Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%
Эксперыментальны прэпарат ленакапавір на апошняй стадыі выпрабаванняў на тысячах пацыентаў прадэманстраваў ледзь не ідэальную эфектыўнасць у барацьбе з вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), што істотна наблізіла чалавецтва да поўнай перамогі над гэтай хваробай. Вось калі можна чакаць прэпарат у продажы.
03.12.2024 / 08:00
Фота: «Наша Ніва»
Новая вакцына ад ВІЧ пад назвай ленакапавір прайшла апошнюю стадыю клінічных выпрабаванняў і паспяхова абараніла ад вірусу тысячы пацыентаў па ўсім свеце, паведамляецца на афіцыйным сайце прыватнага даследчага ўніверсітэта Эморы, ЗША.
Прэпарат дзейнічае на ўзроўні капсіду ВІЧ — знешняй бялковай абалонкі віруса, якая адыгрывае важную ролю ў яго пранікненні ў клеткі чалавека. Блакуючы капсід, ленакапавір перашкаджае ВІЧ заражаць новыя клеткі і размнажацца.
У маштабным фінальным выпрабаванні новага прэпарату прынялі ўдзел 2179 мужчын і жанчын у 88 медцэнтрах у Перу, Бразіліі, Аргенціне, Мексіцы, Паўднёвай Афрыцы, Тайландзе і ЗША. Толькі два з іх пасля прыняцця ленакапавіру заразіліся ізноў.
Пры далейшай прафілактыцы ВІЧ ленакапавірам і ўвядзенні прэпарату два разы на год рызыка паўторнага захворвання зніжаецца на 96%, падкрэслівае каманда даследчыкаў з універсітэта Эморы.
«Гэта неверагодна высокі ўзровень эфектыўнасці для прэпарата, які неабходна ўводзіць ін'екцыйна ўсяго два разы на год. Гэта значны і глыбокі прагрэс у медыцыне, асабліва для людзей, чые абставіны не дазваляюць ім штодзённа прымаць пераральную тэрапію, і для тых, чыя рэгіёны пражывання вельмі моцна закрануты ВІЧ», — заявілі навукоўцы.
Яны адзначылі, што ўжо перадалі ўсю неабходную дакументацыю па выпрабаваннях ленакапавіра амерыканскаму федэральнаму рэгулятару FDA, які выдае рашэнні аб масавым выпуску лекаў.
Дазвол па ленакапавіры можа быць выдадзены ўжо ў наступным годзе, кажуць даследчыкі.
Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду
Упершыню за паўстагоддзя вучоныя зрабілі прарыў у лекаванні астмы і хранічнага бранхіту
У Мінск прывезлі вакцыну ад небяспечнай для дзяцей інфекцыі. Адна доза каштуе 2400 рублёў