Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе
Пашпарты розных краін параўналі па тым, ці лёгка з імі падарожнічаць — беларускі стаў апошнім у Еўропе. Па магчымасцях, якія ён дае ўласніку, сіні пашпарт аказаўся падобны да дакументаў грамадзян Фіджы і Гаяны.
22.11.2024 / 14:30
Згодна з рэйтынгам VisaGuide Passport Index 2024, беларускі пашпарт аказаўся найслабейшым з еўрапейскіх пашпартоў. Такую пазіцыю пашпарт займае па стане на лістапад 2024-га, але вядома, што і раней ён аказваўся на апошнім месцы ў Еўропе.
Аўтары рэйтынгу ацэньваюць пашпарты паводле магчымасцяў, якія атрымлівае іх уладальнік. Улічваецца колькасць краін, куды ён можа трапіць без візы, куды яму трэба афармляць электронную візу ці візу па прыездзе ў краіну, то-бок магчымасці ўладальніка пашпарту перасоўвацца па свеце.
Беларускі пашпарт заняў у рэйтынгу 109 месца, што па суседстве з Фіджы і Гаянай — адпаведна 108 і 110 месцы. Грамадзяне Беларусі могуць наведваць без візы 45 краін, у 114 краінах віза нам патрэбная. Ёсць 35 краін, дзе ўладальнікі беларускага пашпарту мусяць атрымаць візу па прыбыцці, і 30, дзе беларусы павінны мець электронную візу. У выпадку з яшчэ дзвюма краінамі беларускім грамадзянам трэба атрымаць электронны дазвол на падарожжа — такі дакумент не лічыцца роўным візе, бо каб яго атрымаць, патрэбна толькі аформіць невялікую анлайн-заяўку.
Параўнаем гэта з найлепшым еўрапейскім пашпартам у рэйтынгу — пашпартам Іспаніі, які заняў другое месца ў агульным рэйтынгу. Грамадзяне Іспаніі могуць трапіць без візы ў 107 краін, а ў 43 краіны яны могуць прыехаць і без пашпарту. Паўнавартасная віза патрэбная для іспанцаў толькі ў 15 краінах свету.
Але больш за ўсё пашанцавала тым, каму дастаўся лідар рэйтынгу — пашпарт Сінгапура. Грамадзяне гэтай азіяцкай краіны могуць наведаць ажно 160 краін свету без візы.
На апошнім месцы ў гэтым рэйтынгу — пашпарт Самалі.
Выявілася, «Аземпік» яшчэ і лечыць ад алкагалізму
«Дажылі». У тыктоку абмяркоўваюць талоны на куплю мяса ў «Гіпа»
З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі