Галоўным рэжысёрам Лялечнага тэатра стаў Яўген Карняг — чаму яго можна лічыць адной з асноўных зорак беларускага тэатра проста цяпер?
Беларускі дзяржаўны тэатр лялек афіцыйна паведаміў, што пасаду галоўнага рэжысёра з 1 сакавіка даверылі Яўгену Карнягу. Да яго тэатр доўгі час шчыльна асацыяваўся з постаццю легендарнага Аляксея Ляляўскага, якому чыноўнікі не працягнулі кантракт у мінулым годзе. Хаця дзякуючы менавіта яму і яго бацьку Анатолю тэатр стаў адным з найпрагрэсіўнейшых у краіне і выйшаў на міжнародны ўзровень.
Зрэшты, за лёс тэатра ў руках Карняга пакуль таксама можна не перажываць: яго называюць адным з самых зорных і таленавітых рэжысёраў у краіне. Расказваем, што дае для таго падставу.
Карняг не з’явіўся ў Лялечным знянацку — ён працуе там з 2022 года і адзначыўся паспяховымі аўтарскімі пастаноўкамі: «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», «Запіскі юнага лекара», «На чорнай-чорнай вуліцы». Прэм'ера апошняй запланаваная на 21 сакавіка, але з квіткамі ўжо туга. З іншымі спектаклямі таксама асацыюецца вечнае пытанне: «Як дастаць квіток?»
Не абдзяляе ўвагай рэжысёр і маладзейшую аўдыторыю: так, Карняг зрабіў першы бэбі-спектакль «Матылькі» для зусім маленькіх дзетак узростам 1+.
Рэжысёр нарадзіўся ў Мінску у 1983 годзе, скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на курсе ў таго самага Ляляўскага, адпрацаваў у Лялечным пару год акцёрам, але з самага пачатку разумеў, што акцёрства — не ягонае.
Цікава, што працяглы час Яўген працаваў у драматычна-пластычным тэатры, і першыя яго гучныя поспехі звязаныя менавіта з гэтым жанрам. Не будучы харэографам, ён яшчэ студэнтам прыдумаў танцавальныя эцюды, якія ляглі ў аснову яго дэбютнага спектакля ў якасці рэжысёра Cest la vie. Exercices pres du baton. Неўзабаве здарыліся «Не танцы», якія прынеслі яму славу.
Тэма была абраная вострая — гвалт і агрэсія. Цікавая дэталь: акрамя вядомых сёння акцёраў-купалаўцаў, якія там гралі — Валянціны Гарцуевай ці Аляксандра Казелы, у пастаноўцы засвяцілася сённяшняя прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Лічыцца, што іх і цяпер могуць звязваць цёплыя стасункі.
У 2010-м годзе рэжысёр арганізаваў уласны калектыў — KorniagTHEATRE. Адна з яго самых заўважных пастановак — «Латэнтныя мужчыны», дзе каманда разважала пра крызіс маскуліннасці і жаноцкасці.
Выбар жыццёвых, але з іншага боку вечна складаных тэмаў да даследавання — фішка Карняга. Яго наступныя работы былі прысвечаныя, напрыклад, страху — «Спектакль №7» ці — адзіноце ў вялікіх гарадах — «Бетон». Яны ў свой час з поспехам ішлі ў РТБД.
Сёння там жа паказваюць трылогію Карняга — тры розныя спектаклі («Пачупкі», «Шлюб з ветрам» і «Забалоцце») пра тры ключавыя этапы жыцця чалавека — народзіны, вяселле і смерць. Вялікая роля ў матэрыяле адводзіцца беларускаму фальклору і народным танцам, песням.
«Гэта спроба захаваць тое, што знікае. Калі бачыш, што памірае вёска за вёскай, хочацца ўсё зафіксаваць, пакінуць памяць пра нашых продкаў», — тлумачыў у адным з інтэрв’ю свой выбар Карняг.
Як і ў лялечным тэатры, на пастаноўках Карняга ў РТБД традыцыйна аншлаг. А яшчэ ён — лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2018) і пераможца шматлікіх фестываляў у Беларусі і за мяжой. І на фоне адчувальнага крызісу ў беларускай тэатральнай сферы ў сувязі са шматлікімі звальненнямі творцаў пасля 2020 года, праз цэнзуру і кантроль у культурным асяроддзі, тое, што робіць Карняг, застаецца тым нешматлікім свежым і небанальным.
Каментары