Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў
Траўма 2020-га адыходзіць у мінулае, а беларуская незалежная культура не можа выйсці са стагнацыі. Пра гэта сведчыць новае даследаванне Беларускай рады культуры.
12.12.2024 / 19:36
Фота: сацсеткі
Каб расказаць пра незалежную беларускую культуру ў 2024-м, даследчыкі сабралі інфармацыю з шэрагу экспертных інтэрв’ю і 50 анкет, якія запаўнялі прадстаўнікі культурніцкіх арганізацый.
Эксперты адзначаюць, што ў краіне амаль вычарпаная такая форма ціску, як юрыдычная ліквідацыя арганізацый у культуры: да сярэдзіны 2020-га зліквідавана 220 такіх арганізацый, а за 2024-ты — 19. На сёння ў Беларусі функцыянуе, па даных даследчыкаў, 266 культурніцкіх арганізацый.
За межамі краіны з’яўляецца больш культурніцкіх арганізацый, чым знікае. Але колькаснае павышэнне не роўнае якаснаму: шмат ініцыятыў цяпер на паўзе.
Аўтары працы характарызуюць агульную сітуацыю ў культуры як стагнацыю. Яны адзначаюць, што знізілася колькасць беларускіх масавых імпрэзаў, а таксама цікаўнасць беларускіх дыяспараў да культурніцкага жыцця.
Сфармаваўся выразны падзел сферы культуры на тых, хто працуе ў Беларусі, і тых, хто дзейнічае за межамі краіны. Гэты разрыў будзе толькі паглыбляцца, упэўненыя даследчыкі. Але пры гэтым абодва бакі кантактуюць паміж сабой.
Даследчыкі адзначаюць, што культурніцкія дзеячы адыходзяць ад траўматычных тэмаў, звязаных з палітычным крызісам 2020-га, і расце ўвага да забаўляльнага кантэнту. Ёсць крызіс ідэі галіновых культурніцкіх інстытутаў, нават у дачыненні адносна паспяховых структур — ПЭН, Беларуская рада культуры — захоўваецца недавер, неразуменне парадку і мэтаў. Дэклараваныя структурамі мэты і планы не адпавядалі іх магчымасцям, упэўненыя аўтары даследавання.
Нават культурніцкія арганізацыі, якія ідэйна працуюць з тэмай беларушчыны, усё часцей пераарыентоўваюцца на замежнага (лакальнага) спажыўца. Толькі 60% апытаных называюць Беларусь месцам, на якое накіравана іх дзейнасць.
У Беларусі тым часам расце культурніцкая актыўнасць, кажуць даследчыкі, нягледзячы на наступствы крызісу 2020 года. Асабліва гэта датычыць музыкі: падрасла новая генерацыя моладзі, некаторыя творцы засталіся ў Беларусі і спрабуюць «прарасці праз асфальт».
З іншага боку, гэты трэнд няўстойлівы. Магчыма, гаворка ідзе не пра рост у поўным сэнсе гэтага слова, а пра адраджэнне пасля 2020-га, калі культурніцкая сфера была зачышчаная.
Даследчыкі папрасілі апытаных ахарактарызаваць стан культурніцкага сектару — самымі папулярнымі адказамі былі словы «перасамавызначэнне» і «перазбор». Таксама рэспандэнты адзначалі крызіс сектару і пераход дзеячаў у падполле.
Ад сёння ў беларускіх кінатэатрах пачынаецца паказ «Чорнага замка» па Караткевічу
Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала