншыя колеры, а прынцыпы тыя ж самыя. Я для сябе новую Беларусь ужо пабудаваў. Гэта людзі, якія знаходзяцца побач са мной. Пры гэтым мы можам быць у розных краінах ці нават кантынентах, але ўсё адно трымаць гэтую сувязь.

Герман Вярцінскі. Фота symbal.by

Я з павагай стаўлюся да ўсіх адданых Беларусі людзей, але магу зразумець і тых, хто расчараваўся ў Беларусі і беларусах.

Цяпер выдаліў твітар, архіваваў усе чаты, адпісаўся ад навін, не заходжу ў фэйсбук. І адчуваю сябе добра.

Хачу жыць сваё жыццё. Мне цяпер цікава даведацца людзей з усяго свету. Як і шмат людзей, я жыў сваёй бурбалцы. Беларускай, потым беларуска-украінскай. Мне цікава даведацца, а што там у галовах у людзей з Каба-Вердэ, з Бразіліі. Свет шырокі, разнастайны, ён не абмяжоўваецца толькі нашымі сябрамі ці межамі нашай краіны.

Я ўсё яшчэ застаюся беларусам, люблю сваю Радзіму і шмат беларусаў. Беларусы — крутыя. Але вядома, як і ва ўсіх нацыях, не ўсе.

На жаль, у многіх беларусаў ёсць абмежаванасць у першую чаргу ў галовах, нам будавалі сцены ў галаве і мы працягваем іх будаваць сабе ды іншым. А давайце разбурым гэтыя муры. У першую чаргу ў сваёй галаве.

Я не ведаю, чым я далей буду займацца і якім будзе маё жыццё. Але вось на гэты момант я адчуваю так. Магчыма, нешта зменіцца. Гэта нармальна, людзі мяняюцца, гэта лепш чым быць закасцянелым. Адзінае, я ведаю, што буду працягваць рабіць — прытрымлівацца прынцыпаў, якія заўсёды са мной: любоў, свабода, павага, шчырасць. Рабіць шчыра ды прасоўваць любоў. Цяпер нашаму свету гэта так патрэбна.

Вельмі люблю вандраваць. Шмат вандраваў па Беларусі — пачаў гэта рабіць яшчэ ў дакавідную эпоху, калі гэта не было папулярным. Праз вандроўкі я дапамагаў іншым людзям палюбіць родны край.

Цяпер вандрую па Партугаліі, таксама людзей да гэтага прыцягваю. Плюс люблю музыку — цудоўна было б, калі б атрымалася аб'яднаць гэтыя два хобі.

Як бы Паша Белавус адрэагаваў на маё рашэнне? Не ведаю дакладна. Паша — вельмі адданы Беларусі чалавек. Мы з ім размаўлялі за некалькі тыдняў да яго затрымання. Ён казаў, што добра разумее рызыкі, але хоча застацца на радзіме. Гэта быў яго свядомы выбар — я не магу яго крытыкаваць.

Думаю, ён бы здзівіўся майму рашэнню, але б сказаў «Акей». Я рабіў свой унёсак у беларушчыну — і рабіў яго шчыра. Нармальна, калі ў чалавека пачынаецца новы этап у жыцці. Ненармальна, калі ён спрабуе жыць у мінулым.

Каментары137

  • Мне сорамна
    28.03.2024
    Зараз Паша і іншыя за кратамі, а яму ў Партугаліі не так сказалі нешта. Ганьба. Хаця, іх рада так сама ганьба. Вернемся, пане Глебу, і будем зноў на сваей старонцы. Не кажыце, лайно. 
  • Пошел вон, негодяй
    28.03.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Той-сёй
    28.03.2024
    Рабі шчыра, а не шчыра - не рабі.
    Залатыя словы

Сёння адкрываюцца новыя станцыі метро6

Сёння адкрываюцца новыя станцыі метро

Усе навіны →
Усе навіны

Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску27

На вайне ва Украіне загінуў былы футбаліст зборнай Расіі10

Як зарабляць на YouTube пасля адключэння манетызацыі ў Беларусі? Гэта цалкам магчыма

Халезін: Мы дабраліся да Хілары Клінтан і дамовіліся аб санкцыях18

Польшча дапаможа Украіне, калі Славакія адключыць электраэнергію з-за газавага канфлікту16

Расійскія мытнікі затрымалі рэкордную партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі1

«Колькі за камуналку?» Тыкток уразіла навагодняя ілюмінацыя дома пад Вілейкай1

У маскоўскім СІЗА знойдзены мёртвым турагент, затрыманы за арганізацыю падарожжаў для геяў5

У мінскіх школах забаранілі не толькі Санту і замежныя хіты, але і калядныя песні16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёння адкрываюцца новыя станцыі метро6

Сёння адкрываюцца новыя станцыі метро

Галоўнае
Усе навіны →