Ператворацца ў «цэглу»? Адзін з кітайскіх вытворцаў паабяцаў з 30 лістапада заблакаваць «шэрыя» аўто ў Беларусі

Аўтамабілі кітайскага брэнда Avatr, увезеныя ў Беларусь па «шэрых» схемах, з 30 лістапада могуць быць заблакаваныя. На такі радыкальны крок вытворца вырашыў пайсці, каб спыніць неафіцыйныя пастаўкі сваіх аўто ў іншыя краіны, паведамілі ў кампаніі «Аўтавельт», якая з'яўляецца афіцыйным дыстрыбутарам Avatr у Беларусі, піша Telegraf.news.

26.11.2024 / 18:25

Як растлумачылі ў «Аўтавельце», па сутнасці, усе аўтамабілі Avatr, увезеныя ў краіну не праз афіцыйных дылераў, пасля адключэння ўсіх сеткавых функцый ператворацца ў «цэглу».

Гаворка ідзе галоўным чынам пра тыя аўто, якія выпускаліся для кітайскага рынку, але нейкім чынам абышлі забарону на экспарт і «выцеклі» з Кітая.

Сама забарона на экспарт Avatr, прызначаных для кітайскага рынку, дзейнічае не першы месяц — яшчэ ў верасні 2024 года дылеры атрымалі адпаведнае тлумачэнне. За парушэнне забароны санкцыямі пагражалі як прадаўцам, так і самім уладальнікам аўто. Першыя за продаж такіх аўто маглі пазбавіцца статусу афіцыйнага дылера, другія — застацца без сэрвіснага абслугоўвання і машыны, якая нармальна функцыянуе.

Як растлумачылі ў офісе беларускага дылера, у выпадку блакавання ні ўладальнікі аўто, ні дыстрыб'ютар, які парушыў правілы, самі не змогуць разблакаваць машыну. Наўрад ці гэта атрымаецца і ў «гаражных умельцаў», выказалі асцярогі ў кампаніі.

«У Avatr выкарыстоўваюць прасунутыя сістэмы шыфравання даных, якія выключаюць несанкцыянаваны доступ да функцый машыны. Зыходзячы з гэтага можна зрабіць выснову, што эканомія на куплі аўтамабіля ў неафіцыйнага пастаўшчыка можа абярнуцца значнымі выдаткамі, якія перавышаюць меркаваную эканомію ў дзясяткі разоў», — адзначылі ў «Аўтавельце».

Вытворца патлумачыў свае абмежаванні жаданнем «даць высакаякасную прадукцыю і пасляпродажнае абслугоўванне «кліентам па ўсім свеце і імкненнем «падтрымліваць імідж брэнда Avatr».

У кампаніі «Аўтавельт» растлумачылі, што іхніх аўтамабіляў забарона не закране. Самі машыны толькі ў найбліжэйшыя месяцы пачнуць паступаць у Беларусь.

«Мы звярнуліся да Avatr Technology па пацвярджэнне інфармацыі. Сапраўды, гэтае паведамленне было выслана дылерам у Кітаі і ўступіла ў сілу з 1 кастрычніка. Адказнасць за заблакаваныя аўтамабілі нясуць кампаніі, якія парушылі забарону і прадалі на экспарт аўтамабілі, прызначаныя для эксплуатацыі ў Кітаі», — заявілі ў офісе беларускага дылера.

«БелДжы» ў наступным годзе пачне выпускаць метанавыя аўтамабілі

«Якіх нерваў гэта каштавала!» Ці лёгка дачакацца машыну з Кітая?

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто

«Замест 100 кітайцаў трэба 140 беларусаў». Кіраўнік «БелДжы» патлумачыў розніцу паміж беларускімі і кітайскімі работнікамі

У Беларусь збіраецца зайсці кітайскі сэрвіс заказу таксі

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць

Nashaniva.com