Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»
Прадстаўнікі Расіі, Турцыі і Ірана прыехалі ў сталіцу Катара Доху, каб абмеркаваць сітуацыю ў Сірыі. Расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў падчас гэтага форуму заклікаў удзельнікаў канфлікту да дыялогу, выкарыстаўшы ў дачыненні да апанентаў Башара Асада выраз «законная апазіцыя».
07.12.2024 / 17:41
Сяргей Лаўроў. Фота: Alberto Pizzoli/Pool Photo via AP
«Усе мы падкрэслілі, што хочам паўнавартаснай рэалізацыі рэзалюцыі 2254 і для гэтага заклікалі да дыялогу паміж урадам і законнай апазіцыяй», — сказаў Лаўроў падчас сесіі Дахійскага форуму.
У той жа час, паводле яго слоў, трэба адрозніваць ісламісцкую групоўку «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая, на думку Лаўрова, з'яўляецца тэрарыстычнай, і тыя апазіцыйныя групоўкі, якія ён такімі не лічыць.
Пры гэтым Масква гатовая нібыта спрыяць нармалізацыі адносін паміж Сірыяй і Турцыяй:
«Турцыя — вельмі ўплывовы актар у Сірыі, думаю, вам гэта вядома. Яны занепакоеныя бяспекай на мяжы з Сірыяй. Мы абмяркоўвалі ў Астанінскім фармаце і фармаце «Астанінскі фармат плюс Сірыя» пытанне нармалізацыі адносін паміж Турцыяй і Дамаскам».
У той жа час Лаўроў адмаўляе, што расійскі флот пакінуў базу ў сірыйскім Тартусе вымушана:
«У Міжземным моры праводзяцца ваенна-марскія вучэнні, магчыма, вашы спадарожнікавыя здымкі зблыталі іх з чымсьці іншым», — сказаў ён аднаму з журналістаў.
Перад гэтым кіраўнікі МЗС Ірана і Турцыі двойчы ўзгаднілі свае пазіцыі без Расіі. Першы раз турэцкі міністр Хакан Фідан і ягоны іранскі калега Абас Аракчы сустрэліся ў Анкары 3 снежня, другі раз — сёння ў Досе.
«Паміж намі існуе кансэнсус па пытанні аб тым, што Сірыя не павінна станавіцца месцам для тэрарыстаў, таму што гэта выкліча вайну ў рэгіёне», — заяўляў Аракчы па выніках першай сустрэчы.
Сірыйскія паўстанцы паведамляюць пра захоп ускраін Пальміры
Сірыя: паўстанне цяпер і на поўдзень ад Дамаска, а сілы Асада пакінулі Пальміру
Дзве краіны прапанавалі Башару Асаду пакінуць Сірыю
Сірыйскія апазіцыйныя сілы захапілі Дэйр-эль-Зор на ўсходзе краіны
Іран пачаў эвакуацыю вайскоўцаў і дыпламатаў з Сірыі
«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду
Паўстанцы ў Сірыі падышлі да Хомса, расійскія базы сёння могуць адрэзаць