Гісторык заўважыў заканамернасць у тым, як часта гарэла Берасце

Мікола Волкаў паспрабаваў прыўзняцца над асобнымі падзеямі і асэнсаваць агулам гісторыю старажытнага беларускага горада.

20.11.2024 / 10:15

Гістарычнае Берасце ў час аблогі 1657 года на фрагменце гравюры шведскага інжынера Эрыка Дальберга. Ілюстрацыйная выява

Логікай, якую яму атрымалася вычленіць з мноства фактаў, ён падзяліўся ў фэйсбуку. 

Адной з найцікавейшых тэм у гісторыі Берасця, на думку Волкава, ёсць шматлікія вялікія пажары, якія знішчалі цэнтральную частку горада. Іх усе, з XVI стагоддзя да першай паловы XIX стагоддзя, гісторык сабраў на адной лініі часу. Пазней гістарычнае Берасце было знішчана расійскімі ўладамі дзеля пабудовы крэпасці.

Гісторык сцвярджае, што апрацаваў масу крыніц за XVIII стагоддзе, каб не прапусціць ніводнай згадкі пра вялікія пажары ў горадзе, бо часта менавіта адсутнасць крыніц стварае прагалы ў такіх лініях часу. Але ў выніку ў Волкава ўсё роўна атрымалася выразная нераўнамернасць размеркавання кропак.

Што стала яе прычынай? Можна было б падумаць, што жыхары сталі больш пільнымі і не дапускалі пажараў, але гэта не так. Гісторык тлумачыць розную інтэнсіўнасць вялікіх пажараў дэмаграфіяй і адпаведна шчыльнасцю забудовы.

Лінія часу пажараў у Берасці. У сярэдзіне XVIII стагоддзя пажараў у горадзе не было зусім. Фота: фэйсбук Волкава

На лініі часу бачна, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пажараў у горадзе не было зусім. Відаць, гэта звязана тым, што пасля кровапралітных войнаў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII ст. насельніцтва Берасця значна скарацілася, гісторык дапускае, што аж удвая.

Да канца XVIII стагоддзя горад аднавіўся і пайшоў у рост. Пры гэтым імкліва рос і яўрэйскі кагал. Яўрэйская супольнасць няўхільна ўзрастала і набірала ўплыў, нягледзячы на частыя вынішчэнні. Кагал займаў абмежаванаю плошчу ў горадзе, а значыць і сяліліся там нашмат больш шчыльна, чым у хрысціян. Таму яўрэі, як правіла, і гарэлі.

Знішчэнне Брэста. Карціна Марціна Залескага, 1846 г. Фота: Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі

У 1842 годзе была скончана расійская крэпасць, дзеля якой раней густа заселеную цэнтральную астраўную частку горада ператварылі ў яе цытадэль, а мураваныя храмы перабудавалі для вайсковых патрэбаў. Жыхароў перасялілі ў новы горад, пабудаваны на пэўнай адлегласці ад умацаванняў. На гэтым гісторыя гістарычнага Берасця, якое не змаглі знішчыць ні войны, ні пажары, нечакана скончылася.

Доўгая дарога да Мінска. Колькі часу займалі падарожжы з Варшавы і Вільні ў XIX стагоддзі?

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця

«Расейскія атрады гойсалі ў Літве, забіваючы і спальваючы»: вайна 1654—1667, калі ў Беларусі загінуў кожны другі, вачыма перакладчыка на службе маскоўскага цара

Які беларускі горад першым займеў генплан? 

Дзе знаходзілася першая друкарня на Беларусі?

Ф. Раўбіч