З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі
Паглядзелі, якія адвэнт-календары ў гэтым годзе прапануюць беларусам (і колькі грошай за іх просяць). У падборцы выключна варыянты, зробленыя ў Беларусі.
22.11.2024 / 13:25
Салодкія
Сёлета «Камунарка» пахвалілася тым, што пачне прадаваць уласны адвэнт-каляндар. Праўда, разлічаны ён усяго на 15 дзён. Абяцаюць, што ўнутры будуць не толькі цукеркі і шакаладкі, але і магнітная закладка для кніг, навагодні магніт на лядоўню, бірулька-флікер з лагатыпам фабрыкі. Кошт адвэнта пакуль не вядомы.
«Спартак» зрабіў адвэнт-каляндар у двух варыянтах: на 15 і на 31 акенца. Вялікі каштуе каля 26 рублёў.
Адвент ад фабрыкі «Спартак». Фота з сайта фабрыкі
Апроч гэтага шмат беларускіх майстроў прапаноўваюць у інстаграме свае адвэнт-календары з пернікамі. Напрыклад, у акаўнце banafsheh.bakery1 можна набыць набор з 30 маленькімі і 1 вялікім пернікам, якія распісаныя ўручную. Пад кожным з іх ёсць нейкае навагодняе заданне. Каштуе салодкі адвэнт 114 рублёў.
Скрыншот інстаграма sestry_cakes
У інстаграм-акаўнце sestry_cakes прапаноўваюць адвэнт для фанатаў Гары Потэра — менавіта гэтаму персанажу прысвечаны ўсе малюнкі на перніках. Каштуе набор з 30 штук 75 рублёў.
Tortoletka.by прапаноўвае невялікі пернікавы адвэнт за 50 рублёў, а вялікі за 70 (але тут відавочна, што малюнкі надрукаваныя).
Для прыгажосці
Пра адвэнт-каляндар ад Luxvisage, на які абрынулася хваля крытыкі, мы ўжо пісалі. Набор з 12 б’юці-сродкаў прадаецца на маркет-плэйсе Wildberries за 257 рублёў, але рэальны іх кошт, калі купляць паасобку, ажно ў два разы менш.
Прыкладна такія самыя прэтэнзіі ў беларусак і да іншага беларускага брэнду касметыкі — фірмы Modum. Яе адвэнт-каляндар таксама мае толькі 12 акенцаў. Але ёсць у двух варыянтах, якія фактычна адрозніваюцца толькі ўпакоўкай: б’юці-сродкі ў музыкальнай скрыні каштуюць на маркет-плэйсе 187 рублёў, а ў звычайнай — 153 рублі.
Адвэнт фірмы Modum. Фота з Wildberries
На абурэнні патэнцыйных пакупніц, што склад адвэнту цягне толькі на 80 рублёў, прадстаўнікі брэнду адказваюць, што скрыні вельмі якасныя і ў іх потым можна захоўваць нейкія рэчы.
Адвэнт ад Belor Design. Фота з іх інстаграма
Свой першы адвэнт сёлета выпусціў і Belor Design. Як і ў канкурэнтаў, у гэтым б’юці-календары 12 акенцаў. Але ёсць і прыемны бонус, бо падарункаў на адзін больш — 13. Яшчэ радуе тое, што ў адрозненне ад Luxvіsage Belor Design даслаў свае боксы ў першую чаргу беларускім блогеркам, а не расійскім.
Каштуе адвэнт-каляндар ад Belor Design 150 рублёў. І гэта першы прыклад таго, калі кошт беларускай прадукцыі ў боксе перавышае заяўленую вытворцам цану на ўвесь набор. Бо калі набываць паасобку, то за тавары прыйдзецца заплаціць каля 168 рублёў
Каб паклапаціцца пра сябе
«Трыпутнік для душы. 30 спосабаў паклапаціцца пра сябе» — мабыць, гэта найбольш небанальны адвэнт-каляндар, які можна набыць у Беларусі.
Створаны ён па матывах бэстсэлера беларускай журналісткі і пісьменніцы Вольгі Прымачэнка «Усё скончыцца, а ты не».
Пазначана, што гэты адвэнт-каляндар — крыніца эмацыйнай падтрымкі для тых, хто стаміўся і страціў цікавасць да жыцця. Карыстальнікам прапаноўваюць выдаляць ахоўны пласт «трыпутніка», каб даведацца, што можна зрабіць, каб паменшыць трывожнасць і пераключыць увагу на простыя, зразумелыя і эфектыўныя дзеянні.
