Былы афіцэр абяцаў хлопцам у калоніі, што вызваліць іх. Але новая рэальнасць Беларусі яго шакавала
Сяргей Коршун у 2020-м спадзяваўся, што армія ўстане з народам, і адміністраваў аднайменны канал. За гэта ён трапіў за краты на чатыры пакутлівыя гады. За кратамі ён не губляў веры. Але краіна, якой яна стала ў выніку рэпрэсій, яго шакавала.
16.12.2024 / 07:00
Сяргей Коршун. Фота: архіў суразмоўцы
Каб дапамагчы Сяргею ўладкавацца ў замежжы, «Байсол» адкрыў збор — паўдзельнічаць можна тут.
«Знаёмства з Ціханоўскім? Эйфарыя»
Сяргей Коршун родам з Мінска. У 90-я ён адслужыў у арміі, потым папрацаваў на «мірнай» спецыяльнасці і па рэкамендацыі знаёмых пайшоў служыць у міліцыю.
Пачынаў у патрульна-паставой службе, потым працаваў з эканамічнымі злачынствамі, урэшце вярнуўся да патрульна-паставой службы, але ў статусе афіцэра. Даслужыўся да чыну капітана. У тыя гады Сяргей скончыў БДЭУ — ён заўжды хацеў займацца эканомікай і пазней, пасля міліцыі, вярнуўся да працы ў гэтай спецыяльнасці.
Спачатку, успамінае мужчына, служба яму падабалася:
«Не было такога, што адбываецца ў міліцыі цяпер, для мяне гэта проста кашмар. Цяпер міліцыя выконвае зусім не ўласцівую ёй працу. Хаця не магу сказаць, што яна цяпер увогуле не працуе — недзе затрымліваюць людзей і раскрываюць злачынствы. Бандытаў на вуліцах, можа, і стала менш, але ж яны не зніклі зусім. Крымінал дагэтуль існуе, і нехта павінен займацца правапарушэннямі».
Але потым на суразмоўцу пачала ціснуць бюракратыя, што разрасталася ў сістэме, і гэта паўплывала на рашэнне Сяргея звольніцца. Справа, аднак, была не толькі ў гэтым:
«Я браў удзел [у падзеях на Плошчы] у 2010 годзе. Знаходзіўся ў рэзерве і назіраў за тым, як затрымлівалі людзей, якія нічога не рабілі, проста ішлі з сімволікай. Калі я гэта пабачыў, зразумеў — хопіць, мне тут не па дарозе.
Потым мяне шмат хто асуджаў і адгаворваў — маўляў, столькі часу ты прапрацаваў, табе засталося дзесяць гадоў да пенсіі. Але гэта было маё асабістае рашэнне, і я пра гэта не шкадую. Ды і ўвогуле на сёння не шкадую ні пра што».
У маі 2011-га Сяргей перабраўся на працу ў сферу гандлю. Там ён адчуў, што жывецца лягчэй: да яго пачалі ставіцца з павагай, не было начных званкоў па працы і ўвогуле лішніх турботаў — карацей, дазвалялі працаваць спакойна. Але ў 2019-м, згадвае беларус, на розных прадпрыемствах пачаліся скарачэнні, і ён трапіў пад адно з іх.
Атрымалася знайсці новую працу ў будаўнічай кампаніі, хоць і трохі горшую за ранейшую. І ў той час Сяргей пачаў больш цікавіцца палітыкай.
У сакавіку 2020-га ён пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім — блогер ладзіў стрым ля Палаца спорту ў Мінску:
«Гэта была эйфарыя — бачыў, як адзін чалавек аб’ядноўвае вакол сябе вельмі шмат людзей, тыя могуць спакойна выходзіць і выказвацца. Сярожа ладзіў адкрыты мікрафон, дзе кожны мог сказаць, што думае. І нават калі гэта не супадала з меркаваннем Сяргея Ціханоўскага, ён усё роўна мог яго выслухаць, не перабіваў.
З таго часу я пачаў за ім назіраць, камунікаваў з ім. Для мяне гэта быў чалавек з вялікай літары, і цяпер ён застаецца такім жа».
«Было чатыры машыны сілавікоў на мяне аднаго. Калі ехаў, думаў: вось я прэзідэнт!»
У наступныя месяцы Сяргей Коршун з паплечнікамі стварылі тэлеграм-канал «Армія з народам», каб прыцягнуць увагу былых і цяперашніх сілавікоў да падзей у краіне. Сяргей згадвае, што было два чаты — адкрыты чат на некалькі тысяч чалавек і закрыты, дзе было каля 20 чалавек. У гэты закрыты чат актывістаў трапіў чалавек, завербаваны губазікаўцамі.
