«Не адчайвайцеся»: Камала Харыс выступіла перад прыхільнікамі
«Дэмакратыя — гэта калі той, хто прайграў, сыходзіць, пацярпеўшы паразу», — нагадала яна.
07.11.2024 / 07:42
Камала Харыс. Фота: Stephanie Scarbrough / AP
Камала Харыс, якая прайграла прэзідэнцкія выбары, выступіла перад сваімі прыхільнікамі, заклікаўшы тых, хто яе падтрымліваў, не адчайвацца і верыць у тое, што гэта параза — толькі прайграная бітва ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці, якая абавязкова скончыцца перамогай, піша Бі-бі-сі.
«Я ведаю, шмат каму здаецца, што наступаюць цёмныя часы, але — дзеля ўсіх нас — я вельмі спадзяюся, што гэта не так», — сказала яна, паабяцаўшы дапамагчы ў мірным працэсе перадачы ўлады адміністрацыі Трампа.
Канчатковыя вынікі яшчэ не падведзеныя, аднак перамога Трампа непазбежная: ён ужо дакладна перамог у пяці з сямі Штатаў, ключавых для абодвух кандыдатаў, і ўпэўнена лідзіруе ў Невадзе і Арызоне, дзе падлік галасоў яшчэ працягваецца.
На гэты раз дэмакраты прайгралі рэспубліканцам не толькі Белы дом, але і большасць у Палаце прадстаўнікоў, хоць канчатковы расклад сіл там таксама яшчэ трэба будзе вызначыць.
На падвядзенне канчатковых вынікаў галасавання можа пайсці некалькі дзён. Аднак Камала Харыс ужо дала зразумець, што — у адрозненне ад свайго суперніка, які адмовіўся ў 2020 годзе прызнаць перамогу Джо Байдэна, — яна паважае выбар амерыканскага народа, які сказаў ёй пераканаўчае «не», і падпарадкуецца волі выбаршчыка.
«Дэмакратыя — гэта калі той, хто прайграў, сыходзіць, пацярпеўшы паразу, — нагадала яна. — Прызнае перамогу апанента, а не аспрэчвае вынікі галасавання. Так выяўляецца сапраўдная павага да свайго выбаршчыка».
Падзякаваўшы тым, хто падтрымліваў яе на працягу ўсёй кампаніі, яна паабяцала ім працягнуць іх агульную барацьбу. Для перамогі ў ёй, па яе словах, дастаткова проста не здавацца.
З асобным пажаданнем яна звярнулася да сваіх маладых выбаршчыкаў.
«Падчас перадвыбарчай кампаніі я часта паўтарала: калі ты працягваеш змагацца, ты абавязкова пераможаш, — нагадала яна. — Я хачу падкрэсліць: усё будзе добра».
«Не кожную бітву ўдаецца выйграць. Але прызнанне паразы зусім не значыць, што фінальная перамога не будзе за намі. Таму што ў фінале мы дакладна возьмем верх — і будзем перамагаць датуль, пакуль не здамося і не спынім барацьбу», — запэўніла яна.
Прыхільнікі адказалі ёй ухвальнымі воклічамі і апладысментамі. Свіст пачуўся толькі адзін раз — калі яна згадала, што патэлефанавала Дональду Трампу, каб павіншаваць яго з перамогай.
Харыс і Байдэн павіншавалі Трампа з перамогай і абмеркавалі з ім перадачу ўлады
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
Лукашэнка заявіў пра подзвіг Трампа і пажадаў Амерыцы «зноў стаць вялікай»
Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА
Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс