Грамадства22

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску

Сёння ў Віцебску адбыўся вялікі пажар у папулярным гандлёвым цэнтры, які не маглі патушыць на працягу некалькіх гадзін. У выніку пацярпела больш за дзясятак чалавек, а некаторыя знаходзяцца ў цяжкім стане.

Пажар у гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску. Фота: БелТА

Першапачаткова на месцы гандлёвага цэнтра размяшчаўся аднайменны кінатэатр «Беларусь». Ён быў пабудаваны ў 1972 годзе ў адным комплексе з суседнім 16-павярховым жылым домам. Пры будаўніцтве быў выкарыстаны той жа праект архітэктара Юрыя Шпіта, што і для кінатэатра «Партызан» на бульвары Талбухіна ў Мінску.

Кінатэатр «Беларусь» у Віцебску быў дакладнай копіяй сталічнага кінатэатра «Дом кіно» да перабудовы. 1979. Фота: «Старый Витебск»
Інтэр'ер кінатэатра. 1975. Фота: «Старый Витебск»

У той час Шпіт якраз удзельнічаў у праектаванні плошчы Перамогі, на якую выходзіць кінатэатр, і мемарыяльнага комплексу «Тры штыкі» на ёй. Зрэшты, ніводзін з кінатэатраў аўтарства Шпіта не захаваўся. У Мінску яго перабудавалі да непазнавальнасці ў «Дом кіно», у Віцебску — у гандлёвы цэнтр.

Кінатэатр «Беларусь» быў пабудаваны ў адным комплексе з суседнім 16-павярховым жылым домам. Фота: «Советский дизайн»

У свой час шырокафарматны кінатэатр «Беларусь» быў найбуйнейшым у Віцебску. Ягоная малая зала магла змясціць 145 гледачоў. 

Кінатэатр спыніў сваю дзейнасць у канцы 2006 года. У 2007 годзе яго пачалі перабудоўваць у гандлёва-забаўляльны цэнтр па праекце «Творчая майстэрня члена БСА Ільінова А.У.».

Андрэй Ільіноў знакавая фігура для архітэктуры Віцебска 2000-х гадоў, менавіта яму належыць аўтарства знакамітай шкляной піраміды над гандлёвым цэнтрам «Марка-Сіці» ў гістарычным цэнтры горада.

Будынак былога кінатэатра «Беларусь» падчас перабудовы ў гандлёвы цэнтр. 2007 год. Фота: vkurier.by

У гандлёва-забаўляльным цэнтры «Беларусь», які быў урачыста адкрыты ў кастрычніку 2009 года, мала што засталося ад кінатэатра. Толькі на планах можна заўважыць старыя сцены глядзельнай залы. Месца ў цэнтры горада, на скрыжаванні двух гарадскіх магістраляў, вуліц Леніна і Генерала Белабародава, бойкае, таму стаўку рабілі на максімальную выгаду, а не на прыгажосць.

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Беларусь». Фота: Яндэкс Карты

Вакол скрыні кінатэатра выраслі тры наземныя і адзін цокальны паверхі агульнай плошчай звыш 17 тысяч кв. метраў, запоўненыя крамамі і павільёнамі. Звонку і знутры цэнтр не ўяўляе ніякай архітэктурнай цікавасці, гэта тыпавы гандлёвік 2000-х гадоў з «армстронгам» на столях, квадратнай керамічнай пліткай на падлозе і белымі шклянымі перагародкамі паміж памяшканнямі. На фасадзе вылучаўся толькі цэнтральны ўваход, аформлены модным у той час люстраным каляровым шкленнем.

Аўтар праекта, Андрэй Ільіноў, памёр яшчэ ў 2012 годзе і не заспеў таго часу, калі ягоны праект маральна састарэў горш за любы савецкі кінатэатр.

Парадная лесвіца — адзіны напамін, які застаўся ад кінатэатра ўнутры гандлёвага цэнтра. Фота: mega.so
Тыповы выгляд радоў на кожным паверсе гандлёвага цэнтра. Фота: mega.so
Вялікая крама адзення на першым паверсе гандлёвага цэнтра. Фота: mega.so

Сёння гандлёвым цэнтрам «Беларусь» валодае адзін з найбагацейшых людзей горада Віктар Вялюга. Ягонай кампаніі «МегаЕўратэкс» належаць у Віцебску гандлёвыя цэнтры «Мега», «Мішэль», «Пасаж», «Еўропа», «Кантынент», культурна-забаўляльныя цэнтры «Энергія» і «Планета», турагенцтва «Планета турызму».