Фота з oz.by
Раяць правяраць прапанаваныя варыянты і забіраць у сваю скарбонку тыя, што спрацавалі лепш за ўсё. Няхай яны стануць «правіламі беражлівых адносін з сабой», на якія вы заўсёды зможаце абаперціся.
Трактаваць заданні лепш максімальна шырока: вось што першае прыйдзе на розум, тое і рабіце. Не абавязкова выконваць даслоўна — натхняйцеся зададзеным напрамкам, слухайце сябе і падказкі цела.
На oz.by «Трыпутнік для душы. 30 спосабаў паклапаціцца пра сябе» каштуе 21 рубель, а ў анлайн-краме 21vek.by — каля 14 рублёў.
Для забавы
У топе продаж крамы oz.by ёсць зроблены ў Беларусі адвэнт-каляндар з заданнямі «Навагодні перапалох 2» (папярэдняя версія людзям спадабалася, калі меркаваць па каментарыях).
Фота з oz.by
Стваральнікі абяцаюць, што іх адвэнт дапаможа насыціць падзеямі кожны дзень снежня. У наборы ёсць 31 картка, на кожнай з якіх па тры заданні рознага ўзроўню складанасці — ад палюбавацца ўпрыгожанымі вітрынамі крам да спячы калядны кекс. Выканаць адно заданне ці некалькі адразу, вырашаць толькі вам.
Бонусам ідуць карткі з падборкамі найлепшых навагодніх фільмаў, мультфільмаў, песень. Каштуе набор каля 19 рублёў.
Для аматараў кавы
Кампанія Daloni Coffee Roasters, якая займаецца абсмажваннем кавы, свой адвэнт-каляндар (Coffee advent calendar) выпускае чацвёрты год запар. Канешне, яго аснова — кава ў дрып-пакетах (яна ў кожным з 31 акенца).
Для таго, каб працэс дэгустацыі быў больш творчым і цікавым, у адвэнт уклалі дэгустацыйны ліст і кола смакаў з парадамі, якія дапамогуць аматарам кавы структураваць свой досвед.
Фота з сайту Daloni Coffee Roasters
У якасці прыемных бонусаў у Coffee advent calendar ёсць нататнік, ірыскі ручной працы, формачкі для стварэння імбірных пернікаў і харчовы фарбавальнік для айсінгу, палатно, фарба і пэндзаль. Ну і самае цікавае — у адвэнт дадалі ўсё неабходнае для таго, каб пасадзіць сваё кававае дрэва.
Кошт такога адвэнт-календара — 195 рублёў, але калі замаўляеш адразу два, то атрымаецца 375 рублёў за абодва.
Для тых, хто больш любіць гарбату
Moodbox.by прапаноўвае незвычайны адвэнт-каляндар. У яго ўваходзіць 10 розных гатункаў гарбаты. Заварваць гарбату прапануецца не ў нейкі дзень календара, а ў пэўныя моманты. Напрыклад, калі будзеш падводзіць вынікі адыходзячага года ці купляць падарункі блізкім. Каштуе такі адвэнт 44 рублі.
Для маленькіх
Цікавыя адвэнт-календары для дзетак прапаноўвае One good advent. Для дзяцей ад 4 гадоў у іх ёсць, напрыклад, «адвэнт-горад»: там неабходна клеіць на постар налепкі, а таксама кожны дзень снежня выконваць тэматычнае заданне. Каштуе ён 40 рублёў.
Для школьнікаў — «адвэнт дом», дзе 31 кватэра, у кожнай з якой ёсць кюар-код з навагоднімі гісторыямі пра яе жыхароў. Таксама прадугледжаны спіс навагодніх заняткаў да свята. Каштуе такі 50 рублёў.
Для самастойнага напаўнення
Калі гатовыя варыянты вам не падыходзяць, дык можна набыць пусты адвэнт-каляндар і напоўніць яго самастойна.
Напрыклад, woody.by прапаноўваюць розныя варыянты адвэнт-календароў з ДСП (відавочны плюс — імі можна карыстацца шмат гадоў). Адвэнт «Пернікавы дом» каштуе 65 рублёў, а адвэнт у выглядзе грузавіка — 45 рублёў.
Фота з сайту woody.by
Mark Formelle прадае за 25 рублёў бокс з шасцю невялікімі скрынямі, куды можна схаваць падаруначкі (іх, вядома, трэба набыць асобна).
Фота з сайту markformelle.by
Беларускі абураюцца адвэнт-календаром ад Luxvіsage — і не толькі з-за цаны
«Камунарка» выпусціць адвэнт-каляндар з шакаладам і цукеркамі
Топ небанальных падарункаў на любую нагоду ад беларускіх майстроў