Вынеслі прысуд докшыцкаму пярэваратню ў пагонах Згірскаму

27-гадовы супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойшчыкаў.

09.12.2024 / 13:06

Міхаіл Згірскі і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, калаж «НН»

Суд Нясвіжскага раёна паставіў прамежкавую кропку ў гісторыі супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага. Як стала вядома «Нашай Ніве», днямі яму прысудзілі 8 гадоў калоніі за вымагальніцтва і злоўжыванне ўладай. Максімальны тэрмін па інкрымінуемых яму злачынствах мог скласці 20 гадоў.

Яго 27-гадоваму падзельніку і сябру дзяцінства Аляксандру Перапечку за тое ж вымагальніцтва далі мінімальна магчымыя 5 гадоў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Злева направа: Міхаіл Згірскі і Аляксандр Перапечка. Фота: Белпол

Нагадаем, у маі 2024 года сілавікі адрапартавалі аб затрыманні пяці чалавек, якія абкрадалі прыпаркаваныя фуры. Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замок грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам і з'язджалі з месца злачынства.

«Наша Ніва» тады назвала імя кіраўніка банды — супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага. Ён не толькі даводзіў удзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах. У кватэры Згірскага знайшлі іншую, адрозную ад табельнай, зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых. А таксама адзенне з арыенціровак і балаклаву. Пасля гэтага ў Докшыцах змянілі міліцэйскае кіраўніцтва — як дапусцілі сітуацыю?

Але публічна кіраўніцтва МУС тады рашуча абвергла інфармацыю ў незалежных СМІ. Міністр Іван Кубракоў тады выступіў з відэазваротам: маўляў, банда была, але ніякі міліцыянер у яе не ўваходзіў. Пра лёс Міхаіла Згірскага ён, натуральна, прамаўчаў. Як высветлілася, сілавікі вырашылі выдзеліць справу Згірскага ў асобную вытворчасць — каб не пляміць ведамства.

Тым часам астатніх налётчыкаў паспелі асудзіць. Прысуд атрымаўся шакавальна гуманным. Пакуль інтэрнэт-каментатарам даюць рэальныя тэрміны ў калоніі, чатыром рабаўнікам фур далі… хатнюю хімію. І толькі адзін з іх, рэцыдывіст, атрымаў 4 гады калоніі.

Nashaniva.com