Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа
Дзяўчына замовіла ў вядомай мінскай майстрыхі сумку ручной працы. Вынік ёй вельмі спадабаўся, удзячная пакупніца вырашыла даслаць водгук з фота — і нечакана разбурыла чужую сям’ю.
04.12.2024 / 15:00
Скрыншот відэа ў тыктоку
Эпіграфам да гэтай гісторый магла б стаць фраза: «Усё таемнае становіцца відавочным».
Пра нечаканы працяг сваёй замовы ў тыктоку распавяла беларуска.
— Я замовіла сабе ў адной даволі вядомай майстрыхі з Мінску сумку ручной працы. Усё цудоўна, сумку яна мне зрабіла, праца была выканана якасна і ў час.
Дзяўчына распавяла, што калі нечым задаволеная, то заўсёды імкнецца пакінуць пазітыўны водгук.
— Вось такі я чалавек, як кажуць: дурны, але не гнілы. Гэты выпадак не стаў выключэннем. Я напісала разгорнуты, прыгожы водгук, дадала фота — і самой сумкі, і сябе з такім шыкоўным вырабам. Даслала водгук майстрыцы.
Цалкам лагічна, што майстрыха вырашыла апублікаваць на сваёй старонцы водгук і адзначыла на фота акаўнт шчаслівай пакупніцы. Здаецца, на гэтым гісторыя магла б і скончыцца. Але атрымалася, што гэта быў толькі пачатак.
У нейкі момант пакупніцы пачаў пісаць раззлаваны мужчына.
— Ён дасылаў мне вялікія тэксты з прэтэнзіямі, абяцаў падаць на мяне ў суд, таму што я ўмяшалася ў яго асабістае жыццё, парушыла яго асабістую прастору і гэтак далей. Усё гэта было перасыпана нейкімі юрыдычнымі тэрмінамі.
Дзяўчына не магла зразумець, што адбываецца і чаму незнаёмец ашалеў з яе водгуку на сумачку. А для таго, каб адшукаць прычыну, трэба было ўважліва паглядзець на злашчаснае фота з сумачкай. Дзяўчына фатаграфавалася на вуліцы і не звярнула ўвагі на тое, што на заднім фоне недзе ў далечыні была пара закаханых.
Жонка абуранага мужчыны таксама была падпісаная на майстрыху з Мінска. Можаце ўявіць сябе яе здзіўленне, калі на чарговым водгуку ў акаўнце майстрыхі яна пабачыла ўласнага мужа з невядомай паненкай. Канешне, жанчына тэрмінова ўключыла рэжым «Шэрлак Холмс» і высветліла, што ні ў якую камандзіроўку яе каханы не ездзіў ды і з дзяўчынай на фота ў яго далёка не працоўныя адносіны.
За два дні ролік набраў у тыктоку каля 735 тысяч праглядаў і 50 тысяч лайкаў.
У каментарыях жартуюць: мужчынам, якім па жыцці настолькі шанцуе, да казіно лепш нават не падыходзіць.
«Шаноўныя Дзмітрый і Алена!» Як віншавальная паштоўка ад турфірмы ледзь не разбурыла сям'ю беларусаў
Падчас цяжарнасці закахалася ў сябра мужа: мінская блогерка падзялілася болем