Інфекцыяніст: Вірус Марбург не стане новай сусветнай пандэміяй

Два інкубацыйныя перыяды ліхаманкі Марбурга хутка пройдуць, і новых выпадкаў у Еўропе не будзе зарэгістравана, заявіў намеснік галоўнага доктара Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Святаслаў Вельгін, піша «Спутнік».

07.11.2024 / 07:55

Фота: IMAGE POINT FR/NIH/NIAID/BSIP/Universal Images Group via Getty Images

Ён адзначыў, што хвароба, выкліканая вірусам Марбург, па старой наменклатуры адносіцца да асабліва небяспечных інфекцый. Па словах інфекцыяніста, трохі ёсць інфекцый, якія ўяўляюць небяспеку для аховы здароўя ў сусветным маштабе.

«Ліхаманка Марбурга небяспечная тым, што яна перадаецца не толькі ад нейкіх пераносчыкаў, але і ад чалавека да чалавека. Большасць хворых у Афрыцы — гэта медыцынскія работнікі, на жаль. Сапраўды, ёсць рызыкі, але на дадзены момант яны практычна нівеляваліся, бо два інкубацыйныя перыяды (42 дні) хутка пройдуць і новых выпадкаў у Еўропе не будзе зарэгістравана», — сказаў Вельгін.

Успышка гемарагічнай ліхаманкі Марбург была зафіксавана ў Руандзе ў канцы верасня гэтага года. Паводле апошніх звестак СААЗ, ад яе ўжо загінулі 15 чалавек, яшчэ 62 лічацца інфікаванымі. Такім чынам, узровень смяротнасці складае 24,2%. У апошнія гады выпадкі ліхаманкі Марбург, акрамя Руанды, рэгістраваліся ў Кеніі, Угандзе, Конга, Анголе і Зімбабвэ.

Успышка віруса Марбург можа перарасці ў новую пандэмію. Што гэта за хвароба?

Падазрэнне на вірус Марбург у Гамбургу не пацвердзілася

Цэнтральны вакзал Гамбурга перакрывалі з-за рэдкага смяротнага віруса, які забівае да 90% ахвяр

Nashaniva.com