Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?
Жарты жартамі, а ў зноў абранага прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа сапраўды ёсць магчымасці абысці сістэму і заставацца прэзідэнтам краіны даўжэй за належнае па амерыканскай Канстытуцыі. Расказваем, якімі інструментамі той можа скарыстацца і ці былі падобныя прэцэдэнты ў гісторыі краіны.
21.11.2024 / 07:00
Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Alex Brandon
Дональд Трамп, які яшчэ не ўступіў на пасаду прэзідэнта ЗША, загаварыў пра магчымасць трэцяга тэрміну.
«Я падазраю, што не буду балатавацца зноў, калі вы не скажаце: «Ён добры, мы павінны прыдумаць нешта», — правакацыйна сказаў Трамп сваім прыхільнікам.
Слухачы Трампа ўспрынялі яго словы як жарт, бо амерыканскім заканадаўствам трэці тэрмін на прэзідэнцкай пасадзе забаронены. 22-я папраўка Канстытуцыі ЗША абвяшчае, што «ніхто не можа быць абраны прэзідэнтам больш чым на два тэрміны» (незалежна ад таго, ці адбываецца гэта запар, або з перапынкам).
І папраўка гэтая была ўведзена не проста так.
Рэч у тым, што закладзеная яшчэ першым амерыканскім прэзідэнтам Джорджам Вашынгтанам і падтрыманая іншымі бацькамі-заснавальнікамі ЗША традыцыя не балатавацца на прэзідэнцкі тэрмін больш за два разы (1797 год) доўгі час не была замацаваная юрыдычна. Усе наступныя прэзідэнты ЗША мелі права пераабірацца ў трэці раз, але не рабілі гэтага, каб не парушаць традыцыю. Усе, акрамя 32-га прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі Франкліна Рузвельта.
Франклін Рузвельт стаў першым і адзіным у гісторыі прэзідэнтам ЗША, які ў абыход традыцыі абраўся на пасаду ажно чатыры разы запар (1933—1945) і адышоў ад улады толькі з прычыны смерці ад інсульту (у пачатку свайго чацвёртага тэрміну).
Гэты прэцэдэнт вымусіў Кангрэс ЗША ў 1947 годзе прыняць 22-ю папраўку з юрыдычным абмежаваннем на тэрміны прэзідэнцтва, якая ўступіла ў сілу ў 1951 годзе. З тых часоў пакуль ніхто не адважваўся абысці папраўку або адмяніць яе.
Чатырохразовае абранне Франкліна Рузвельта прэзідэнтам тлумачыцца тым, што палітык пад канец свайго другога тэрміну ў 1941 годзе меў вялікую народную папулярнасць за пераадоленне ў краіне катастрафічных эканамічных наступстваў Вялікай дэпрэсіі і прапаноўваў сябе ў якасці адзінага кандыдата, здольнага забяспечыць стабільнасць і росквіт ЗША на фоне Другой сусветнай вайны. Потым на наступных выбарах у 1944 годзе Рузвельт быў ізноў пераабраны, бо многія амерыканцы лічылі, што змена прэзідэнта ў разгар вайны магла дэстабілізаваць урад і парушыць планы вайсковых аперацый.
Першы прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтан (два тэрміны: 1789-1797) і 32-гі прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт (чатыры тэрміны: 1933-1945). Фоты: Wikimedia Commons
Тым часам Дональд Трамп, які стаў 47-м прэзідэнтам ЗША, і Рэспубліканская партыя пасля выбараў атрымалі поўны кантроль над усім Кангрэсам ЗША (у двух палатах рэспубліканцы ўзялі большасць) і Белым домам, фактычна завалодаўшы заканадаўчай і выканаўчай уладай у краіне.
Разам з тым Трамп не раз публічна дапускаў рэзанансныя выказванні датычна канстытуцыйнага ладу ЗША, калі заяўляў на перадвыбарчых мітынгах, што «пасля перамогі зробіць так, каб людзям больш не прыйшлося галасаваць на выбарах», ці што «ён лічыць памылковым свой сыход з прэзідэнцкай пасады пасля пройгрышу на выбарах 2020 года».
Калі ўлічваць усю гэтую рыторыку Трампа і дасягнутую ягонымі прыхільнікамі перавагу на палітычным полі Амерыкі, можна тэарэтычна дапусціць сцэнар, пры якім новаабраны прэзідэнт будзе шукаць магчымасці не страціць заваяваны ўплыў і нават пайсці на трэці тэрмін.
Калі так, то якім чынам Трамп зможа гэта зрабіць, нягледзячы на канстытуцыйную забарону? Ёсць некалькі варыянтаў.
Элегантная ракіроўка
Парадаксальна, але адказ на пытанне аб магчымасці захаваць прэзідэнцтва ў абыход Канстытуцыі можа быць знойдзены ў самой Канстытуцыі. Дапамагчы ў пошуках можа Вярхоўны суд ЗША, дзе Трамп таксама мае большасць.
Вярхоўны Суд ЗША — гэта галоўны орган-інтэрпрэтатар амерыканскай Канстытуцыі і вышэйшая судовая інстанцыя краіны, у якой пажыццёва засядаюць дзевяць суддзяў, якія прызначаюцца прэзідэнтам ЗША (змены адбываюцца толькі калі суддзі паміраюць ці добраахвотна сыходзяць на пенсію). Вярхоўны Суд можа быць як апеляцыйнай інстанцыяй (яго рашэнне ўжо не падлягае абскарджанню), так і працаваць у якасці суда першай інстанцыі (калі прадметам разгляду становяцца дзеянні першых асоб дзяржавы, ці калі адзін штат судзіцца з іншым).
Так сталася, што шэсць суддзяў з дзевяці ў цяперашнім складзе Вярхоўнага суда за апошнія дзесяцігоддзі былі прызначаныя прэзідэнтамі ад Рэспубліканскай партыі (трое з іх былі прызначаныя Дональдам Трампам у ягоны першы тэрмін). Старшыня Вярхоўнага суда таксама прарэспубліканскі.
Менавіта дзякуючы Вярхоўнаму суду Дональд Трамп змог легальна ўдзельнічаць у нядаўніх выбарах, бо атрымаў ад суда «частковы імунітэт» ад крымінальнага пераследу за любыя дзеянні, учыненыя мільярдэрам падчас яго першага прэзідэнцкага тэрміну (у тым ліку за меркаваную змову з мэтай адмяніць вынікі выбараў 2020 года, судовы працэс па якой ідзе дагэтуль).
Дональд Трамп на адным з судовых пасяджэнняў. Фота: Curtis Means/Pool Photo via AP
Валоданне Вярхоўным Судом дае бясспрэчны ўплыў на інтэрпрэтацыю ўсіх законаў ЗША, у тым ліку 22-ой папраўкі канстытуцыі, бо ў яе ёсць адно слабае месца — акцэнт на словах «абраны» і «абірацца».
Папраўка забараняе любому былому прэзідэнту ЗША менавіта «абірацца» больш за два разы, што пры патрэбнай рэспубліканцам трактоўцы адкрывае першы патэнцыйны варыянт захавання прэзідэнцкай улады для Трампа — ракіроўка.
Напрыклад, прызначаны Дональдам Трампам віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс на наступных выбарах 2028 года можа памяняцца з мільярдэрам месцамі і ўзяць таго ў якасці свайго віцэ-прэзідэнта, што дасць Трампу магчымасць ізноў заняць прэзідэнцкую пасаду.
І нават 12-ая папраўка канстытуцыі ЗША, якая была спецыяльна ўведзена Кангрэсам для знішчэння гэтай шчыліны ў заканадаўстве, таксама пры пэўнай юрыдычнай маніпуляцыі можа быць абмінута, бо яна гэтак жа канцэнтруецца на слове «абраны».
Тэкст 12-ай папраўкі канстытуцыі ЗША (пачала дзейнічаць у 1804 годзе) абвяшчае: «Ніводная асоба, якая не адпавядае канстытуцыйным патрабаванням па абранні на пасаду прэзідэнта, не падлягае абранню і на пасаду віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў».
У цяперашніх рэаліях 12-ая папраўка забараняе віцэ-прэзідэнцтва таму, хто ўжо адслужыў два прэзідэнцкія тэрміны. Але закон не забараняе віцэ-прэзідэнту быць менавіта «прызначаным», што можа адбыцца, калі першапачатковы віцэ-прэзідэнт падаў у адстаўку, і прэзідэнту трэба тэрмінова шукаць яму замену.
Такі прэцэдэнт ужо аднойчы быў у амерыканскай гісторыі. Джэральд Форд у 1973 годзе стаў першым чалавекам у ЗША, хто заняў пасаду віцэ-прэзідэнта не ў выніку выбараў, а праз прызначэнне. Тагачасны амерыканскі прэзідэнт Рычард Ніксан прызначыў Форда замест свайго віцэ-прэзідэнта Спіра Тэадора Агню, які сышоў у адстаўку з-за абвінавачанняў у карупцыі.
Але сам Форд перад гэтым ніколі не займаў пасаду прэзідэнта, ён зойме яе толькі пасля Ніксана ў выніку адстаўкі апошняга, што зробіць Форда яшчэ і адзіным прэзідэнтам у гісторыі ЗША, які не абіраўся на выбарах, а быў прызначаны.
Калі браць падобны сцэнар за аснову, Джэй Дзі Вэнс (ці нехта іншы ад рэспубліканцаў) мог бы ісці на наступныя прэзідэнцкія выбары не ў пары з Дональдам Трампам, але затым пасля паспяховага абрання адправіць у адстаўку свайго першага віцэ-прэзідэнта (кім бы ён ні быў), каб замест яго прызначыць ужо Трампа. Затым Вэнс можа сам пайсці ў адстаўку па любой прычыне, што па законе аўтаматычна зробіць Трампа прэзідэнтам у чарговы раз.
