Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі
Беларускі рэжысёр Яўген Карняг працягвае радаваць гледачоў прэм’ерамі ў Тэатры лялек. Гэтым разам Ліза Копша з Onliner наведала «Мроіва» — спектакль пра зніклую вёску, дзе калісьці віравала жыццё. Квіткі на снежаньскія паказы ізноў былі разабраныя адразу.
10.12.2024 / 11:29
Пачнём з тэорыі. Хто працаваў над спектаклем?
Рэжысёр Яўген Карняг, мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян, кампазітар Кацярына Аверкава — трыа творцаў, якія падарылі беларускім (і не толькі) тэатрам купу касавых спектакляў. Раней, напрыклад, мы пісалі пра пастаноўкі «На черной-черной улице», «Забалоцце». Цяпер беларусы могуць насалоджвацца работай Яўгена, Таццяны і Кацярыны ў Тэатры лялек.
Пра што спектакль?
Пра зніклую беларускую вёску, а калі дакладней — яе прывід: «кожная хата — асобны сусвет чалавечых лёсаў». Некалі тут віравала жыццё: людзі нараджаліся, жаніліся, выхоўвалі дзяцей, працавалі. Дакументальныя карціны з жыцця звычайных вяскоўцаў, іх успаміны і здымкі пераплятаюцца з «Адвечнай песняй» Янкі Купалы і «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага.
Слова «Мроіва» беларускія слоўнікі трактуюць як прывід, здань ці смугу. І менавіта з гэтай смугі паўстае вёска — каб паказаць свае жыццё гледачам.
Што адбывалася на сцэне?
Скажу адразу: на спектакль я ішла з думкай пра тое, што яшчэ адну пастаноўку пра памерлую беларускую вёску не пацягну. Але я памылялася.
Карняг часцяком працуе з візуальным тэатрам. Галоўная частка спектакля — не тэкст, а візуальны складнік, вобразы і метафары на сцэне. Гэта робіць гісторыю больш універсальнай: гледача не прывязваюць да пэўнай п’есы, а даюць волю самому сканцэнтравацца на вобразах, што адгукаюцца канкрэтнаму чалавеку.
Агулам сцэнаграфія (мастацкае афармленне спектакля) выклікае дзіцячае захапленне. Мініяцюрныя фігуркі жывёл, вясковыя хаты памерам з лялечныя домікі, выспы з моху… Але важна разумець, што з залы вы ўсё гэта не пабачыце. Прынамсі, не сваімі вачыма.
За акцёрамі ходзіць аператар — і відэа выводзіцца на вялікі экран за сцэнай. Менавіта там можна разглядзець убранне дамоў, могілкі, царкву. Спойлерыць здымкамі не будзем — гэта трэба бачыць на свае вочы (а заадно чуць шэпт суседзяў па зале: «Як яны гэта зрабілі?!»).
На фоне мы чуем аўдыязапіс бабулі адной з акторак. Жанчына распавядае пра памерлага мужа-здрадніка, дадаючы ў расказах колкія фразы: «Лепш бы я цябе на гародзе пахавала», «Трэба было яго спаліць і рассыпаць, каб духу не было». Як кажуць, надпіс смешны — сітуацыя страшная. Жанчына заставалася з мужам, нягледзячы на здрады, трату грошай на алкаголь, нежаданне працаваць. І гэтая сумная гісторыя, няхай і пададзеная бабуляй як камічная замалёўка, кантрастуе з вяселлем на сцэне.
Перад тым, як глядзець спектакль, звярніце ўвагу вось на што: актрысы на сцэне ўвасабляюць не толькі вясковых жанчын, але і поры года. Усё як завяшчаў Купала ў «Адвечнай песні». А напрыканцы вас чакае сучасная апрацоўка «Песні пра зубра» Гусоўскага. Ніякага аркестра, толькі біты і жвавыя рухі. Раю перачытаць школьную класіку, каб загадкавыя вобразы на сцэне не былі такой таямніцай. Прынамсі, мне давялося гэта рабіць ужо пасля прагляду.
Якія высновы?
Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы. Не, мяне туды не адвозілі на вакацыі, хутчэй наадварот — толькі на вакацыі адтуль і забіралі. І таму старыя будынкі на сцэне пахнуць танным мылам, якое набывала бабуля. Царкоўныя спевы адсылаюць да святара, што раз на год абходзіў хаты — і мы чакалі яго, як нейкае свята. Бітоны з малаком, металічны рукамыйнік у двары — усяго гэтага ў маім жыцці ўжо няма, і наўрад ці калісьці яно паўторыцца. Час ляціць і спяшаецца, а закінутыя вёскі гэтак і застаюцца прывідамі ўспамінаў.
Калі ў вас яшчэ ёсць такая магчымасць, завітайце да бабулі. Выслухайце ўсю незадаволенасць дзедам, суседзямі ці шкоднікам-катом. Дапамажыце па гаспадарцы, прылашчыце хатніх жывёл. Горыч ад страты каранёў прыходзіць з разуменнем таго, што сустрэчы з роднымі былі занадта рэдкімі, размовы — кароткімі. І гэта можна выправіць, пакуль ёсць час.
Меркаванні гледачоў пасля спектакля разышліся: хтосьці ў захапленні параўноўваў Карняга с Хічкокам, хтосьці згадваў родную вёску, а хтосьці «анічога не зразумеў, нягледзячы на ўсе намаганні». Тым не менш квіткоў на найбліжэйшыя паказы ўжо няма.
Магчыма, вам пашанцуе ў наступным месяцы — назірайце за афішай на сайце тэатра. Трымаем за вас кулачкі.