Расійскім тураператарам забаранілі прадаваць туры ў Абхазію
Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі забараніла расійскім тураператарам прадаваць арганізаваныя туры ў Абхазію, паведаміў выданню «Газета.ru» віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі тураператараў Расіі Артур Мурадзян. Прычынай такога рашэння сталі пратэсты абхазскага бізнэсу супраць інвестыцыйнага пагаднення з Расіяй.
13.12.2024 / 23:45
Пляж Белыя скалы ў Абхазіі
«Пакуль абхазы супраціўляюцца сцвярджэнню тых нормаў, якія прывялі да адстаўкі іх прэзідэнта, з абхазскім бізнэсам ідзе выхаваўчая праца — пазбаўленне турпатоку з Расіі, які быў асноўным артыкулам даходу рэспублікі», — растлумачыў Мурадзян.
На ягоную думку, забарона на продаж тураў працягнецца мінімум да канца 2024 года. Аднак турысты ўсё ж могуць самастойна наведваць Абхазію, набываючы квіткі і браніруючы жыллё.
Мурадзян таксама паведаміў, што пасля выбараў прэзідэнта Абхазіі і стабілізацыі палітычнага становішча забарона можа быць адмененая.
У сярэдзіне лістапада дакумент, які дазволіў бы расійскім кампаніям запускаць у працу інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі краіны, выклікаў пратэсты ў Сухумі. 15 лістапада апазіцыя захапіла будынкі парламента і адміністрацыі прэзідэнта — а ўлады адмянілі галасаванне па ратыфікацыі пагаднення.
19 лістапада праз крызіс прэзідэнт непрызнанай рэспублікі Аслан Бжанія пайшоў у адстаўку. Пасля таго Расія пачала шэраг крокаў эканамічнага ціску, якія маюць на мэце паказаць цалкам залежнай ад яе тэрыторыі яе месца.
Ва ўсёй Абхазіі знікла электрычнасць
У Абхазіі ноччу збіраюцца адключыць інтэрнэт для барацьбы з майнінгам
Расія забараніла ўвоз мандарынаў з Абхазіі
Парламент Абхазіі прагаласаваў супраць ратыфікацыі пагаднення з Расіяй