Віктар Вялюга, уласнік шматлікіх гандлёвых цэнтраў у Віцебску. Фота: vkurier.by

Некаторае ўяўленне пра планіроўку «Беларусі» даюць планы гандлёвага цэнтра на Яндэкс Картах. На кожным паверсе некалькі радоў невялікіх павільёнаў, таксама прынамсі па пяць лесвіц, па якіх людзі мусілі эвакуявацца ў час пажару.

План першага паверха гандлёвага цэнтра. Фота: Яндэкс Карты
План трэцяга паверха гандлёвага цэнтра. Значную частку паверха займае дзіцячы забаўляльны цэнтр BOOM. Фота: Яндэкс Карты

Таксама можна заўважыць, што значную частку верхняга 3-га паверха, больш за 1000 кв. м, займае дзіцячы забаўляльны цэнтр BOOM. Дзіцячы цэнтр працуе штодзённа з 10.00 да 20.00, а значыць каля 16:30, калі пачаўся пажар, яшчэ прымаў наведвальнікаў. 

Дзіцячы забаўляльны цэнтр BOOM на верхнім паверсе гандлёвага цэнтра. Фота: BOOM

На відэа, якія паступалі ў час пажару, адкрытае полымя бачна толькі на першым паверсе, у паўднёва-заходняй частцы будынка, дзе размяшчаліся крамы з адзеннем. Дакладная крыніца ўзгарання і колькасць ачагоў невядомыя. Усе паверхі гандлёвага цэнтра зацягнула густым чорным дымам ад пажару. 

Людзі, якія чакаюць эвакуацыі з памяшкання электраэпіляцыі на трэцім паверсе. Злева ад іх — лесвічная клетка. Скрыншот відэа
Фрагмент плана трэцяга паверха. Людзі высоўваліся ў вокны з памяшкання электраэпіляцыі. Фота: Яндэкс Карты

Трэці паверх, як можна меркаваць, аказаўся самым складаным для эвакуацыі людзей. Менавіта адтуль праз вокны эвакуявалі некаторых людзей з некалькіх гандлёвых павільёнаў. У іх не было магчымасці схавацца ад дыму, бо перагародкі не даходзяць нават да падвеснай столі.

Звяртае на сябе ўвагу, што частка гэтых людзей знаходзіліся ў памяшканні, дзе праводзілася электраэпіляцыя. За суседняй сценкай ад іх была лесвіца, але яны не змаглі з яе скарыстацца. Ці не таму, што ніжняя частка лесвіцы, якая выводзіла на вуліцу, была пераабсталяваная пад патрэбы нейкай невялікай установы? 

Выхад з лесвіцы вонкі, магчыма, быў прыстасаваны пад іншыя патрэбы. Фота: Яндэкс Карты

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Віцьба
    14.12.2024
    Ці пасадзяць гэтага прыкарытніка ?
  • Імя
    14.12.2024
    Прыгожы кінатэатр быў. Як некалі і менскі "Партызан", пакуль той не пераніцавалі на ўзор пластыкавага аграрэнесансу.

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, колькі афіцэраў у беларускае войска сёлета прызвалі з запасу1

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах1

Квіткі на цягнік з Мінска ў Калінінград за дзень падаражэлі ў 2-3 разы

Праз тры гады змагання за свае правы першай сям’і беларусаў у Грузіі канчаткова адмовілі ў прытулку8

У Ашмянскім раёне мужчына лінуў бензінам у печку, каб лепш гарэла1

ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-20261

Дачцэ Сяргея Далідовіча дазволілі выступаць на Кубку свету па біятлоне за каманду ўцекачоў з Беларусі

Парламент Грузіі прыняў закон аб забароне масак на пратэстах1

У футбольным сімулятары ад Раналду ёсць беларуская мова4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Галоўнае
Усе навіны →