Актывісты стварылі інтэрактыўную карту манументальнага мастацтва Беларусі
Праект фіксуе таксама знішчаныя творы мастацтва, якіх за апошнія гады назбіралася нямала.
16.12.2024 / 08:00
Фрагмент барэльефа «Салідарнасць» на Нямізе. Фота: travelagency.by
Інтэрактыўная карта манументальных манументальнага мастацтва Беларусі даступная на сайце Monumental.by. Тут сабраны творы ў тэхніках сграфіта, мазаікі, керамікі, барэльефа, гарэльефа, вітражоў, энкаўстыкі, роспісу і іншых.
Карта дазваляе зручна адсартаваць аб’екты па тэматыках, напрыклад, «Рэвалюцыя і вайна», «Космас», «Прырода», «Ідэалогія», а таксама стане, часе стварэння і даступнасці для наведвальнікаў.
Ключавая асаблівасць праекта — фіксацыя страчаных аб’ектаў, якія былі знішчаныя альбо схаваныя пад абліцоўкай. Пры гэтым кожны такі аб’ект суправаджаецца кароткай інфармацыйнай даведкай.
Старонка страчанай мазаікі, якая ўпрыгожвала жылы дом у Новалукомлі. Скрыншот сайта
Праект вырас з фэйсбук-суполкі Belarusian Soviet Monumental ART і аб'ядноўвае людзей, якія займаюцца захаваннем культурнай спадчыны.
На сайце ўжо даступныя першыя маршруты для падарожнікаў па беларускіх вітражах, манументальнай спадчыне Мінска і аўтобусных прыпынках. У будучыні карта будзе дапоўнена тэкстамі, архіўнымі звесткамі і інтэрв’ю. Уся інфармацыя на сайце даступная адразу на пяці мовах: беларускай, рускай, англійскай, французскай і нямецкай — такім чынам стваральнікі хочуць пашырыць прадстаўленасць беларускага мастацтва ў свеце.
Барэльеф «Салідарнасць» на Доме моды на інтэрактыўнай карце. Скрыншот сайта
База працягвае напаўняцца, яе стваральнікі заахвочваюць усіх неабыякавых дадаваць звесткі і фатаграфіі пра новыя творы манументальнага мастацтва, а таксама паведамляць пра стан ужо вядомых аб’ектаў.
Савецкі крындж ці культурная спадчына? Як выглядаюць мазаікі на аўтобусных прыпынках
У Бабруйску збіраюць подпісы супраць знішчэння вядомай мазаікі
У Наваполацку склалі першы каталог гарадскіх мазаік ФОТА
На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага
У Бярозаўскім райвыканкаме расказалі, чаму знішчылі манументальную мазаіку канца 1980-х