Пракуратура праверыла фермы Гомельшчыны. Факты жахлівыя
У той час, як прапаганда імкнецца давесці, што эканоміка краіны знаходзіцца на пад'ёме, сапраўдны стан рэчаў у сельскай гаспадарцы сведчыць аб іншым.
13.11.2024 / 11:30
«Белпол» падзяліўся з «Нашай Нівай» копіяй дакумента, які пракуратура Гомельскай вобласці накіравала першаму намесніку старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыю Петражыцкаму.
У ім адзначаецца, што за 8 месяцаў 2024 года ў Гомельскай вобласці падзёж буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 22,3%. Прычым гэтая тэндэнцыя назіралася ў 20 з 21 раёнаў вобласці. Найбольш жахлівыя лічбы ў Калінкавіцкім і Буда-Кашалёўскім раёнах, дзе павелічэнне адбылося адпаведна ў 3,8 і 3,3 разу.
Праверка выявіла, што асноўнымі прычынамі падзяжу стала няправільнае кармленне (амаль 46% выпадкаў) і ўтрыманне (48%) жывёлы. Напрыклад, было выяўлена, што ў летнюю спёку ў паілках нават не было вады.
Нягледзячы на тое, што Лукашэнка некалі абураўся «абасранымі каровамі», выглядае на тое, што на Гомельшчыне пра гэта забыліся.
Праверка паказала, што несвоечасова чысцяцца стойлы, мяняецца падсцілка, праводзіцца дэзынфекцыя.
Пракуратура прызнае, што на сітуацыю ўплывае і недахоп спецыялістаў. Так на 1 верасня ў цэлым па вобласці не хапала 236 (26,6%) ветэрынараў і 226 заатэхнікаў (16,9%).
Адметна, што абласное начальства ў чэрвені мінулага года прыняло пастанову, згодна з якой за кожным са старшыняў райвыканкамаў замацавалі па дзве «праблемныя» гаспадаркі. Але, як паказала жыццё, гэта не дало чаканага эфекту.
Рост падзяжу назіраўся ва ўсіх гаспадарках, якія былі замацаваны за старшынямі райвыканкамаў васьмі раёнаў вобласці, і ў палове такіх гаспадарак яшчэ дзевяці раёнаў. Найбольш дрэнна выглядалі справы ў гаспадарцы «Вежны» Светлагорскага раёна (рост у 5,9 раза), «Балотня» Рагачоўскага (у 3,7 раза), «Радзіма» Калінкавіцкага (у 3,5 раза).
На малочнай ферме «Варатын», замацаванай за старшынёй Калінкавіцкага райвыканкама, ва ўсіх 19 цялят не было ніякага корму. Пры гэтым на тэрыторыі фермы ёсць склад, дзе на момант праверкі было 8 мяшкоў патрэбнага корму, але брыгадзір не сачыў за сітуацыяй.
Пракуратура адзначае, што прычынай такога становішча з'яўляецца неадпаведнае выкананне сваіх абавязкаў работнікамі гаспадарак, адсутнасць кантролю з боку спецыялістаў і службовых асоб, а таксама неэфектыўнае кіраўніцтва з боку кіраўнікоў гаспадарак і райвыканкамаў.
Але нікога звольніць не прапануюць. Пералік патрабаванняў з боку пракуратуры складаецца з пунктаў, які пачынаюцца са слоў «забяспечыць», «прыняць меры», «павысіць», «арганізаваць».
Да чаго яшчэ дадумаюцца чыноўнікі, якія неардынарныя рашэнні прымуць, каб палепшыць сітуацыю, пакажа жыццё. Толькі падаецца, што цяляты і каровы да гэтага не дажывуць.
Лукашэнка: Ты паглядзі на гэтую скаціну! Яна ж уся абасраная! ВІДЭА
Лукашэнка расказаў, якія жывёлы прыходзяць да яго ў начных снах
Кароў у Германіі вучаць хадзіць у туалет: гэта дапаможа знізіць парніковы эфект