Вайна2525

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Беларус Аляксандр Малчанаў вярнуўся дахаты ў Кіеў пасля васьмі гадоў на фронце. «Наша Ніва» запісала шчыры маналог экс-палітвязня і цяпер ужо былога ваяра пра вайну і мір.

Аляксандр Малчанаў, 2022 год. Фота: Alexandr Molchanov / Facebook

Аляксандр Малчанаў нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 года ў Барысаве. Быў сябрам руху «Зубр». Працаваў на Барысаўскім рамонтна-механічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ. У студзені 2011 года быў арыштаваны за тое, што падчас Плошчы-2010 сарваў дзяржаўныя сцягі з будынку КДБ, а таксама нанёс некалькі ўдараў па дзвярах Дома ўраду. Быў прысуджаны да 3 гадоў зняволення. Вызвалены па памілаванні ў верасні 2011 года.

Вясной 2012-га атрымаў 1,5 года зняволення за крадзеж металалому. Збіраючы металалом, ён прайшоў на тэрыторыю мясцовага заводу цяжкіх штамповак, якая не ахоўвалася. Калі пасля вызвалення сілавікі пачалі ціснуць за «парушэнне прэвентыўнага нагляду», з'ехаў ва Украіну, там і застаўся. 

«Былі ў Гастомелі, у сяле Машчун — там праходзіла вырашальная бітва, і наша рота прыняла ў ёй удзел»

Ужо пару тыдняў, як я ў Кіеве. Чаму вырашыў пакінуць УСУ? Ды проста стаміўся. Больш за восем гадоў правёў у арміі, хочацца нейкага іншага жыцця.

Трохі адстаў ад жыцця, столькі часу прыязджаў дахаты толькі як рэдкі госць. Канечне, прыязджаў сюды ў адпачынак, але гэта толькі раз на год. Дый тое, напрыклад, у 2022-м нам не далі адпачынку. А так ты заўжды або на фронце, або на палігонах ці недзе яшчэ, толькі не ў сябе дома. Людзі ходзяць, ствараюць сем’і, жывуць сваім жыццём, а ў арміі нават схадзіць у кавярню — вялікая падзея.

Цяпер я займаюся дакументамі і вырашаю розныя пытанні, якія не мог вырашыць у гэтыя восем гадоў.

Прыехаў на фронт яшчэ ў 2014-м, хацеў паваяваць. Потым падпісаў кантракт. Пасля вучэбкі трапіў у 12-ты батальён абароны Кіева, які ваяваў на Данбасе, потым ён увайшоў у 72-ю брыгаду, так і я там апынуўся, разам з імі прайшоў увесь шлях.

Да мяне ва ўкраінскую армію ўжо прыязджалі беларусы, але тады нас не было так шмат, як цяпер. Быў час, калі ў нашай роце было тры беларусы на 80 чалавек роты, у суседніх ротах яны таксама былі. Неяк нават служыў з хлопцам з майго горада, Барысава.

Ваяваў збольшага ў Данецкай вобласці, але быў і ў Луганскай. У 2022-м трохі паваявалі пад Кіевам. За дзень да ўварвання нас перакінулі на паўночны ўскраек Кіева, і а пятай ранку, як пачалося ўварванне, мы там займалі пазіцыі. Трапілі ў самае цікавае месца — пачалася сапраўдная мясарубка, наступ расіян на Кіеў. Былі ў Гастомелі, у сяле Машчун — там праходзіла вырашальная бітва, і наша рота прыняла ў ёй удзел. Пад Ірпенем трошкі паваявалі.

Некалькі тыдняў наш батальён дыслакаваўся ў Чарнобыльскай зоне, а потым мы паехалі ў Данецкую вобласць, пад [мястэчка] Нью-Ёрк. Там былі баі, але не надта ўражальныя. Потым нас перакінулі ў раён Бахмута — вось там сапраўды было вельмі цяжка.

У нас былі страты, нас пераправілі ў раён Вуглядара, дзе тады было адносна спакойна. Перад намі стаялі дээнэраўцы, як байцы яны слабыя. Цягам некалькіх месяцаў нічога сур’ёзнага не адбывалася — мы стралялі па іх, яны стралялі па нас. Потым туды перакінулі расійскую марскую пяхоту, гэта пасур’ёзней. Яны моцна абвастрылі сітуацыю: спачатку захапілі сяло Паўлаўка, потым палезлі на нашы пазіцыі.

У Вуглядары. Фота: Alexandr Molchanov / Facebook

У 2023-м мяне другі раз параніла, і мяне перавялі ў тылавую частку. Там аформіў сабе інваліднасць і ў хуткім часе звольніўся (Аляксандр быў паранены ў правае вока — НН).

«Расіяне забараняюць салдатам эвакуяваць параненых, калі гэта рызыкоўна, таму цяпер ёсць сотні відэа з суіцыдамі салдатаў»

Ці сумую па фронце? З аднаго боку, так, хочацца яшчэ паваяваць. З іншага, разумею, што трэба і адпачыць. Я цяпер прачынаюся і засынаю на сваёй канапе, у цеплыні і чысціні, заўжды маю магчымасць памыцца, у мяне заўсёды ёсць электрычнасць — гэта тое, чаго на фронце сапраўды не хапала ўсе восем гадоў. Для большасці людзей гэта простыя рэчы, але мяне яны цяпер моцна ўражваюць. Калі шмат часу пражыў у франтавых умовах і потым трапіў ва ўмовы звычайнага цывільнага чалавека, усё гэта выклікае захапленне.

Адзінае, што на фронце засталіся людзі, якіх я заўжды быў бы рады пабачыць. Толькі іх мне цяпер і не хапае. Гэта звычайныя людзі, тым больш цяпер шмат мабілізаваных, у мінулым гэта простыя мужыкі з мірнымі прафесіямі. Былі там дэпутаты мясцовых саветаў, чыноўнікі з невялікіх гарадкоў, айцішнікі, дробныя бізнэсмены. З намі служыў намеснік дырэктара адной сур’ёзнай замежнай фірмы, быў цяжка паранены. 

Калі армія яшчэ была цалкам кантрактная, там служылі тыя, хто прыйшоў у армію асэнсавана, хацелі ваяваць. У мяне засталося шмат такіх знаёмых, і калі нехта з іх сюды прыедзе, абавязкова знайду час сустрэцца, мы даўно з імі сябруем.

Сяброўства на вайне — гэта тое самае, што і ў звычайным жыцці: пазітыўная камунікацыя, узаемадапамога. Іншая рэч, што на фронце людзі часта жывуць у адным бліндажы і ходзяць на адну пазіцыю. У мірным жыцці, нават калі чалавек найцудоўнейшы і твой найлепшы сябар, цяжка знаходзіцца з ім блізка цягам некалькіх месяцаў ці гадоў, хочацца памяняць кампанію. 

Мне не хапала гэтага. Напрыклад, сёння я не жадаю ні з кім гутарыць, заўтра гатовы сустрэцца з адным чалавекам, паслязаўтра — з іншым. На фронце выбіраць нельга, ты заўжды з людзьмі. 

На вайне большасць людзей імкнуцца дапамагаць адно аднаму, бо калі ты адзін, ты не выжывеш. Калі сярод людзей ёсць узаемадапамога, такое падраздзяленне больш эфектыўнае і нясе менш стратаў. Трэба ведаць, што калі нешта здарыцца, чалавек цябе не кіне, вынесе цябе і дапаможа.

Ці бывае па-іншаму? Можа быць усё што заўгодна, але ў нашым падраздзяленні ніколі не было такога, каб нехта кінуў сваіх. Расіяне звычайна забараняюць сваім салдатам эвакуяваць сваіх параненых, калі гэта можа быць рызыкоўна для тых, хто эвакуюе. Таму цяпер ёсць сотні відэа з суіцыдамі параненых салдатаў, знятыя з дронаў. Насамрэч гэтых выпадкаў больш, на відэа толькі тыя суіцыды, дзе параненыя сябе падрываюць гранатамі ці страляюць у сябе.

Расіяне ставяцца да гэтага прагматычна — лепш няхай адзін сыдзе крывёю, затое чатыры чалавекі, якія маглі б яго выносіць, дакладна застануцца цэлыя і заб’юць больш украінцаў.

«Прачынаешся, а па табе бегаюць мышы і залязаюць пад адзенне»

На кожнага чалавека вайна ўплывае па-рознаму, усё залежыць ад характару і таго, наколькі псіхіка моцная. Не лічу, што я змяніўся ў горшы бок, напэўна, што і не маю посттраўматычнага разладу. Проста чалавек на вайне звыкаецца з цяжкасцямі, вучыцца іх пераадольваць.

Фота: Alexandr Molchanov / Facebook

Чытаю ў сеціве, як людзі скардзяцца, што ў іх з-за бамбардзіровак адключаюць святло на некалькі гадзін або што растуць цэны. Мне гэтыя праблемы падаюцца такімі смешнымі! На фронце святла ўвогуле няма, генератар заводзяць на пару гадзін, каб зарадзіць гаджэты. Недзе і генератараў няма: занёс на суседнюю пазіцыю паўэрбанк — і ўжо добра.

Людзі не думаюць, што пакуль для іх пару гадзін без святла — праблема, дзясяткі тысяч вайскоўцаў сядзяць увогуле без электрычнасці, у іх праблемы з інтэрнэтам. Часам, каб даслаць паведамленне ў тэлеграме, недзе бегаеш і шукаеш, каб лавіла сувязь. Гэта можа быць вельмі рызыкоўна для жыцця, бо цябе могуць заўважыць, і тады ў цябе нешта можа прыляцець. Мяне самога неяк заўважыў дрон, проста таму што я выйшаў на месца, дзе больш-менш была сувязь.

Шмат якія праблемы я цяпер увогуле не разглядаю сур’ёзна. Думаю, гэта плюс, бо маральна слабым людзям жывецца ў свеце цяжэй, чым моцным. Там, дзе чалавек са слабым характарам кіне справу, бо ў яго нешта не атрымліваецца, я, напэўна, здолеў бы дамагчыся выніку.

З тымі, хто ніколі не ваяваў, гутарыць пра вайну складана. Людзі маюць пра яе ўяўленне толькі з фільмаў, камп’ютарных гульняў, магчыма, з кніжак, а ў жыцці ўсё не так. Шмат хто думае, што на вайне толькі і свістаюць кулі, выбухаюць снарады і падаюць бомбы. Гэта сапраўды так, але гэта толькі 10% ад усяго часу на вайне.

Там сапраўды цяжкія і страшныя баі, людзі атрымліваюць раненні і робяцца калекамі, гінуць. Але астатняе — звычайныя побытавыя справы: добры ў цябе бліндаж ці дрэнны, колькі ў ім мышэй. Бывае, прачынаешся, а па табе бегаюць мышы і залязаюць пад адзенне. Гэта некаторых раздражняе, а мне толькі не падабаецца, што гэтыя мышы могуць цябе грызці — перажываў, што могуць перадаць якую-небудзь хваробу.

На новай пазіцыі ў цябе можа і не быць бліндажа. Хутка выкопваеш сабе яміну, кладзеш туды карэмат, залязаеш у спальнік, нечым закідваешся зверху і спіш так пры 15-градусным марозе. Калі фронт стабільны і ты доўга на пазіцыі, паступова твае ўмовы паляпшаюцца. А потым трапляеш на новае месца і мусіш абжывацца нанава.

Каб разумець вайну, трэба там пабываць. Можна шмат пра гэта казаць, але гэта ўсё не тое. Цывільныя часта ўяўляюць вайну больш страшнай, чым яна з’яўляецца, лічаць, што там нерэальна выжыць. Але ў падраздзяленні, дзе я служыў, цяпер служаць працэнтаў 60 ад тых хлопцаў, якія там былі ў пачатку поўнамаштабкі. І гэта пры тым што шмат хто перавёўся. Тых, хто загінуў ці быў паранены, не так і шмат, хаця кожнае жыццё важнае.

«Вайна — вельмі дарагая забава»

Некаторыя думаюць, што на вайне ваююць адмарожаныя забойцы, якія проста зарабляюць грошы. Ёсць людзі, якія самі не хацелі на фронт, атрымалі адтэрміноўку, але пры гэтым лічаць, што нам на фронце вельмі добра плоцяць. Калі ты лічыш, што я так шмат зарабляю, чаму сам не хочаш служыць?

Фота: Alexandr Molchanov / Facebook

Бывае, людзі фальсіфікуюць даведкі або бяруць фіктыўны шлюб з жанчынай з інваліднасцю, каб іх не забралі на фронт. Да іх я стаўлюся адназначна негатыўна. Такі ўхіліст падстаўляе ў першую чаргу свайго суседа або калегу па працы, які больш законапаслухмяны і не бегае ад арміі.

Ваенкамат спачатку забірае тых, хто не заняты на важных прафесіях і мае добрае здароўе. Але калі такіх недастаткова, забяруць чалавека з больш важнай прафесіяй ці з больш слабым здароўем, і замест здаравеннага лба, які набыў сабе даведку, пойдзе нехта слабейшы. На фронце ён будзе менш карысны як ваяр, бо такія людзі часам нават не могуць у спакойным тэмпе данесці да сваёй пазіцыі дзве скрыні патронаў. Той здаравяка ў першую чаргу быў патрэбны не супрацоўніку ваенкамата, а свайму суседу, які не можа бегаць.

Людзі ў Кіеве дагэтуль ходзяць у кавярні, рэстараны, клубы. Я не супраць, добра, што такія ўстановы дагэтуль працуюць. Проста гэта не нейкая вайна ў Афганістане ці Іраку, калі для ЗША не было прынцыпова важна, чым яна скончыцца. Сышлі амерыканцы з Афганістана, але ЗША па-ранейшаму цэлая краіна. А тут ідзе барацьба за само існаванне Украіны.

На вайну павінна працаваць усё грамадства. Не абавязкова ўсе мусяць ісці ваяваць, трэба больш збіраць рэсурсы. Падчас поўнамаштабнай вайны ўпарадкавалі шмат тэрыторыі ля майго дома — выклалі плітачкай, паклалі файны асфальт. З аднаго боку, гэта добра, але разумею, што жылі неяк і без плітачкі, так што можна было гэтыя грошы лепш накіраваць на снарады, зброю і тэхніку. 

Вайна — вельмі дарагая забава, для яе ніколі не будзе шмат грошай. Трэба ўкладаць вялікія грошы не ў інфраструктуру, якая не мае стратэгічнай важнасці, а ў тое, што трэба адпраўляць на фронт.

Па ўсёй Украіне такія гарады, якія жывуць звычайным жыццём. У Пакроўску вясной саджалі клумбы, рабілі добраўпарадкаванні. А цяпер фронт за 5 кіламетраў ад Пакроўска, штодзень туды прылятаюць снарады, жыхары адтуль з’язджаюць. Ці трэба было саджаць тыя клумбы? Можа, лепш было ўжо тады капаць акопы?

Рады, што цяпер магу проста хадзіць па горадзе, магу зайсці па ежу ў нейкую добрую кавярню. Пакуль толькі пачынаю асвойвацца тут і нікуды не спяшаюся. Маю файную пенсію, магу дазволіць сабе жыць і без працы. Планую вырашыць тут свае пытанні, наведаць знаёмых у Польшчы, магчыма, дабяруся да Літвы. А потым думаю шукаць працу ў Кіеве — напэўна, гэта будзе ў студзені. 

За восем гадоў страціў усе свае працоўныя навыкі, таму прыйдзецца вучыцца з нуля, чым бы ні заняўся. Цяпер шмат на якіх прадпрыемствах не хапае людзей, таму што багата мужчын мабілізаваныя, хаваюцца ці з’ехалі. Мне хапае грошай на жыццё, так што адзінае маё патрабаванне — каб на працы выконвалі ўсё тое, што належыць для інвалідаў.

Вучуся жыць мірным жыццём, і пакуль гэта не складана, хіба што потым нешта ўзнікне. Але не думаю пра такое — з добрым лягчэй звыкацца, чым з дрэнным.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары25

  • Петон
    07.12.2024
    Психически нормальный здоровый человек никогда не будет участвовать в войне добровольно. Война всегда будет притягивать нездоровых людей
  • НК
    07.12.2024
    Вельмі цікавае інтэрв'ю! Дзякуй, Аляксандр!
  • Фрыдрых
    07.12.2024
    Петон, што не даюць пакою смелыя і моцныя людзі? Гэта называецца Рэссэнтыментам. Ніцшэ называў рэссэнтымент "мараллю рабоў".

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах50

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Усе навіны →
Усе навіны

Мабільным аператарам забаранілі цішком падключаць платныя паслугі

Махляры ад імя мытні «прадаюць» праз Instagram канфіскат1

«Дыямент, тры разы вымыла праходы». Правадніца чыгункі прывяла ў захапленне пасажыраў5

Патрушаў заявіў­, што Украіна і Малдова могуць «спыніць існаванне», а перамовы па Украіне павінны весціся з ЗША без ЕС26

У Гродне здаюць у арэнду будынак былога выцвярэзніка2

У польскім фінале адбору на «Еўрабачанне» прагучыць песня на падляскай гаворцы4

Гэтая дзяўчына выйшла ў цэнтры Гродна з плакатам «Не вайне». Яна расказала, што перажыла пасля31

Прынцэса Уэльская Кэтрын паведаміла, што ў яе пачалася рэмісія1

Прэзідэнта Паўднёвай Карэі арыштавалі — хоць і не з першай спробы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах50

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Галоўнае
Усе навіны →