У актывістаў былі меры канспірацыі, яны шмат разоў правяралі тых, каго дапускалі да працы, але гэта не выратавала ад з’яўлення даносчыка.
Пасля адной з сустрэч, дзе прысутнічаў і агент, Сяргея з паплечнікамі затрымалі — ён трапіў за краты 21 ліпеня 2020-га:
«Затрымлівалі пры падтрымцы САХРа — жорстка, хутка, але моцна не білі. Было чатыры машыны на аднаго мяне — дзве машыны САХРа і дзве машыны ГУБАЗіКа. Калі ехаў, думаў: вось я прэзідэнт, такі картэж на сябе сабраў, лепата!
Яны маглі б мяне выклікаць да сябе, і я б сам прыйшоў. Не адчуваў тады ніякай небяспекі, бо не рабіў нічога супрацьпраўнага, каб мяне так затрымліваць. Але яны палічылі інакш».
Пасля трох дзён на Акрэсціна Сяргей трапіў на Валадарку, дзе прабыў год. Сваім першым адчуваннем таго часу называе шок: здавалася, што яго арышт — непаразуменне, і хутка ва ўсім разбяруцца, бо насамрэч ён ні ў чым не вінаваты. Мужчына ўспамінае паслявыбарчую ноч 9 жніўня, калі вакол гучалі выбухі і было падобна, што ўжо хутка палітвязняў вызваляць.
Будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага. Фота: Радыё Свабода
Шэрыя будні за кратамі ператвараліся ў месяцы. У студзені 2021-га Сяргею памянялі артыкул на 293-ці — масавыя беспарадкі. Стала зразумела, што наступны этап — калонія. Для мужчыны гэта было моцным пераломным момантам.
За кратамі Сяргей пабачыў з іншага боку тую сістэму, якой аддаў перад гэтым дзесяць гадоў жыцця:
«Зразумеў, што сістэма паядае сама сябе, і ў выніку яна проста згніе. Раней там было адчуванне, што ты афіцэр, ты некаму патрэбны. Можна было з кімсьці сябраваць у сістэме, хадзіць у госці. А цяпер сілавікі баяцца адзін аднаго, жывуць ад змены да змены. А калі і кантактуюць адзін з адным, то ў вельмі вузкім коле, яны дэградуюць як людзі. І калі яны скончаць службу, яны або паспіваюцца, або недзе схаваюцца і будуць сядзець як неспакойныя шэрыя мышы.
Сістэма згніла, бо ў ёй табе не даюць самарэалізавацца. Прыходзіць малады лейтэнант — ён думае, што будзе прыносіць карысць, змагацца са злачыннасцю. З цягам часу ён разумее, што ўсё не так, і нібыта хоча сысці, але сістэма зрабіла яго сваім шрубкам, і ён не можа з яе выйсці — не хоча страціць тое, што дае сістэма, ды і прамыванне мазгоў уплывае».
«Мае сябры за кратамі чакаюць, што мы будзем іх вызваляць, але гаворка не пра саступкі рэжыму»
Сяргея адправілі ў ПК-3 — туды, на «Віцьбу», звычайна накіроўваюць былых сілавікоў. Ён згадвае калонію як месца, што нібыта застыла ў савецкіх часах: напрыклад, на прамзоне мужчына пабачыў станкі 60-х гадоў, на якіх пілуюць драўніну. Былі і брудныя распранальні з крывых дошак, і вялікія складанасці з гігіенай. Сяргей расказвае пра тры душавыя кабінкі, дзе за гадзіну-паўтары мусяць памыцца 150-200 чалавек.
Мужчына працаваў на дрэваапрацоўцы, і калі прыйшла зіма, пачаліся пакуты ад холаду — той цэх не ацяпляўся. Ён расказвае пра цікавую дэталь:
«Цяпер часам кажуць, што Беларусь — ІТ-краіна. Дык вось, у калоніі справаздачу вядуць на дошчачках. Падзяляюць яе на часткі, прывязваюць да яе аловак з гумкай і фіксуюць там колькасць людзей — колькі прыйшло, колькі пайшло і гэтак далей. Хіба нельга распрацаваць для гэтай сістэмы праграму, зрабіць адпаведны планшэт?»
Сяргей Коршун. Фота: архіў суразмоўцы
На «Віцьбе» Сяргей знайшоў спосаб перадаваць лісты на свабоду ў абыход цэнзара. Ён называе гэта сваёй барацьбой — за кратамі лісты для яго былі вельмі важныя настолькі, што Сяргей быў гатовы парушаць правілы і пад пагрозай пакарання шукаць спосабы перапіскі з сябрамі. Ён удакладняе: гаворка пра неабыякавых людзей, з якімі ён пазнаёміўся, калі тыя пачалі яму пісаць за краты з пачуцця салідарнасці.
