Праўладныя каналы пішуць, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 млн. Гэта новы фэйк

Спехам зроблены ролік рэпостнуў і Ігар Тур.

03.12.2024 / 20:50

Скрыншот фэйкавага відэа

Адзін з пралукашэнкаўскіх каналаў сёння паведаміў, што сын экс-міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы Ягор купіў на аўкцыёне ў ЗША «Жалезны трон» з папулярнага серыяла «Гульня тронаў» амаль за 1,5 млн даляраў.

У пацвярджэнне канал апублікаваў урывак з праграмы на тэхаскім тэлеканале Kens5. У эфіры расказваецца пра нашумелы аўкцыён, усё суправаджаецца цітрам «Дзе сын былога міністра замежных спраў Украіны ўзяў 1,5 млн даляраў на «Жалезны трон»?» і фатаграфіяй 18-гадовага Ягора Кулебы.

На тое, што відэа нейкія ўмельцы трохі адрэдагавалі, намякаў расказ вядучых: у сюжэце ні прозвішча Кулебы, ні Украіна не згадвалася. Дыктары расказваюць пра тое, што за лот змагаліся некалькі фанатаў «Гульні тронаў», адзін з якіх у выніку і аддаў за трон казачную суму.

Пацвердзіў гіпотэзу прагляд арыгінальнага сюжэту на сайце тэлеканала. Там ніякіх не вельмі ўмела дададзеных цітраў і фатаграфій Кулебы з сынам няма. 

Скрыншот арыгінала

Аўтары фэйка дадалі надпіс і фатаграфіі ў відэашэраг уручную, а затым запусцілі яго па тэлеграм-каналах. Чарговую антыўкраінскую дэзынфармацыю з радасцю падхапіў адзін з вядучых і самых адыёзных лукашэнкаўскіх каналаў, а затым рэпостнуў і прапагандыст Ігар Тур.

Дзмітрый Кулеба працаваў міністрам замежных спраў Украіны ў 2020-2024 гадах. Нядаўна ён расказваў, што ягоны 18-гадовы сын Ягор вучыцца ва ўніверсітэце і праходзіць вайсковую падрыхтоўку.

«Жалезны трон» — гэта трон манарха Сямі Каралеўстваў у суперпапулярным фэнтэзі пісьменніка Джорджа Марціна «Песня лёду і полымя» і знятага па матывах кніг серыяла «Гульня тронаў». Паводле легенды, ён быў выкаваны ў агні цмокаў з мноства мячоў. Яго поўнапамерную рэпліку з пластыка сапраўды прадалі на аўкцыёне ў Даласе ў кастрычніку разам з іншымі артэфактамі. Пра аўкцыён напісалі найбуйнейшыя СМІ. Пры гэтым імя пакупніка нідзе не называецца.

«Жалезны трон». Фота: Getty Images / Kevin Winter

Прапагандысты не ўпершыню падхопліваюць дэзынфармацыю, накіраваную супраць Украіны. Шырока вядомыя фэйкі, створаныя прарасійскай сеткай рэгіянальных псеўдаСМІ былога марпеха ЗША Джона Дугана: пра тое, што Уладзімір Зяленскі нібыта купіў лімузін Гітлера, а таксама пра куплю ягонай жонкай Аленай упрыгожванняў больш чым на мільён даляраў. Усе гэтыя паведамленні аказаліся фальшывымі.

Навагрудскі архіепіскап заявіў, што Зяленскі купіў машыну Гітлера. Гэта даўно абвергнуты фейк

Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам

Nashaniva.com