Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку

Прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі адмовілася ісці у адстаўку, абвясціўшы новаабраны парламент нелегітымным. Яна паведаміла, што на сваёй пасадзе будзе чакаць новых выбараў пад міжнародным кантролем.

30.11.2024 / 20:13

Саламе Зурабішвілі на мітынгу супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў. Фота: Davit Kachkachishvili/Anadolu via Getty Images

«Я хачу сказаць грамадскасці, што і тут, з прэзідэнтам, які з'яўляецца адзіным незалежным, легітымным інстытутам, існуе нацыянальны кансэнсус. Заўтра грамадства і палітычныя партыі сустрэнуцца са мной. Разам мы кіруем палітычным працэсам, якім кіруеце вы звонку, на вуліцы і ў розных сферах грамадства…

Я буду на чале палітычнага працэсу, застаючыся вашым прэзідэнтам. Легітымнага парламента няма, таму нелегітымны парламент не можа абраць новага прэзідэнта, таму не можа быць інаўгурацыі. Мой мандат дзейнічае да таго часу, пакуль не будзе законна абраны парламент, які законна абярэ кагосьці замест мяне. Я з вамі і буду з вамі», — заявіла Саламе Зурабішвілі.

Раней кіроўная партыя «Грузінская мара» абвясціла, што выбары прэзідэнта Грузіі пройдуць 14 снежня, а інаўгурацыя — 29 снежня бягучага года. Спікер парламента Шалва Папуашвілі казаў, што шасцігадовы тэрмін дзейнай прэзідэнткі Саламе Зурабішвілі заканчваецца 16 снежня. «Грузінская мара» плануе абраць прэзідэнтам свайго прыхільніка, былога вядомага футбаліста Міхаіла Кавелашвілі.

Прэзідэнт у Грузіі выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. З 2012 года краіна з'яўляецца парламенцкай рэспублікай, і з таго часу большасць у ім мае партыя алігарха Бідзіны Іванішвілі «Грузінская мара». Пакідае кантроль над парламентам яна і па выніках праведзеных 26 кастрычніка апошніх выбараў, якія апазіцыя не прызнае, сцвярджаючы пра маштабныя фальсіфікацыі. Адмовілася прызнаць вынікі выбараў і падтрымала пратэсты таксама Саламе Зурабішвілі.

Дадаткова падліло алею на агонь тое, што 28 лістапада прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ абвясціў, што ўлады краіны вырашылі да канца 2028 года не пачынаць перамовы аб уступленні краіны ў Еўрасаюз і адмовіліся ад любых еўрапейскіх бюджэтных грантаў. Пасля гэтага ля будынка парламента на праспекце Руставелі ў Тбілісі пачаўся стыхійны мітынг, пратэсты працягнуліся і ў наступныя дні. Паліцыя жорстка іх разганяе, сярод сотняў затрыманых ёсць таксама беларус Яўген Муравіцкі.

Чаму многія жыхары Грузіі, якая імкнецца ў ЕС, галасавалі за «Грузінскую мару»?

Грузінскі прэм'ер абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў і «пятую калону» ў арганізацыі пратэстаў у Тбілісі

У Тбілісі ў знак пратэсту прыпыніў працу рэстаран, папулярны ў лідараў «Грузінскай мары»

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты

Падчас разгону пратэснай акцыі ў Тбілісі затрымалі 43 чалавек

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі

Грузія адмаўляецца ад перамоў аб уступленні ў Еўрасаюз

Nashaniva.com