Палата прадстаўнікоў прыслала Бондаравай адпіску па справе Марзалюка і «швалі» з Гродна

Абураная даносчыца Вольга Бондарава выставіла ў фэйсбуку адказ, які атрымала з Палаты прадстаўнікоў на сваю скаргу на дэпутата Ігара Марзалюка. 

04.12.2024 / 16:55

Ліст з Палаты прадстаўнікоў, атрыманы Бондаравай

У звароце Бондарава прасіла

«даць ацэнку паводзінам дэпутата Марзалюка І.А. і яго публічным выказванням з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі ў дачыненні да жанчыны, законапаслухмянай грамадзянкі Беларусі».

Пад пацярпелай жанчынай мелася на ўвазе гродзенская доктарка Алена Стэфановіч, якая ўступіла ў канфлікт з Марзалюком. Пра гэтую паплечніцу Бондаравай Марзалюк сказаў па ТБ наступнае.

«Калі нейкая шваль у Гродне, працуючы ў дзяржаўнай медыцынскай установе, заяўляе, што беларускі пашпарт — проста паперка, калі яны грэбуюць беларускай уладай, калі яны цкуюць Міністэрства культуры, але махаюць чырвона-зялёным сцягам, то яны робяць тое самае [што і «змагары»] і ствараюць негатыўны імідж беларускай улады».

Адказваючы Бондаравай, старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка напісаў, што «зварот утрымлівае ў сабе прыкметы абароны інтарэсаў трэціх асоб», і да яго «не прыкладзены дакумент у электронным выглядзе, які пацвярджае паўнамоцтвы на падачу заявы прадстаўніком». 

Дзеля таго

«згодна з часткай чацвёртай пункта 2 артыкула 25 Закона [«Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»] зварот пакінуты без разгляду па сутнасці, паколькі не адпавядае патрабаванням, вызначанай часткай другой пункта 2 артыкула 25 Закона».

Бондараву такі адказ абурыў. Маўляў,

«на паводзіны дэпутата ў публічнай прасторы камісіі па дзяржбудаўніцтве начхаць. Хай Марзалюк хоць усіх дактароў швалямі паназывае». 

У сувязі з гэтым яна пагражае, што пры нагодзе пацікавіцца, што на гэты конт думае Лукашэнка, намякаючы, што нібыта мае выхады калі не на яго самога, то на ягонае атачэнне.

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

«Нейкая шваль у Гродне». Марзалюк прайшоўся па Бондаравай і яе паплечніках

На «Марафоне адзінства» ў Магілёве Марзалюк граміў ворагаў словамі Караткевіча

Марзалюк: Мяне раздражняе гэтая мантра — «у нас едіная історія, у нас едіный язык»

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»

Nashaniva.com