Экс-міністр інфармацыі Луцкі стаў весці «Контуры» на канале АНТ — які сам і ўзначальвае
Былы галоўны ідэолаг краіны вярнуў праграму ў эфір і сам стаў у кадр.
11.11.2024 / 12:13
Ігар Луцкі ў эфіры АНТ. Скрыншот відэа
АНТ напярэдадні прадставіў старую новую выніковую інфармацыйную праграму. У эфір вярнуліся звыклыя «Контуры», але з новым вядоўцам. Працаваць у кадры стаў кіраўнік тэлеканала Ігар Луцкі.
«Контуры» закрылі ўлетку. Апошні выпуск старой праграмы выйшаў 27 жніўня, яго вёў Ігар Позняк. Пасля гэтага па нядзелях выходзіла іншая выніковая праграма — «Наш час».
Цяжка сказаць, што змянілася з перазапускам праграмы. Формат застаўся ранейшым — асноўныя, паводле меркавання аўтараў, сюжэты за тыдзень з каментарыем новага вядоўцы. Яго асоба — гэта, уласна, і ёсць галоўная навінка, дзеля якой, магчыма, «Контуры» і вярнуліся ў эфір.
Луцкі вырашыў дапоўніць звыклую ролю адміністратара не зусім звыклай роляй вядоўцы — і адразу ў галоўнай інфармацыйнай праграме канала. У першым выпуску адсутнасць адпаведнага досведу ў экс-міністра інфармацыі кідалася ў вочы.
Ігар Луцкі ўзначаліў АНТ у чэрвені, змяніўшы Марата Маркава, які пайшоў на павышэнне ў ўрад. Да гэтага выпускнік факультэта радыёфізікі БДУ працаваў у прафсаюзах, быў намеснікам дырэктара БелТА, намеснікам міністра інфармацыі і дырэктарам СТВ.
Улетку 2020-га ён узначаліў Мінінфарм, у красавіку заняў крэсла галоўнага ідэолага ў адміністрацыі Лукашэнкі і стаў адным з галоўных архітэктараў рэпрэсій супраць незалежных СМІ. Пры Луцкім практычна ўсе непадкантрольныя ўладам медыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя з краіны.
Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка АНТ і міністра працы
Марата Маркава прызначылі міністрам інфармацыі
Луцкі: Мы выяўляем людзей, якія не падтрымліваюць Лукашэнку
Луцкі: «Жыццё ў краіне працягваецца … дзякуючы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку»