У Літве арыштавалі 82-гадовага былога ссыльнага за шпіянаж на карысць Расіі

Суд у Літве арыштаваў 82-гадовага члена хрысціянска-дэмакратычнай партыі паводле абвінавачвання ў шпіянажы на карысць Расіі, паведаміў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Артурас Урбяліс.

09.12.2024 / 23:25

Будынак Генеральнай пракуратуры Літвы. Фота: Wikimedia Commons

«Ён мае падвойнае грамадзянства — Літвы і Расіі, з'яўляецца членам Партыі хрысціянскіх дэмакратаў Літвы і Саюза літоўскіх ссыльных і палітвязняў», — цытуе Урбяліса LRT.

Па словах Урбяліса, фігуранта падазраюць у тым, што ён з 2018 года збіраў інфармацыю для Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Расіі. Ён перадаваў інфармацыю пра літоўскія палітычныя партыі, абараназдольнасць краіны, а таксама пра людзей, дэпартаваных у Расію падчас савецкай акупацыі. Сам фігурант быў таксама дэпартаваны ў Расію з бацькамі ў 1940-я гады.

Урбаліс растлумачыў, што затрыманы і расійскія агенты выкарыстоўвалі спецыяльныя радыёпрылады для перадачы інфармацыі праз зашыфраваныя радыёсігналы.

«Гэтыя звесткі не ўтрымлівалі дзяржаўнай таямніцы, але былі важныя і ўяўлялі цікавасць для Расіі», — растлумачыў намеснік кіраўніка літоўскай разведкі Рэмігіюс Брыдзікіс.

Паводле звестак дзвюх інфармаваных крыніц BNS, гаворка ідзе пра 82-гадовага Эдуарда Манава. Па іх словах, ён вярнуўся ў Літву ў 1997 годзе — праз некалькі гадоў пасля здабыцця краінай незалежнасці — і жыў у горадзе Шаўляй.

Па словах выканаўцы абавязкаў старшыні партыі кансерватараў Радвіле Маркунайце-Мікуленене, калі пракуратура пацвердзіць, што падазраваны менавіта Манаў, то ён будзе выключаны з партыі «Саюз Айчыны — хрысціянскія дэмакраты Літвы», сказала яна ў каментары Delfi.lt.

Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Выкрытыя ў Брытаніі шпіёны збіраліся вывезці ў Расію журналіста Хрыста Грозева, які дапамагаў Навальнаму

У Осла ахоўніка пасольства ЗША арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі і Ірана

Nashaniva.com