Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне
У дзяўчыны з Гродна апошнія сур'ёзныя адносіны скончыліся год таму. Яна вырашыла, што надышоў час хадзіць на спатканні. Але высветлілася, што з хлопцамі ўзросту 22—30 гадоў у горадзе крызіс.
06.11.2024 / 20:21
Скрыншот відэа ў тыктоку
Пра складаную сітуацыю пошуку блогерка Яна распавяла ў тыктоку:
— Я пачала думаць аб тым, дзе можна пазнаёміцца з хлопцам. Я сядзела на «Дайвінчыку» (бот у тэлеграме для знаёмстваў). Гэта нейкі жах. Мабыць, з тысячы анкет, якія я бачыла, адэкватных было максімум дзесяць. Таксама я вельмі люблю шпацыраваць. І калі пахадзіць па горадзе, то вы пераканаецеся ў тым, што дзяўчат у чатыры разы больш.
Дзяўчына звяртае ўвагу і на наведвальнікаў спартовай залы, дзе сама займаецца. Вынік назіранняў таксама сумны: палова прысутных — гэта школьнікі, а хлопцаў, якія трапляюць ва ўзроставую катэгорыю Яны, няшмат.
— Перашкаджае ў пошуку партнёра і тое, што мой рост — 175 сантыметраў. Знайсці хлопца, які хаця б 180 сантыметраў, не вельмі лёгка.
У іншым роліку блогерка распавяла, як трапіла ў непрыемную сітуацыю ў начным клубе. Яна пачала размаўляць са сваім знаёмым, але яе адштурхнула і абмацюкала іншая дзяўчына, якой той хлопец спадабаўся. Блогерка лічыць, што гэта ўсё таксама вынік высокай канкурэнцыі за хлопцаў, якіх у Гродне не хапае.
Агулам два відэа набралі каля 265 тысяч праглядаў і справакавала дыскусію. Шмат хто з каментатараў адзначыў, што хлопцаў сапраўды стала менш, бо шмат хто з’ехаў за мяжу.
Нехта з маладых людзей прызнаўся, што большую частку часу праводзіць на працы, а пасля ўжо не мае сіл на нейкія тусоўкі і знаёмствы. Прыйшлі і некалькі мам, якія паскардзіліся, што сыны пасля працы ўвесь вольны час праводзяць за камп’ютарам, а прымусіць іх пайсці кудысьці пагуляць немагчыма.
Але былі і цікавыя парады па пошуку партнёра: «Купіце вуду і схадзіце на Нёман. І я ўпэўнены, што дадому вы адна ісці не будзеце. Цвярозы, на прыродзе, у цішыні, без тэлефона. Хапайце і не адпускайце».
«Вай, ты мяне скарыла!» Журналістка «Нашай Нівы» пратэсціравала расійскі аналаг Tinder
Не толькі Tinder. Дзе цяпер шукаць пару — на ўсё жыццё і на адну ноч