Пры гэтым, паводле канстытуцыі ЗША, для прызначэння новага віцэ-прэзідэнта неабходна заручыцца большасцю галасоў у абедзвюх палатах Кангрэса, што пры ўмове захавання там сённяшняй перавагі Рэспубліканскай партыі да наступных выбараў можа аказацца лёгкай задачай.
Дональд Трамп і абраны ім віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс. Фота: Evan Vucci / AP
Астатнія варыянты
Сцэнар з ракіроўкай пры падтрымцы Вярхоўнага суду і Кангрэсу — адзіны, які не запатрабуе зменаў у Канстытуцыі альбо ўвядзення надзвычайнага ці ваеннага становішча, каб захаваць для Трампа прэзідэнцкую ўладу больш чым на два тэрміны (пры ўмове захавання шырокай народнай падтрымкі).
Іншыя варыянты, як вынікае з папярэдняга сказу, такія.
1. Трамп можа ўвесці надзвычайнае становішча, спаслаўшыся, напрыклад, на ўмоўны рэзкі ўзрост вайсковай нестабільнасці ў свеце, маштабны эканамічны крызіс, аперацыю па дэпартацыі ўсіх нелегальных мігрантаў з ЗША, спробу дзяржперавароту з боку замежных сіл ці ўнутраных апанентаў улады альбо іншыя пагрозы, каб атрымаць дадатковыя паўнамоцтвы і адкласці выбары. Але нават пры падтрымцы Вярхоўнага суда такое рашэнне з вялікай верагоднасцю справакуе масавыя пратэсты ці ўзброенае паўстанне, і можа быць аспрэчана абедзвюма партыямі як парушэнне амерыканскай канстытуцыі. Дарэчы, на момант напісання артыкула «Нашай Нівы» Дональд Трамп пацвердзіў у сваёй сацсетцы Truth Social, што ягоная адміністрацыя гатова ўвесці рэжым надзвычайнага становішча па ўсім ЗША і задзейнічаць армію, каб зладзіць поўнамаштабную аперацыю па дэпартацыі нелегальных мігрантаў з краіны.
2. Трамп можа паспрабаваць праз Кангрэс змяніць Канстытуцыю ЗША і адмяніць 22-ю папраўку, але для гэтага, паводле амерыканскіх законаў, патрабуецца супербольшасць у Кангрэсе (дзве траціны галасоў у абедзвюх палатах) — 290 галасоў у Палаце прадстаўнікоў і 67 галасоў у Сенаце. Затым гэтае рашэнне павінны ратыфікаваць тры чвэрці штатаў (38 з 50).
У Рэспубліканскай партыі, нягледзячы на кантроль над дзвюма палатамі, цяпер ёсць толькі 218 галасоў у Палаце прадстаўнікоў і 53 галасы ў Сенаце, а цалкам лаяльных рэспубліканцам штатаў толькі 27. Усяго гэтага, відавочна, недастаткова для падобных радыкальных зменаў у Канстытуцыі, якія гарантавана не падтрымае апазіцыя ў асобе Дэмакратычнай партыі.
З гэтага вынікае, што другі варыянт дзеянняў можа прывесці да жорсткага грамадскага адказу і нават справакаваць грамадзянскую вайну, бо для прасоўвання такіх зменаў у Канстытуцыю давядзецца спрабаваць раскалоць Дэмакратычную партыю ці адхіліць яе ад уплыву на дзяржаву (звярнуцца да масавых рэпрэсій, як і ў варыянце з увядзеннем надзвычайнага ці вайсковага становішча).
Як паказваюць нядаўнія апытанні грамадскай думкі ЗША (напрыклад, маштабнае незалежнае даследаванне Pew Research Center за 2023 год), пераважная большасць амерыканскага электарату — 87% дарослага насельніцтва ЗША — выказаліся за абмежаванне колькасці тэрмінаў, якія могуць займаць члены Кангрэсу. Гэтая падтрымка распаўсюджваецца на ўсе партыі: 90% рэспубліканцаў і 86% дэмакратаў выступаюць супраць ідэі ўзурпацыі ўлады.
Не будуць у захапленні ад варыянту з ракіроўкай (не кажучы ўжо пра астатнія сцэнары) і многія дэмакратычныя саюзнікі ЗША сярод краін НАТА і Еўрасаюза, што можа выклікаць сур'ёзны крызіс даверу паміж урадамі і грамадзянскімі супольнасцямі на Захадзе, а таксама натхніць пэўныя палітычныя сілы ў той жа Еўропе на рэалізацыю аналагічных схем захавання ўлады.
{DONATE_PAYPAL}
2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся