Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік

Віцебскія рэгіянальныя выданні звярнулі ўвагу, што адзін з затрыманых па справе пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску 13 снежня вонкава вельмі падобны да ўладальніка гэтага цэнтра Віктара Вялюгі. 

16.12.2024 / 20:20

На аператыўным відэа затрымання фігуруе чалавек у кайданках, апрануты ў тую ж вопратку, што і ўладальнік гэтага і іншых віцебскіх гандлёвых цэнтраў Віктар Вялюга падчас наведвання пажарышча.

Хоць сілавікі заблюрылі твар затрыманага, знешні выгляд астатняй часткі цела мужчыны таксама вельмі нагадвае Віктара Вялюгу. Відаць, акурат яго могуць рабіць галоўным падазраваным.

Праз дзень пасля пажару Віктар Вялюга каментаваў сітуацыю з ім, прыехаўшы на пажарышча:

«Здарылася вялікая бяда, адбылося ўзгаранне, прычыну будзе вызначаць ужо следства. Усе арандатары павінны супакоіцца, мы зробім усё неабходнае, каб людзі не засталіся без магчымасці працаваць. Камусьці будуць дадзеныя ў найбліжэйшы час месцы ў іншых гандлёвых цэнтрах», — казаў ён.

Паводле Вялюгі, у гандлёвым цэнтры будзе праводзіцца рамонт.

«Пасля рамонту, натуральна, усе змогуць вярнуцца на свае працоўныя месцы, — запэўніў ён. — Па матэрыяльных каштоўнасцях мы нейкім чынам будзем вырашаць, каб пайсці насустрач і зрабіць або наданне без арэнды памяшканняў, або кампенсаваць. Але гэта трэба ўсё глядзець».

Аднак жа кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты сёння ў Віцебску заявіў, што абгарэлы будынак гандлёвага цэнтра найхутчэй будуць не рамантаваць, а зносіць.

Як выглядае ўнутры гандлёвы цэнтр у Віцебску пасля пажару ФОТЫ

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску

Затрымалі падазраваных у парушэнні пажарнай бяспекі ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску

ГЦ «Беларусь» у Віцебску, дзе быў моцны пажар, падумваюць знесці

Што цяпер з пацярпелымі на пажары ў віцебскім гандлёвым цэнтры

Nashaniva.com