Праз год, аднак, пра сакрэтную перапіску даведаліся — вынікам сталі 37 дзён у ШІЗА. Далей яму далі статус злоснага парушальніка, што моцна ўскладніла яго знаходжанне за кратамі.
Сяргей успамінае — мусіў неяк працягваць барацьбу, таму што інакш не мог сядзець спакойна:
«Я і цяпер адчуваю сябе не зусім камфортна, бо захрас у 2020-м. Не бачыў ужывую маршаў, усёй гэтай эйфарыі, толькі цяпер праглядаю тыя кадры на ютубе. Вельмі крыўдна, што яно прайшло міма мяне. Думаеш — можа, калі б я там быў, зрабіў бы нешта большае?
У лагеры я жыў 2020-м, той эйфарыяй барацьбы. Яна мне заўжды падказвала: «Сярожа, змагайся!» І мае сябры, якія і цяпер за кратамі, шчыра вераць, што барацьба працягваецца. Чакаюць, што мы будзем іх вызваляць, але гаворка не пра саступкі рэжыму. Неаднаразова бачылі, як рэжым нас падманвае, так што трэба не дамаўляцца з ім, а дзейнічаць больш жорстка і радыкальна».
«Праз тыдзень на волі зразумеў, што баюся глядзець на твары людзей»
Сяргею складана расказваць пра свой стан пасля калоніі. Ён кажа, што за кратамі адвык ад людзей і машын, таму на волі пачаў іх баяцца. Баяўся кожнага мікрааўтобуса з танаваннем — раптам гэта ГУБАЗ ці САХР, — баяўся ехаць на метро, бо там шмат людзей.
Надышоў час расчараванняў:
«Недзе праз тыдзень на волі зразумеў, што баюся глядзець на твары людзей. У лагеры верыў, што барацьба працягваецца, а ў мінскім метро бачу — ніякай барацьбы няма! Усе даўно забыліся на мяне і іншых хлопцаў, даўно жывуць сваім нармальным жыццём. Людзі сядзяць у рэстаранах, ходзяць на дыскатэкі і ў кінатэатры. Якая ім розніца да Сяргея Коршуна, Сяргея Ціханоўскага і астатніх хлопцаў, якія яшчэ там?
Магчыма, на Чарнобыльскі шлях яны яшчэ згадаюць, што былі такія дзецюкі, але не больш за тое. Але толькі адзінкі яшчэ спрабуюць нешта зрабіць, астатнія людзі апусцілі рукі. Для мяне гэта было першым расчараваннем: усё тое, у што я верыў у лагеры, разлятаецца, як картачны дом».
Сяргею прызначылі прэвентыўны нагляд. Акрамя мноства абмежаванняў, яго прымусілі штодзень хадзіць у міліцыю і адзначацца. Пачаліся і выдуманыя сілавікамі парушэнні рэжыму — Сяргей зразумеў, што яго гатовыя зноў закінуць за краты, і выехаў.
Сяргей Коршун. Фота: архіў суразмоўцы
Цяпер ён жыве ў Польшчы і плануе ладзіць ютуб-канал «Я не беглый», дзе думае расказваць, як жывуць беларусы замежжа. Ён кажа пра разрозненасць сярод беларусаў — маўляў, ёсць нешта агульнае, але і ў пратэсных чатах цяпер абмяркоўваюць надзённыя пытанні, а не спробы нешта змяніць у краіне.
Сяргей думае вярнуцца ў актывізм, яго цікавіць не толькі ютуб. Былога палітвязня турбуе, што, на яго думку, у дэмакратычных сілах цяпер гучаць галасы не ўсіх беларусаў, не хапае галасоў былых палітвязняў. Ніхто не разумее беларускія лагеры так, як тыя, хто там насамрэч быў, адзначае мужчына.
Перажыты боль не пакідае яго, як і памяць пра сяброў, якія ўсё яшчэ за кратамі:
«Чуў выказванне — вось бы ўсю Каардынацыйную раду памяняць на палітвязняў, каб рада пасядзела ў Беларусі, а палітвязні трапілі б сюды! Калі б прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пабылі там хаця б тыдзень, яны думалі б зусім па-іншаму. Яны разумеюць толькі тое, што мы расказваем, але іх там не было і яны не могуць зразумець, што там адбывалася. Хаця я рады, што іх там не было.
Напэўна, гэтую працу трэба рабіць не толькі з-за грошай, покліч да яе мусіць зыходзіць з сэрца, з глыбіні душы. Калі я выходзіў з лагера, я паабяцаў хлопцам, што вярнуся па іх. Яшчэ не ведаю, як я гэта зраблю, але я паабяцаў».
Каб дапамагчы Сяргею ўладкавацца ў замежжы, «Байсол» адкрыў збор — паўдзельнічаць можна тут.
«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